Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Смаленская Дума думае пра Беларусь


Іна Студзінская, Менск У Смаленскую абласную Думу зьвярнуліся прадстаўнікі Ўпраўленьня ўнутраных справаў вобласьці з просьбай удасканаліць заканадаўства. Праваахоўныя органы Смаленшчыны занепакоеныя ростам колькасьці правапарушэньняў, якія робяць беларускія грамадзяне, у асноўным жыхары памежнай Віцебшчыны, і якія потым уцякаюць ад адказнасьці з тэрыторыі Расеі.

Паводле інфармацыі Ўпраўленьня ўнутраных справаў Смаленскай вобласьці, з пачатку году ў рэгіёне зарэгістравана 25559 адміністрацыйных правапарушэньняў, якія ўчынілі замежныя грамадзяне. Зь іх 25103 учынілі беларусы, у асноўным жыхары памежнай Віцебскай вобласьці. Распавядае журналіст смаленскай абласной газэты “Рабочий путь” Дзьмітрый Раічаў:

“Упраўленьне ўнутраных справаў выдзеліла ў асобную катэгорыю менавіта беларусаў і зьвярнулася ў абласную Думу. Гэта афіцыйны дакумэнт, які быў унесены на разгляд Смаленскай абласной Думы Ўпраўленьнем унутраных спраў. А абласная Дума, у сваю чаргу, зьвернецца ў Дзяржаўную Думу, каб паміж Расеяй і Беларусьсю была падпісана міжнародная дамова, якой прадугледжвалася б распаўсюдзіць адказнасьць за адміністрацыйныя правапарушэньні, учыненыя ў Расеі, і на тэрыторыю Беларусі”.

Найчасьцей беларусы парушаюць правілы дарожнага руху, правілы гандлю (прадаюць харчовыя тавары “зь зямлі”), зьдзяйсьняюць дробнае хуліганства, брыдкасловяць у грамадзкіх месцах у нецьвярозым стане. Бываюць і крадзяжы, рабаўніцтва. У асноўным парушальнікаў закону суды штрафуюць, аднак так званыя “гастралёры” штрафы ня плацяць. З прысуджаных амаль 2,5 мільёнаў расейскіх рублёў сплацілі толькі 514 тысяч, паведамляе смаленская газэта “Рабочий путь”. Празрыстая мяжа паміж дзяржавамі дазваляе парушальнікам закону езьдзіць без праблем. І кожны асуджаны расейскім судом беларускі грамадзянін можа лёгка згубіцца. Смаленская міліцыя зьвярнулася ў абласную Думу з хадайніцтвам удасканаліць заканадаўства.

Супрацоўнік прэсавай службы Віцебскага абласнога ўпраўленьня ўнутраных спраў Аляксандар Казючыц кажа:

“Паміж Упраўленьнямі ўнутраных спраў Смаленскай вобласьці і Віцебскай вобласьці, на мясцовым узроўні такія дамовы ёсьць. Усё адно аштрафаваныя рана ці позна заплацяць гэтыя штрафы. Смаленскія міліцыянты запыт афармляюць на нас, на рэспубліку, і наша міліцыя іх шукае. Знайшла – прымусовыя захады выплаты штрафу”.

Паводле інфармацыі прэсавай службы Віцебскага ўпраўленьня ўнутраных спраў, узаемадзеяньне паміж памежнымі праваахоўнымі ворганамі йдзе, кіраўнікі абедзьвюх абласьцей рэгулярна сустракаюцца і абмяркоўваюць агульныя праблемы.

Аднак беларускія праваахоўныя ворганы трывожаць адваротныя выпадкі, калі беларускія злачынцы хаваюцца ад правасудзьдзя ў Расеі. Так, 15-гадовага забойцу з Лёзьненскага раёну Віцебскай вобласьці адшукалі ў Смаленску.
XS
SM
MD
LG