Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ня хочуць гаварыць аб правах чалавека?


Алесь Дашчынскі, Менск Працягваецца візыт у Беларусь прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Сугайр Бэльхасэн. Яна пажадала сустрэцца з прадстаўнікамі чатырох міністэрстваў — юстыцыі, інфармацыі, замежных і ўнутраных справаў. Як рэагуюць улады на гэты візыт?

Візыт Сугайр Бэльхасэн пачаўся 28 кастрычніка, аднак пакуль улады не далі згоды на сустрэчы. Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў сказаў:

“Мы ведаем пра гэты візыт. Просьба пра сустрэчу ў МЗС сапраўды накіроўвалася на наш адрас. Цяпер гэтая просьба вывучаецца. Ці адбудзецца гэтая сустрэча, будзе залежаць ад працоўнага графіку пэўных супрацоўнікаў і кіраўнікоў міністэрства”.

Як ставяцца ў МЗС да таго, што запытаныя сустрэчы пакуль не адбыліся і ў іншых міністэрствах?

“Я наагул не лічу, што гэта сьведчаньне нейкага нежаданьня. Сытуацыя даволі тыповая. З рознымі візытамі ў Беларусі знаходзіцца многа прадстаўнікоў самых розных замежных структураў. Нармальная, цывілізаваная практыка: калі просьба дасылаецца, мы яе вывучаем”.

Памочнік міністра інфармацыі Віктар Казлоў сказаў:

“Ну як мы можам рэагаваць на візыт? Ну, прыехала і прыехала, калі ласка. Магчыма, у яе ёсьць нейкія справы й інтарэсы. Наколькі я ведаю, яна падтрымлівае сувязі зь нейкай пакуль яшчэ не зарэгістраванай арганізацыяй. Ну, на здароўе”.

Карэспандэнт: “Дык ці адбудуцца сустрэчы ў Міністэрстве інфармацыі?”

“У нас такія сустрэчы не заплянаваныя. З адной прычыны, што ў кіраўніцтва ёсьць раней прынятыя на сябе абавязаньні. У іхным звароце да міністэрства напісана, што яны хацелі б абмеркаваць з намі пытаньні правоў чалавека. Мы ня бачым тэмы для размоваў. Гэта ня тое ведамства”.

У прэсавай службе Міністэрства юстыцыі сказалі, што ў Мін’юсьце сустрэчаў не плянуецца — маўляў, трэба зьвяртацца ў МЗС.

Сёньня Сугайр Бэльхасэн гутарыла з кіраўніцтвам офісу АБСЭ ў Менску. Яна выказала асаблівую занепакоенасьць трыма справамі: Андрэя Клімава, Артура Фінькевіча і Зьмітра Дашкевіча.

Паводле праваабаронцаў, прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў і амбасадаў мусяць дамагацца сваёй прысутнасьці на новых судовых працэсах Артура Фінькевіча і Зьмітра Дашкевіча.

Таксама Сугайр Бэльхасэн сустрэлася з былым адвакатам Аляксандра Казуліна Ігарам Рынкевічам і зь іншымі прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў.

Спадарыня Бэльхасэн кажа, што праца праваабаронцаў у Беларусі вельмі важная і яна дае надзею:

“Для нас Беларусь, нягледзячы на яе становішча, ня ёсьць нейкай ізаляванай краінай, а часткай Эўропы. Я ня ведаю, колькі часу спатрэбіцца на тое, каб тут усталявалася дэмакратыя. Але, я думаю, што яна усталюецца. Бо ёсьць усе складнікі для таго, каб гэта аднойчы адбылося”.

Паводле Сугайр Бэльхасэн, сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі найбольш складаная ў рэгіёне. Мэта яе місіі — падтрымаць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі й вывучыць умовы ўтрыманьня пад вартай і выпадкі жорсткага абыходжаньня ў зьняволеньні.

• Сугайр Бэльхасэн сустрэлася з гарадзенскімі актывістамі, 30.10.2007

• Ці могуць візыты міжнародных праваабаронцаў палепшыць права ў Беларусі?, 30.10.2007

• С.Бэльхасэн прыехала падтрымаць грамадзянскую супольнасьць Беларусі, 29.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG