Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскі павераны сустрэўся ў Менску з вампірам


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Менску ў рэзыдэнцыі амбасадара Вялікай Брытаніі ўпершыню ладзілася вечарына, прысьвечаная Гэлаўіну. Імпрэзу арганізавала "Эўрапейскае Радыё для Беларусі". На ёй выступілі вядомыя беларускія гурты “Партманэ”, “Клёндайк”, “Індыга”. Як трэба сустракаць Гэлаўін даведваўся наш карэспандэнт.

На здымку: таямнічая асоба на вечарыне ў амбасадзе

Вечарыну адкрыў часова павераны ў справах Вялікай Брытаніі ў Беларусі Найджэл Гулд-Дэвіс. Ён сказаў, што ў гэты вечар рэзыдэнцыю можна перайменаваць у “пакой таямніцаў”.

“Я шчасьлівы, што слава Гары Потэра прыйшла і ў Беларусь. Гары і яго сябры тут не зусім чужыя. Як гаворыць Гардрыд у “Ордэне фэнікса” -- сустрэў пару вар’ятаў-троляў на польскай мяжы. І крыху-крыху паспрачаўся з вампірам з Менску. Няясна, праўда, кім быў гэты вампір. Я упэўнены, што на гэты конт у вас ёсьць свае ідэі. І,канечне, у які яшчэ дзень адзначаць мерапрыемства, прысьвечанае Гары Потэру, як не ў Гэлаўін, у традыцыйны дзень магіі і загадак?!”

На здымку: часовы павераны ў справах Вялікай Брытаніі Найджэл Гулд-Дэвіс сьвяткуе Гэлоўін

Спадар Гулд-Дэвіс нагадаў, што Гэлаўін адзначаецца 31 кастрычніка, аднак па тэхнічных прычынах у рэзыдэнцыі ён сьвяткаваўся сёньня. Паводле дыплямата, многія думаюць, што Гэлаўін гэта амэрыканскае сьвята, але насамрэч у яго старажытныя эўрапейскія карані. А менаваіта – кельцкія.

“Я сам асабіста чысты кельт. І я адзначаў Гэлаўін кожны год у дзяцінстве. Я шчасьлівы адсьвяткаваць яго з вамі сёньня. Я чакаю ад гэтай вечарыны шмат вясельля, музыкі і хто ведае, магчыма, крыху чараўніцтва”.

Спадар Гулд-Дэвіс сказаў, што насамрэч, Гэлаўін – гэта ня страшнае сьвята. Падчас яго ладзяцца вясёлыя гульні. Абавязкова гатуецца добры глінтвэйн –гэта тыповы гэлаўінскі напой. Заля ўпрыгожваецца традыцыйнымі вобразамі – аранжавымі гарбузамі са сьвечкамі ўнутры, выявамі зданяў, чараўніц, кажаноў. Усё гэта й было на вечарыне ў рэзыдэнцыі амбасады Вялікабрытаніі.

На здымку: сымболіка Гэлаўіну ў залі рэзыдэнцыі

Ці шырока, на думку спадара Гулд-Дэвіса Гэлаўін адзначаецца ў Беларусі?

“Я думаю, што пакуль недастаткова. Але так як эўрапейскія традыцыі усё больш пранікаюць у краіну, і сама Беларусь – эўрапейская краіна. І я спадзяюся, што ў найбліжэйшыя гады мы адчуем тут усё большы ўплыў нашага Гэлаўіна”.

На здымку: выступ гурту “Клёндайк”

Сярод удзельнікаў вечарыны – вядомыя асобы. Вакалістка гурту “Індыга” Руся сказала:

“Заўсёды марыла, каб сьвяткаваць Гэлаўін. Бо мне хацелася незвычайны мэйк-ап на сабе паспрабаваць, нейкае адзеньне незвычайнае. Гэлоўінскі настрой такі вар’яцкі. Прагне душа і цела сьвята, разумееце. Быць такой жанчынай-вар’яткай. Мне падабаецца, што Гэлаўін самы добры дзень для гэтага”.

На здымку: салістка гурту “Індыга” Руся Фота А.Дашчынскага
XS
SM
MD
LG