Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За “Сацыяльным маршам” будуць назіраць дыпляматы


Уладзімер Глод, Менск Сёньня сустаршыні Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька сустрэліся ў Менску з кіраўнікамі дыпляматычных місіяў краін Эўразьвязу, якія акрэдытаваныя ў Беларусі. Падчас сустрэчы абмяркоўвалі два пытаньні — правядзеньне “Сацыяльнага маршу” і міжнароднай канфэрэнцыі ў пытаньнях Беларусі.

Сяргей Калякін паведаміў, што размова з дыпляматамі пачалася з абмеркаваньня сытуацыі вакол “Сацыяльнага маршу”:

“Мы адзначылі, што нейкія зрухі ў палітычным жыцьці Беларусі адбываюцца. Усё ж улады дазволілі другі запар марш. І было б добра, калі б гэты працэс працягваўся і надалей.

Мы выказалі думку, што арганізатары “Сацыяльнага маршу” прыкладуць усе намаганьні, каб гэта была мірная акцыя. І мы спадзяемся, што ўлады таксама зробяць усё, каб акцыя мела мірны характар — як да пачатку маршу, так і пасьля яго. І каб гэта распаўсюджвалася як на арганізатараў, так і на ўдзельнікаў маршу”.

Сустаршыні Палітрады ўзьнялі пытаньне і аб правядзеньні міжнароднай трохбаковай канфэрэнцыі ў пытаньнях Беларусі.

Прапануецца, каб за адным сталом сабраліся прадстаўнікі беларускіх уладаў, дэмакратычных сілаў і Эўразьвязу, тлумачыць Сяргей Калякін:

“Гэтую ідэю аб’яднаных дэмакратычных сілаў ужо падтрымліваюць прэзыдэнты дзьвюх Парлямэнцкіх асамблеяў: Рады Эўропы і АБСЭ. І мы зьвярталіся да амбасадараў, каб яны праз свае ўрады падтрымалі гэтую ідэю”.

Л.Рэгак: “Мы спэцыяльна цікавіліся падрыхтоўкай “Сацыяльнага маршу”, які заплянаваны на 4 лістапада”.
Любамір Рэгак, кіраўнік дыпляматычнай місіі Славаччыны ў Беларусі, якая выконвае функцыі мясцовага прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі, сказаў нашаму радыё, што сёньняшняя сустрэча адбылася з ініцыятывы дыпляматаў:

“Таму што гэта ўваходзіць у нашу палітычную культуру — мець зносіны з усімі слаямі насельніцтва, у тым ліку і з апазыцыяй. Мы спэцыяльна цікавіліся падрыхтоўкай “Сацыяльнага маршу”, які заплянаваны на 4 лістапада.

І мы з задавальненьнем успрынялі інфармацыю лідэраў апазыцыі пра тое, што і яны бачаць некаторы прагрэс у дыялёгу грамадзкай супольнасьці з урадам”.

• Л.Рэгак: “Мы задаволеныя, што марш прайшоў мірна”, 15.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG