Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званок на Свабоду: “Не даюць беларусам абурыцца сваім зацюканым жыцьцём”


Радыё Свабода Агляд вашых тэлефанаваньняў — 31 кастрычніка, серада. Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”. Вас чакаюць кнігі “Бібліятэкі Свабоды” з подпісамі аўтараў. Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

Спадарыня: “Сёлета спаўняецца 65 гадоў ад ліквідацыі гета ў нашых гарадах, а дзяржава ня згадвае ні герояў, ні пакутнікаў гета”.

Слухачцы адказвае старшыня Зьвязу беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і абшчынаў Леанід Левін:

Левін: “Месяцаў пяць таму мы зьвярнуліся да ўраду з просьбай, каб гэтая дата была адзначаная на высокім грамадзкім узроўні. Ужо стварылі ўрадавую камісію, куды ўвайшлі намесьнікі міністраў зацікаўленых міністэрстваў.

Цяпер рыхтуецца вялікая праграма: усталяваньне некалькіх помнікаў на габрэйскіх могілках, плянуем канчаткова вырашыць пытаньне са стварэньнем у Беларусі музэю Галакосту, будуць урачыстае паседжаньне і сустрэчы, будзе шэсьце па вуліцах былога гета”.

Спадар, Рэчыца: “Быў я на пошце, і там выступала адна жанчына, і яна казала: “Усе дрэнныя нацыі, усе дрэнныя народы. І я б узяла і ўсіх згнаіла — гэтых беларусаў, гэтых эстонцаў, украінцаў… Пастраляла б без аніякіх згрызотаў сумленьня”. І вось тады ў мяне ўзьнікае такое пытаньне: як да іх ставіцца, як ня быць нацыяналістам, калі яны вінавацяць усіх людзей, тых эстонцаў, грузінаў, украінцаў, пры тым, што самі так робяць і гавораць?”

Выказваньні слухача камэнтуе выкладчык філязофіі Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту Аляксей Бацюкоў:

Бацюкоў: “Да такіх людзей трэба ставіцца як да хворых. Гэтая хвароба ўласьцівая для тых народаў, якія вельмі шмат патрабуюць ад іншых. Гэтая хвароба вельмі часта распаўсюджваецца ў тых выпадках, калі нацыя не задаволеная сабой. Так што, калі мы будзем ненавідзець іх, як яны нас, мы станем у адзін шэраг.

А трэба паказваць сваёй духоўнай разьвітасьцю той просты факт, што мы вышэйшыя за іхнае сьветаўспрыманьне, што нашае сьветаўспрыманьне больш талерантнае і якаснае”.

Сацыяльны марш пачнецца апоўдні 4 лістапада каля Акадэміі навук. Менгарвыканкам не дазволіў арганізатарам шэсьця ад Кастрычніцкай плошчы сталіцы да будынку Нацыянальнай бібліятэкі. Гарадзкія ўлады прапанавалі іншы маршрут — ад пляцоўкі перад прэзыдыюмам Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі да плошчы Бангалор.

Спадар, Барысаў: “Адмену Сацыяльнага маршу намесьнік галавы адміністрацыі спадарыня Пяткевіч камэнтавала так: “Нам патрэбныя рэальныя справы, а ня мітынгі ды маршы”. Не дае беларусам абурыцца сваім зацюканым жыцьцём і адвесьці з душы балячку. Але кепска тое, што, відаць па ўсім, беларусы будуць маўчаць.

Можа, я памылюся. Нам патрэбна перажыць ня менш аднаго-двух пакаленьняў, каб вызваліцца ад страху перад рэжымам, набыць сілу волі й мужнасьць. Дай Божа, каб сіла гэтага духу прыйшла да беларусаў як мага хутчэй. Тады будзем свабоднымі”.

Хведар: “Згодна са зьвесткамі, 70% беларускіх пэнсіянэраў працягваюць працаваць. Большасьць зь непрацоўных пэнсіянэраў зьбіраюць бутэлькі, але гэта ім ня надта дапамагае. У савецкі час здаў бутэльку і купіў бохан хлеба. Цяпер, каб купіць бохан хлеба, патрэбна здаць цэлую скрыню гэтых бутэлек — 20 штук.

Як бачым, іхны кумір вярнуў ім толькі сьцяг ды савецкія сьвяты. Ён нават ня можа належна ўпарадкаваць прыёмныя пункты шклотары, дзе бізнэсоўцы нахабна выстаўляюць кожны сваю цану за знойдзеную пэнсіянэрам бутэльку. Шкада гэтых людзей. Але ж дзякуючы ім наш прэзыдэнт стаў прэзыдэнтам. Некаторыя яго і цяпер падтрымліваюць. Гаворачы "вялікай і магутнай" мовай, “за что боролись, на то и напоролись”. Вельмі актуальныя словы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG