Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Леанід Маракоў: “У 1937-м словы беларус і вораг народу былі сынонімы”


Валер Каліноўскі, Прага У аўторак госьцем Начной Свабоды быў гісторык і літаратар Леанід Маракоў – вядомы дасьледчык сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі, аўтар зборнікаў біяграфіяў, даведнікаў і энцыкляпэдыі рэпрэсіяў.

Каліноўскі: “Спадар Леанід, роўна 70 гадоў таму, 29 і 30 кастрычніка 1937 году, былі самыя крывавыя дні для беларускай літаратуры. У Менску ў турме НКВД сярод іншых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі былі расстраляныя 22 беларускія паэты і пісьменьнікі. Давайце згадаем іх імёны. Назавіце, калі ласка, гэтыя 22 імені ахвяр?

Маракоў: “Сапраўды 29 кастрычніка 1937 года, напэўна, у гонар 20-годзьдзя кастрычніцкага перавароту і дня Ленінскага камсамолу, у сталіцы Беларусі адбылася акцыя, аналягаў якой яшчэ ня ведала гісторыя чалавецтва. На працягу ночы ў сутарэньнях унутранай турмы НКВД, так званай “амэрыканкі”, былі расстраляныя паэты Алесь Дудар, Юрка Лявонны, Валеры Маракоў, Сяргей Мурзо, Зяма Півавараў, Міхась Чарот, Ізі Харык, Арон Юдэльсон, празаікі Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Васіль Сташэўскі, Платон Галавач, Майсей Кульбак, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Анатоль Вольны, літаратурныя крытыкі Саламон Левін, Пятро Хатулёў, Макар Шалай, Якаў Бранштэйн, журналісты Павел Шастакоў, Віктар Вайноў, крытык і публіцыст Хацкель Дунец, дзяржаўны дзеяч, пэдагог і публіцыст Язэп Каранеўскі. Здаецца нікога з літаратараў не забыў”.

Каліноўскі: “Ці ўсе яны рэабілітаваныя?”

Маракоў: “Так, рэабілітаваныя, але як гэта разумелі і разумеюць нашы чыноўнікі. А гэта значыць выдалі сваякам расстраляных ці закатаваных у турмах і лягерах ліст таннай паперы з кепска чытэльным тэкстам, у якім галоўнымі былі чатыры словы: “Прысуд ваеннай калегіі адмяняецца”. І ўсё. Ні слова прабачэньняў, пакаяньняў за забітых брата, бацьку, дзеда, маці, сына. Ні слова пра кампэнсацыі за канфіскаваную маёмасьць, катаваньні, голад, страх, гвалт. Не! Сапраўднай рэабілітацыі не было. За сапраўдную рэабілітацыю нам яшчэ трэба будзе, лічу, змагацца…”

Каліноўскі: “Сярод расстраляных 70 год таму быў малады паэт, ваш дзядзька Валеры Маракоў. Пра што ён пісаў, чым не дагадзіў савецкай уладзе?”

Баяўся Сталін лепшых, адукаваных, як ён казаў, “мыслящих”.

Маракоў: “Пісаў пра каханьне, любоў да радзімы, да яе гісторыі. Не аднойчы начаваў у Янкі Купалы, які клікаў яго мякка “Валік” і, паводле ўспамінаў паэтаў Сяргея Грахоўскага, Станіслава Шушкевіча, Максіма Лужаніна, Паўла Пруднікава ды іншых, лічыў сваім лепшым вучнем. Як лепшы, Валер і быў расстраляны. Баяўся Сталін лепшых, адукаваных, як ён казаў, “мыслящих”.

Каліноўскі: “Былі яшчэ ў вашай сям''і ахвяры рэпрэсіяў апрача дзядзькі Валерыя Маракова?

Маракоў: “У 1935 схапілі дзеда, старшыню царкоўнага савету Мікалаеўскай царквы ў Козарыве, цяпер гэта раён Велікаморскай вуліцы. Схапілі і асудзілі да 5 гадоў канцлягераў, але дадому ён вярнуўся толькі праз трынаццаць гадоў. Вярнуўся ў канцы 1940-х, але апошні раз у КДБ быў выкліканы ў 1960-м, у 80 гадоў. У 1937-м энкавэдысты падазроных і ў 80 гадоў расстрэльвалі, у 1960-м, ужо толькі выклікалі. Прагрэс”.

Каліноўскі: “Цягам усёй восені Радыё Свабода згадвае імёны ахвяраў сталінізму. Усіх назваць немагчыма, прозьвішчы адбіраюцца мэтадам выпадковай выбаркі – з усіх сацыяльных слаёў. Сярод іншых мы падрыхтавалі невялікую перадачу і пра аднаго зь літаратараў, расстраляных роўна 70 год таму, Анатоля Вольнага. Што страціла беларуская літаратура разам з Анатолем Вольным?”

Маракоў: “Анатоля Вольнага называлі майстрам контррэвалюцыйных анэкдотаў. Таленавіты літаратар, драматург, паэт. Але я б не выдзяляў яго асобна. Усе яны, маладыя хлопцы, што пачыналі падчас беларусізацыі 1920-х гадоў, мелі свой стыль, характар. Ціхі, інтэлектуальны Юлі Таўбін і актыўны, чалавек-рух Алесь Дудар. Прыгажуны-лірыкі Валеры Маракоў і Тодар Кляшторны, а майстар слова Міхась Зарэцкі!… Сотні імёнаў узышло ўсяго за якіх пяць гадоў… Ці было такое яшчэ ў якой краіне?”

Каліноўскі: “29 кастрычніка ў дзень заснаваньня камсамолу быў расстраляны і былы кіраўнік беларускага камсамолу Платон Галавач. Ці быў гэты чалавек неяк неляяльным савецкім уладам?”

Маракоў: “У 1937 годзе словы беларус і вораг народу былі амаль сынонімы. А Платон быў беларус, з Бабруйшчыны. Ды яшчэ пісаў па-беларуску – адназначна вораг, расстраляць. Гэткія нюансы, як ляяльны, неляяльны ўвогуле не разглядаліся. Разглядалася адно: расстраляць ці на катарзе згнаіць”.

Каліноўскі: “Большасьць рэпрэсаваных літаратараў былі ляяльнымі да учынкаў Савецкай улады. Міхась Чарот напісаў некалі, маючы на ўвазе рэпрэсіі супраць ворагаў народу, "Пад прыгаворам падпісваючыся першым". А потым арыштавалі і рэпрэсавалі яго самога. Гэта выпадкова ці так было з многімі?”

Міхась Чарот: партыя ведае больш за нас

Маракоў: “Было, на жаль, з многімі. Думалі бальшавіцкімі радкамі адаб’юцца ад бальшавікоў. Не адбіліся. Можа ім трэба было адбівацца па-расейску? Нядаўна, можа ўсяго зь месяц таму, знайшоў зьвесткі, як катавалі Андрэя Александровіча…У кнігу “Ахвяры і карнікі” гэта не пасьпела ўвайсьці. Раней жа быў упэўнены, што Александровіча ў турме не чапалі. Бо нават у канцлягеры ён казаў, што ўсё робіцца правільна, бо партыя ведае больш за нас…”

Каліноўскі: “А ці былі неляяльныя сярод рэпрэсаваных, ці былі тыя, хто неяк пратэставаў? Ці быў у іх нейкі ўнутраны супраціў супраць рэпрэсіяў, калектывізацыі?”

Маракоў: “Ведаеце, дзядзька, нават асьмеліўся і набыў у знаёмага вайскоўца наган. Потым зьехаў зь Менску ў Бабруйск, уладкаваўся настаўнікам, думаў схаваўся. І вось вакацыі. Ня вытрымаў, паехаў да бацькоў у Менск. Наган ня ўзяў, думаў вакацыі, кастрычніцкае сьвята, наўрад ці будуць арыштоўваць. А для энкэвэдыстаў тыя сьвяты былі самымі працоўнымі днямі…”

Каліноўскі: “Спадар Леанід, ці знаходзіць тэма рэпрэсіяў адлюстраваньне і ў вашай мастацкай прозе?

Маракоў: “Разам з “Ахвярамі і карнікамі” выйшлі і “Непамяркоўныя”. Першы ў гісторыі Беларусі зборнік мастацкіх твораў пра рэпрэсаваных. Рэпрэсаваных, але ня зломленых. “Непамяркоўныя” – гэта раман у навэлах. Лёгка-чытэльныя тэксты з дынамічнымі сюжэтамі і нечаканымі фіналамі. Ёсьць сярод герояў і ўжо згаданы Платон Галавач, і Янка Купала, і Тодар Кляшторны, і яшчэ многія і многія з тых крывавых 1930-х гадоў. Але непамяркоўныя клічуць не да маўчаньня, а да змаганьня. Непамяркоўныя – гэта беларусы будучыні”.

Калі б першы прэзыдэнт Беларусі пастаяў хвіліну над курапацкім крыжам…

Каліноўскі: “Сёньня ў Расі адзначаюць дзень памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, месца катаваньняў у падмаскоўным Бутаве наведаў прэзыдэнт Пуцін, ён жа прыняў удзел у памінальнай імшы па рэпрэсаваных. Ці можаце вы ўявіць, што дзейны кіраўнік Беларусі прыйшоў у Курапаты ўшанаваць памяць там закатаваных?”

Маракоў: “Уявіць ўсё можна, але не прыйшоў кіраўнік Беларусі дарэмна. І тут я думаю, вінаваты ня ён, а яго памочнікі. Калі б першы прэзыдэнт Беларусі пастаяў хвіліну над курапацкім крыжам, зь ім бы нічога ня здарылася, а вось рэйтынг бы ягоны ўзьляцеў… А ўвогуле, кожны вырашае сам, кім ён у гісторыі для нашчадкаў застанецца…”

Каліноўскі: “У чым, на вашую думку, прычына, што сучасныя беларускія ўлады дагэтуль ня хочуць прызнаваць сапраўдны маштаб рэпрэсіяў?”

Маракоў: “Пра сапраўдны маштаб, думаю, яны ведаюць ня горш за нас з вамі, але прызнаваць… Можа, у іх няма часу гэткімі дробязямі займацца…”

Каліноўскі: “ Нядаўна адбылася прэзэнтацыя вашай новай кнігі “Ахвяры і каты”, дзе, акрамя імёнаў загінулых, называюцца прозьвішчы тых, хто непасрэдна зьнішчаў абвінавачаных у антысаветызьме ды нацыяналізьме. Спадар Леанід, што ў вас цяпер на працоўным стале? Якія новыя кнігі вы рыхтуеце?”

Маракоў: “Рыхтую том “Рэпрэсаваныя мэдыкі”. 1500 біяграфіяў. Таксама новы зборнік прозы, дэтэктыўна-гістарычнай прозы. Паралельна пачаў складаць кнігу “Беларусы ў расейскіх канцлягерах”. Працы столькі, што і ў бальніцу няма калі легчы, зьбітыя калісьці ў дзюдо ногі падлячыць. Стаміўся страшэнна… Але што зробіш… Трэба працаваць. Нам усім трэба працаваць…”

Леанід Маракоў нарадзіўся ў 1958 годзе ў Менску. Скончыў Менскі радыётэхнічны інстытут, вучыўся там жа ў асьпірантуры. Працаваў на заводзе вылічальных машын, потым у Акадэміі навук, займаўся бізнэсам. Тэмай рэпрэсаваных пачаў цікавіцца ў 1996 годзе, калі даведаўся пра трагічны лёс свайго дзядзькі, забітага бальшавіцкай уладай паэта Валер’я Маракова. Пасьля гэтага звольніўся з працы і стаў зьбіраць зьвесткі пра дзядзьку. Гэта вылілася ў кнігу “Валеры Маракоў. Лёс. Хроніка. Кантэкст”. Асабіста-сямейная гісторыя перарасла ў прафэсійнае зацікаўленьне. Напісаў біяграфіі некалькіх тысячаў літаратараў, навукоўцаў, грамадзкіх дзеячаў і палітыкаў Беларусі, рэпрэсаваных у 1794-1991 гадах. Гэтыя зьвесткі ўжо склалі восем тамоў энцыкляпэдычнага даведніка. А ўсяго Леанід Маракоў плянуе выдаць пятнаццаць. Ляўрэат літаратурнай прэміі імя Францішка Багушэвіча за 2006 год, якую прысуджае Беларускі ПЭН-цэнтар. Апроч дакумэнтальнай піша і мастацкую прозу.


• Леанід Маракоў на онлайн-канфэрэнцыі: "Баялася Масква таленавітых беларусаў. І, здаецца, цяпер баіцца", 31.10.2007
XS
SM
MD
LG