Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дзеяслову” – 5 гадоў


Іна Студзінская, Менск “Выданьне, адкрытае для ўсіх” – так прэзэнтуе сябе літаратурна-мастацкі часопіс “Дзеяслоў”. 30 кастрычніка ў Менску адбылася юбілейная вечарына, прысьвечаная пяцігодзьдзю “Дзеяслова”. На ёй адбылося і ўганараваньне ляўрэатаў прэміі “Залаты апостраф” ў галіне прозы, паэзіі, а таксама ўручаная прэмія імя Анатоля Сыса “Дэбют”.

Дзеяслоў – дзея слова, падзея, надзея, І душа маладзее, і голас цьвярдзее, Гэта кліч, што паходняй у цемры ўспыхнуў, Дзеяслоўная рыфма – выдатная рыфма!

Гэтаму вершу “Дзеяслоў” ляўрэата Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы паэта Васіля Зуёнка не 5 гадоў, як часопісу “Дзеяслоў”, а больш за 25, а як актуальны ён і сёньня!

Літаратурна-мастацкі часопіс “Дзеяслоў” пачаў выходзіць ў 2002 годзе, калі дзяржава стварыла літаратурны холдынг. Многія беларускія пісьменьнікі тады заявілі, што ня будуць супрацоўнічаць з выданьнямі, якія дзяржава ўзяла пад сваю апеку і цэнзуру. З кастычніка 2002 года выйшла ўжо 30 нумароў “Дзеяслова”. Гэта пры тым, што ў складзе рэдакцыі ўсяго пяць чалавек.



Распавядае галоўны рэдактар “Дзеяслова” Барыс Пятровіч:

“Пяць гадоў таму, калі мы стваралі часопіс, нават самыя вялікія аптымісты ня верылі, што мы столькі праіснуём. Ніхто ня верыў, што мы зможам выжыць, але мы засталіся. Пяць гадоў суцэльнага экстрыму, пяць гадоў на лязе нажа. Разам з тым, мы змаглі выпусьціць трыццаць нумароў “Дзеяслова”, пяць кніг у бібліятэчцы часопіса, надрукаваць сотні аўтараў, правесьці мноства сустрэч з чытачамі па ўсіх кутках Беларусі. “Дзеяслоў” – гэта спадчына нашых літаратараў, якіх з намі няма, і найперш Васіля Быкава. У юбілейным, 30-м нумары мы таксама друкуем яго невядомае апавяданьне, на жаль, незавершанае. А яшчэ больш за 50 дэбютантаў, гэта наша будучыня. У іх быў выбар, альтэрнатыва, але яны выбралі “Дзеяслоў”.

Павіншаваць “Дзеяслоў” з днём народзінаў прыйшлі дыпляматы, якія перакладаюць беларускіх пісьменьнікаў на свае родныя мовы. Кіраўнік аддзяленьня пасольства Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан прызнаўся:

“Я ведаю, што ёсьць людзі, якія лічаць, што на беларускай мове нельга выказаць глыбокіх пачуцьцяў і думак, пісаць выбітныя вершы. Мне падаецца, што часопіс “Дзеяслоў” акурат даказвае адваротнае. Асабіста я апошнім часам думаю пра тое, каб кінуць дыпляматычную працу і заняцца перакладамі зь беларускай мовы на швэдзкую”, – адзначыў Стэфан Эрыксан.

У амбасадара Дзяржавы Ізраіль ў Беларусі Зэева Бэн-Ар’е сёньня таксама дзень народзінаў, але ён прыйшоў павіншаваць літаратараў і чытачоў. І падараваў ізраільскі часопіс “Дах”:



“Тут надрукаваны першы пераклад Васіля Быкава на іўрыт -- апавяданьне “Бедныя людзі”. Немалая заслуга ў гэтай публікацыі належыць і вашаму шаноўнаму часопісу. Чытаючы “Дзеяслоў”, я яшчэ глыбей зразумеў творчасьць Васіля Быкава, і мне захацелася перакласьці яго на іўрыт. Таму што пасол – гэта так, хобі, а ў душы я літаратурны перакладчык”.

Цёпла віталі “Дзеяслоў” Вольга Іпатава, Сяргей Законьнікаў, Віктар Казько, Леанід Дранько-Майсюк, Уладзімер Някляеў, на вечарыне сьпявалі Эдуард Акулін, Андрэй Мельнікаў, Зьміцер Вайцюшкевіч, які прасьпяваў жартаўлівую песьню “Мірныя людзі” на верш Андрэя Хадановіча, “Дарогу” на верш Уладзімера Някляева.

На вечарыне шанавалі ляўрэатаў прэміі “Дзеяслова” “Залаты апостраф”. У кожнай намінацыі былі па 3 прэтэндэнты. У прозе спаборнічалі Кастусь Тарасаў, Вольга Іпатава і Павал Ляхновіч. Ляўрэаткай стала Вольга Іпатава за аповесьць “Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба”.



У намінацыі “паэзія” на “залаты апостраф” былі прадстаўленыя Андрэй Адамовіч, Вальжына Морт і Рыгор Сітніца. “Залаты апостраф” атрымаў Рыгор Сітніца.



У намінацыі “За лепшы дэбют у 2006 годзе” імя Анатоля Сыса былі прадстаўленыя Юрка Буйнюк, Віталь Воранаў і Лізавета Дамініка Панамарова. За нізку вершаў “Крылы” прэмію “Залаты апостраф” атрымала Лізавета Дамініка Панамарова.

XS
SM
MD
LG