Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Напружаньне на мяжы: курдзкая праблема Турэччыны


Юры Дракахруст, Прага Чарговы напад байцоў Курдзкай рабочай партыі на турэцкіх салдатаў і намер турэцкіх уладаў зрабіць вайсковы рэйд супраць базаў гэтай партыі на тэрыторыі Іраку надзвычай абвастрыў як двухбаковыя адносіны паміж Турэччынай і Іракам, гэтак і сытуацыю ўнутры самой Турэччыны.

21 кастрычніка байцы паўстанцкай Курдзкай рабочай партыі забілі 12 турэцкіх салдатаў. На наступны дзень дзясяткі тысяч людзей выйшлі на вуліцы турэцкіх гарадоў з нацыянальнымі сьцягамі, патрабуючы цьвёрдых крокаў у адказ. У некаторых гарадох былі разгромленыя і спаленыя офісы легальнай пратурэцкай курдзкай партыі.

Курдзкая рабочая партыя (КРП) – падпольная арганізацыя, якая ўжо шмат гадоў вядзе ўзброеную барацьбу за незалежнасьць турэцкага Курдыстану – раёну на паўднёвым усходзе краіны. Курды – самая вялікая этнічная меншасьць Турэччыны, якая налічвае некалькі мільёнаў чалавек. Курды кампактна пражываюць таксама ў Іраку, Сырыі і Іране. У Іраку курды маюць аўтаномію на поўначы краіны, якраз на мяжы з Турэччынай.

Палітыкі і экспэрты асьцерагаюцца, што хваля турэцкага нацыяналізму, выкліканая нападамі КРП, можа прывесьці да скасаваньня тых палітычных, культурных і моўных саступак, якія зрабілі турэцкія ўлады курдзкай меншасьці.

Майкл Рубін, амэрыканскі экспэрт у пытаньнях Блізкага Ўсходу, які назіраў за дэманстрацыямі ў Турэччыне, расказвае:

“Атмасфэра ў Стамбуле нагадала мне тую, якая была ў Вашынгтоне і Нью-Ёрку пасьля 11 верасьня 2001 году. Прычына ня ў тым адным нападзе Курдзкай рабочай партыі. Гэта была трэцяя з сэрыі атак, якія адбываліся амаль штотыдзень. Гэта была сапраўдная кульмінацыя. Кацёл абурэньня ўскіпеў”.

Турэцкі журналіст Мустафа Акіёл, рэдактар газэты “Daily news”, асьцерагаецца, што абурэньне туркаў можа абрынуцца на звычайных курдаў і тым самым падахвоціць іх да дзейнасьці ў КРП:

“Я бачу вельмі небясьпечную тэндэнцыю. Што паказальна, што ў гэтай тэндэнцыі зацікаўленая і Курдзкая рабочая партыя (КРП), бо яна ня мае шырокай падтрымкі сярод турэцкіх курдаў. Пэўная публічная падтрымка ёсьць, але большасьць турэцкіх курдаў хацела б жыць пад турэцкім кіраваньнем у міры і спакоі. На апошніх выбарах у ліпені сёлета кіроўчая партыя атрымала 55% галасоў курдаў, у той час як незалежныя, якіх ускосна падтрымлівала КРП, атрымалі толькі 24% галасоў. Гэта сьведчыць пра тое, што КРП траціць падтрымку сярод турэцкіх курдаў”.

Канфлікт вакол КРП набывае яшчэ больш небясьпечнае міжнароднае вымярэньне. Лідэры КРП, якую Турэччына, Злучаныя Штаты і Эўразьвяз лічаць тэрарыстычнай арганізацыяй, хаваюцца ў гарах ірацкага Курдыстану. Турэччына патрабуе ад Багдаду іх выдачы. Цэнтральныя ўлады Іраку заяўляюць, што ня маюць магчымасьці гэта зрабіць, кіраўніцтва курдзкай аўтаноміі Іраку кажа, што ня мае намеру гэтага рабіць, хаця й дадае, што не дазволіць зрабіць сваю зямлю базай для ваеўнікоў КРП.

Тым часам турэцкі парлямэнт даў ураду дазвол на вайсковы рэйд на тэрыторыю суседняга Іраку супраць базаў КРП. Паводле зьвестак ірацкіх уладаў, на мяжы сканцэнтраваныя 100 тысяч турэцкіх салдатаў. Афіцыйны Багдад папярэджвае, што ўварваньне турэцкіх войскаў у Ірак будзе мець згубныя наступствы для стабільнасьці ў рэгіёне.
XS
SM
MD
LG