Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўныя хакеры “душаць” незалежны сэктар інтэрнэту колькасьцю


Ігар Карней, Менск На мінулым тыдні профільны камітэт Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ініцыяваў разгляд “Акту аб глябальнай сеткавай свабодзе”. Згодна з Актам, ЗША будуць змагацца са спробамі цэнзураваць ці абмяжоўваць доступ да інтэрнэту ў праблемных краінах сьвету. У сьпісе рэальных ворагаў інтэрнэту разам з Кубай, Іранам, Паўночнай Карэяй, Кітаем, Віетнамам ды іншымі адна эўрапейская краіна -- Беларусь. Ці плённыя высілкі беларускіх уладаў абмежаваць доступ карыстальнікаў ва Ўсясьветнае сеціва?

Цэнзура разьлічана на “непрасунутых” карыстальнікаў

Супрацоўнік адной з менскіх кансалтынгавых кампаній, праграміст Вадзім Герасімаў кажа, што ўлады любой краіны (пры цяперашняй ступені разьвіцьця інфармацыйных тэхналёгіяў) могуць кантраляваць карыстальнікаў інтэрнэту. Прыкладам, улады Кітаю кантралююць трафік і абмяжоўваць доступ на сайты за межамі краіны. То бок, правайдэрам загадана ўключаць “фільтры”. Вадзім Герасімаў лічыць, што беларускае кіраўніцтва цалкам можа скарыстацца кітайскім досьведам:

“Калі такое валявое рашэньне будзе прынятае кімсьці зьверху, то рэалізаваць яго зусім нескладана. Такія абмежаваньні дзейнічаюць і цяпер: на некаторыя рэсурсы зь Беларусі выйсьці немагчыма (гэта перадусім сайты сумнеўнага зьместу з дзіцячай парнаграфіяй і г.д.). То бок, гэта цалкам рэальна. Дый досьвед паказвае: калі адбываюцца значныя палітычныя падзеі, апазыцыйныя акцыі, некаторыя рэсурсы робяцца недаступнымі – дзякуючы таму, што правайдэры адключаюць да іх доступ. А абмежаваць доступ – гэта напісаць сьпіс забароненых да доступу рэсурсаў, адрасы непажаданых сайтаў, вось і ўсё. І калі карыстальнікі інтэрнэтам “прасунутыя”, яны яшчэ могуць знайсьці спосабы абыйсьці гэтыя фільтры. Але такія веды даступныя ня кожнаму -- я маю на ўвазе шараговых карыстальнікаў”.

Ці вырашаць дэпутаты лёс інфармацыйных рэсурсаў?

Паводле кіраўніка Цэнтру прававой абароны СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў прафэсар Міхаіла Пастухова, на гэтай сэсіі Палата прадстаўнікоў будзе разгледжаны праект закону “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”. Дакумэнта, сярод іншага, уводзіць рэгістрацыю “інфармацыйных сыстэм”: “У адпаведнасьці з праектам, будзе вызначаны мэханізм дзяржаўнай рэгістрацыі інфармацыйных рэсурсаў (нечакана тое, што рэгістрацыяй будзе займацца Нацыянальная Акадэмія навук). Пры гэтым даецца вызначэньне: гэта любая інфармацыя, у тым ліку і інфармацыя, зьмешчаная ў інтэрнэце -- розныя сайты, рэсурсы, любая інфармацыя складае інфармрэсурс. Ён можа быць альбо дзяржаўным, калі ствараецца дзяржструктурамі за кошт бюджэту, альбо недзяржаўным, калі фармуецца грамадзянамі ці юрыдычнымі асобамі, як прыкладам, рэсурс БелаПАН. Праўда, для недзяржаўных інфармацыйных сыстэм рэгістрацыя нібыта добраахвотная. Але што азначае добраахвотная? Ці не пераўтворыцца яна з часам у прымусовую? Асабліва з улікам, што неабходна забясьпечыць абарону любой інфармацыі? Таму фактычна гэта неабмежаваны кантроль над усімі інфармацыйнымі рэсурсамі”.

На кожнае інтэрнэт-блякаваньне ёсьць спосабы абыходу

Як адбываецца атака на інтэрнэт-сайты? Адмысловец у апэрацыйных сыстэмах, праграміст Павал Ляўчонак тлумачыць:

“Звычайна гэта DoS-атака, то бок, засылка псэўда-запытаў. Справа ў тым, што на кожным сайце ёсьць ліміт. Прыкладам, калі сайт зроблены на добрым php-рухавіку (php – гэта мова праграмаваньня), то ён можа вытрымліваць да 20 тысяч запытаў. А калі дасылаецца, дапусьцім, 30 тысяч? Дзеля гэтага запампоўваецца праграма, пасьля чаго пасяляецца вірус, так званы “бот” і ён стартуе па чыёйсьці камандзе. І атрымліваецца, што ў інтэрнэце ты лазіш зусім па пабочных сайтах, а ён у гэты час “пінгуе” сайт, прыкладам, “Свабоды”. А ты пра гэта нават ня ведаеш. І калі такім чынам заразіць тысяч трыццаць кампутараў, то сайт проста не вытрымлівае: да яго ці ўвогуле не дабіцца, ці ідзе ў перазагрузку сам сэрвэр, не вытрымлівае такой нагрузкі”.

Выратаваньні – люстэрка, ананімайзэр, проксі

Ці рэальна абысьці перашкоды, падрыхтаваныя для інтэрнэт-карыстальнікаў? Мой суразмоўца Павал Ляўчонак на гэта адказвае: для простага карыстальніка ёсьць некалькі шляхоў абыйсьці блякаваньне сайтаў. Сярод самых распаўсюджаных – скарыстацца так званым “люстэркам”:

“Ствараецца люстэрка сайта. Прыкладам, у вас svaboda.org, а ствараецца ў іншай дамэннай зоне svaboda.net (ці svaboda1.net). І гэты сайт працуе паралельна з вашым, адзін да аднаго фіксуюцца ўсе зьмены. То бок, паміж сабой зьвязаныя два FTP і проста ажыцьцяўляецца сынхранізацыя. І калі адзін сайт робіцца недаступны (яго блякуюць, “досяць”, дасылаюць ілжывыя запыты, на яго нельга дабіцца, на ім аўтаматычна спрацоўвае рэдырэкт. І загружаецца другі сайт, зьяўляецца надпіс пачакайце, вы будзеце перамешчаныя на іншы сайт, які потым і адкрываецца. Такі сэрвэр можна ўсталяваць у любым месцы, у любой краіне, дзе заўгодна. І вось у такія напружаныя дні працуе другі сайт без праблемаў”.

Ёсьць і іншыя тэхнічныя спосабы ў змаганьні са зьнешнім наглядам: ананімайзэры, проксі-сэрвэры, проксі-адрасы і праграма “тор-парк”. Усе гэтыя сыстэмы працуюць па тым прынцыпе, што хаваецца сапраўдны адрас альбо сайту, альбо карыстальніка. Найбольш просты спосаб дайсьці да сыстэмы – скарыстацца пошукавым сэрвэрам “Google” і зрабіць запыт па словах “free proxy”, “anonymizer” альбо “tor-park”. Такім чынам будзе знойдзены сьпіс проксі-сэрвэраў, празь якія можна падключыцца. Яны рэгулярна мяняюцца, і няма сталага сьпісу. Трэба выбраць адзін, які найбольш пасуе, а інструкцыя па настройваньні праграмы для прагляду інтэрнэту будзе знаходзіцца на тым самым сайце.

• Каб спаралізаваць інтэрнэт у краіне, досыць аднаго праграміста, 25.10.2007 • Як абысьці цэнзуру ў інтэрнэце?, 27.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG