Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Воўчак: “Мяркую, сьпіс неўязных судзьдзяў і пракурораў павялічыцца”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Ленінскі суд Менску не задаволіў пазову праваабаронцы Алега Воўчака да пракуратуры Ленінскага раёну. Праваабаронца скардзіўся на тое, што пракуратура адмовілася заводзіць крымінальную справу паводле факту зьбіцьця Алега Воўчака ў мінулую прэзыдэнцкую кампанію.

Нагадаем, Алега Воўчака, які быў даверанай асобай Аляксандра Казуліна, невядомыя асобы не пусьцілі ў Нацыянальны прэсавы цэнтар, зьбілі й пырснулі ў твар сьлезацечным газам. Сьледчыя адмовіліся расьсьледаваць інцыдэнт.

Алег Воўчак гэтак пракамэнтаваў рашэньне, якое сёньня вынес судзьдзя Ленінскага раёну Менску Ігар Германовіч:

“Суд прадэманстраваў, што ў нас няма незалежнай судовай сыстэмы, як няма і незалежнай пракурорскай сыстэмы. Бо пракурор нават на судзе сумняваўся ў неабходнасьці заводзіць крымінальную справу — хоць ёсьць сьляды зьбіцьця. Хіба гэта не паказчык?”

Алег Воўчак зьбіраецца абскардзіць рашэньне Ленінскага суду ў вышэйшых судовых інстанцыях Беларусі, а калі гэта не дапаможа, зьвярнецца ў Камітэт правоў чалавека ААН.

Праваабаронца не выключае, што судзьдзі й пракуроры, прычынныя да прыняцьця незаконных рашэньняў, трапяць у сьпіс неўязных у краіны Эўропы.

• Былы сьледчы Алег Воўчак судзіцца з пракуратурай, 29.10.2007
XS
SM
MD
LG