Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму інтэрнэт “оптам” у манапаліста ў чатыры разы даражэйшы за “раздроб”?


Ігар Карней, Менск Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі суткавая аўдыторыя карыстальнікаў інтэрнэту ў 2007 годзе вырасла амаль на 30% да ўзроўню 2006-га і складае блізу 180 тысяч чалавек. Агульная колькасьць карыстальнікаў інтэрнэту ў Беларусі – болей 25% ад усяго насельніцтва краіны, а ў абсалютных лічбах, паводле дасьледаваньняў ААН, у Беларусі 3,4 мільёна карыстальнікаў інтэрнэту. Аднак гэтыя паказьнікі істотна саступаюць краінам, дзе інтэрнэт даўно не раскоша, а сродак хуткай, таннай і імгненнай міжнароднай камунікацыі.

Трапіць у віртуальную прастору ў Беларусі нескладана. Апроч манапаліста ў прадстаўленьні інтэрнэт-паслугаў, прадпрыемства “Белтэлекам”, маецца блізу дзесятка прыватных правайдэраў.

Пэўных посьпехаў дасягнуў кабэльны апэратар “Космас TV”, які кампануе тэлевізійны і інтэрнэт-пакеты. У Менску ў тэставым фармаце разгортваецца бяздротавая сыстэма WiFi.

Спадарожнікавы інтэрнэт – пад забаронай

Паводле падлікаў экспэртаў, менскія і маскоўскія тарыфы адрозьніваюцца ў 5-8 разоў не на карысьць Беларусі. Таксама ў разы Беларусь па коштах наперадзе бальшыні эўрапейскіх краінаў. Як кажа спэцыяліст у інтэрнэт-тэхналёгіях Кірыл Корсак, фактычна пад забаронай застаецца спадарожнікавы інтэрнэт:

“З улікам, што ў Беларусі манапаліст “Белтэлекам”, кантраляваць інтэрнэт лёгка. Тым больш, забаронены іншы трафік, апроч наземнага. Маю на ўвазе зыходны, што таксама праява манаполіі. Прыкладам, у Расеі можна паставіць спадарожнікавую талерку “перадача-прыём”. Антэна на прыём звычайная і каштуе даляраў 200. А вось на перадачу, якая ідзе на спадарожнік, – дарагое задавальненьне. Але расейцы такім абсталяваньнем карыстаюцца. У нас жа такая рэч забароненая ў прынцыпе. Бо, прыкладам, калі захочуць адсекчы, не даць кудысьці доступ, то ўзялі, перакрылі, паставілі фільтар, і ўсё. А калі захочаш спадарожнікавым каналам скарыстацца, то гэта ўжо тваё, ўласнае і трэба непасрэдна дзесьці там, на сэрвэры фільтраваць. У нас жа ўсё ідзе стандартна: “Белтэлекам”, потым Расея, Фінляндыя, далей пайшло на Эўропу, праз Вялікую Брытанію і далей на Злучаныя Штаты”.

Па якіх альгарытмах разьлічваюцца кошты на інтэрнэт-паслугі?

Генэральны дырэктар унітарнага прадпрыемства “Надзейныя праграмы”, старшыня Рады дырэктараў парталу TUT.by Юрый Зісэр так бачыць агульную сытуацыю на інтэрнэт-рынку Беларусі:

“Бэлтэлекам” па нейкіх сваіх альгарытмах разьлічвае кошты, яго плянавы аддзел нейкім чынам выводзіць гэтыя лічбы. І з-за такога манапалізму, з-за неабходнасьці ўсіх правайдэраў працаваць праз “Белтэлекам” гэтыя кошты аўтаматычна навязваюцца ўсёй беларускай інтэрнэт-супольнасьці. І натуральна, што гэта вельмі моцна тармозіць разьвіцьцё інтэрнэту. Я перакананы: каб цэны ўпалі гэтак жа, як на Захадзе, калі ў ADSL 1 мэгабіт каштуе 15-20 даляраў на месяц, то ў нас колькасьць карыстальнікаў была б супастаўныя з тым, як гэта мае месца ў Эўропе. То бок, манапалізм і цэны “Белтэлекаму” надзвычай уплываюць на агульную сытуацыю”.

Карэспандэнт: “Іншымі словамі, у беларускай сытуацыі прыватныя інтэрнэт-правайдэры выступаюць у ролі гэткіх “давескаў” да “Белтэлекаму”?

“Прыватным правайдэрам выдаюць ліцэнзіі, дзе наўпрост напісана: праца праз “Белтэлекам”. А “Белтэлекам” прадае інтэрнэт правайдэрам у чатыры разы даражэй, чым насельніцтву і арганізацыям. Прыватныя правайдэры літаральна ледзьве зводзяць канцы з канцамі. І ў іх папросту няма сродкаў на разьвіцьцё з-за такой коштавай “вілкі”. І вось гэтую “вілку” ужо нічым нельга растлумачыць, эканамічна ва ўсялякім разе. Бо ва ўсіх астатніх галінах оптам таньней, а інтэрнэт оптам даражэй. Вось такі парадокс”.

Звышпрыбыткаў “Белтэлекам” ня мае

Супрацоўніца групы інфармацыі і камунікацый прадпрыемства “Белтэлекам” Марыя Базулька ня згодная з меркаваньнем, што дзяржава, прадаючы каналы міжнароднай сувязі, нажываецца на прыватніках:

“Што тычыцца інтэрнэту, то гэта звычайны маркетынг. Тут улічваюцца выдаткі на пракладку ліній ды іншыя тэхнічныя складнікі. Закладзены, канечне, нейкі прыбытак. Але ён не звышнатуральны, няма ў нас прыбытку 200, 300 ці 500%. Натуральна, нашы спэцыялісты аналізуюць рынак, глядзяць у тым ліку і па іншых правайдэрах, уключна з камэрцыйнымі – які ў іх кошт. Сюды ж уваходзіць паказьнік пражытковага мінімуму: колькі ў сярэднім на месяц беларус, які зарабляе, можа дазволіць сабе патраціць на інтэрнэт. І вось сыходзячы з усяго гэтага фармуецца лінейка тарыфных плянаў. Іншымі словамі, насамрэч цэлы аддзел сядзіць і людзі штодня распрацоўваюць пэўную тарыфікацыйную палітыку”.

Ці адбудзецца дэманапалізацыя міжнароднай сувязі?

Летась прыватныя правайдэры спрабавалі супрацьстаяць дзяржаўнай манаполіі на рынку інтэрнэт-паслугаў. Прадстаўнікі фірмаў напісалі калектыўны ліст у Міністэрства сувязі, у якім выказалі нязгоду з цэнавой палітыкай Белтэлекаму. Аднак вялікага плёну высілкі ня мелі. Як кажа піяр-мэнэджэр інтэрнэт-правайдэру “Атлант-Тэлекам” Алена Ігнатовіч, яны па-ранейшаму цалкам залежаць ад “Белтэлекаму”:

“А ў правайдэраў больш няма іншай магчымасьці, паколькі “Белтэлекам” манапаліст і валодае ўсімі зьнешнімі каналамі. Па-іншаму правайдэры папросту ня змогуць існаваць у Беларусі, калі не ў яго купляць канал. Таму ў працы прыватных правайдэраў самае галоўнае, напэўна, сэрвіс, якіясьці рэчы суправаджэньня – то бок, гарантаваная якасьць і пасьляпродажнае абслугоўваньне”.

Карэспандэнт: “Скажам так, плюс у “пакетнасьці” прапановаў?”

“Так. А ўвогуле па сытуацыі з “Белтэлекамам” наш дырэктар Ігар Сукач на onliner.by досыць падрабязна выказваў пазыцыю адносна таго, што будзе, калі адбудзецца дэманапалізацыя “Белтэлекаму”. Прынамсі, у гэта ўсе вераць, бо досыць ясна яны заяўлялі: магчыма, гэта здарыцца ўжо пры канцы 2008 году. Мяркую, што кожны правайдэр чакае гэтага часу”.

Прадстаўніца “Белтэлекаму” Марыя Базулька кажа, што дакладную дату лібэралізацыі пакуль ніхто не ўсталёўваў:

“Не “Белтэлекам” заяўляе, гэта заявіла Міністэрства сувязі. Так, будзе адбывацца лібэралізацыя рынку і ня выключана, што “Белтэлекам” будзе дэманапалізаваны ў частцы міжнароднай сувязі. Гэта, канечне, карэнным чынам зьменіць сытуацыю, але ў якім годзе гэта будзе, якога дня – пра гэта ня ведае нават “Белтэлекам”, ня тое што правайдэры. Але гэта, зноў жа, іх права: мы ўсе хацелі б набыць сабе маленькую выспу і туды зьехаць. Нам жа ніхто пра гэта марыць не забараняе”.

• Каб спаралізаваць інтэрнэт у краіне, досыць аднаго праграміста, 25.10.2007

• Як абысьці цэнзуру ў інтэрнэце?, 27.06.2007
XS
SM
MD
LG