Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званкі на “Свабоду”: “Пра Курапаты будуць гаварыць сотні гадоў”


Радыё Свабода Агляд вашых тэлефанаваньняў — 30 кастрычніка, аўторак. Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”. Вас чакаюць кнігі “Бібліятэкі Свабоды” з подпісамі аўтараў. Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

У Курапатах ды іншых месцах пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў адбыліся жалобныя імпрэзы да 70-х угодкаў кульмінацыі бальшавіцкага тэрору 1937 году. На гэтую тэму выказваньні слухачоў.

Ільля Копыл, Менск: “Добры вечар, “Свабода”. У Курапатах мітынг-рэквіем быў забаронены. Але, нягледзячы на гэта, каля Крыжа пакутнікам сталінскіх рэпрэсіяў да 16.30 сабралася каля ста чалавек. Сьвятары прачыталі малітву, людзі ўсклалі кветкі, вянкі, запалілі сьвечкі.

Я бачыў там гісторыка Ігара Кузьняцова й палітыка Славу Сіўчыка. Кіраўнікоў партыяў я там ня ўбачыў, у тым ліку і ад КХП БНФ. За ўсім гэтым назіралі шасьцёра міліцыянтаў у форме і двое ў цывільным. Дзякуй за ўвагу”.

Ларыса, Менск: “Вельмі своечасова тое, што цяпер успамінаюць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Мой бацька, удзельнік Менскага падпольля, у 1942 годзе быў арыштаваны і адпраўлены ў канцлягер у Нямеччыну. Пасьля вяртаньня ён быў асуджаны ваенным трыбуналам войскаў МУС 4 сьнежня 1950 году.

“Прысудзілі Апацкага Арцёма Фёдаравіча 1907 году нараджэньня пакараць празь зьняволеньне тэрмінам на 25 гадоў з канфіскацыяй усёй маёмасьці. Подпіс: старшыня ваеннага трыбуналу падпалкоўнік юстыцыі Старадубцаў”.

Анастас Семяновіч: “Шаноўнае спадарства Радыё Свабода! Я хачу адказаць бальшавіку-лукашысту. Калі вам не падабаецца, як асьвятляе наша любімае Радыё Свабода бальшавіцкае зьнішчэньне самых разумных людзей народу, запомніце: прыйдзе час, калі будуць названыя пайменна каты, паводле месца жыхарства.

Я і сотні тысяч вашых слухачоў усьцешаныя вашай шчырай і цяжкай працай на карысьць роднай Беларусі. Просьба да аўтараў: калі ёсьць хоць нейкая магчымасьць, то катаў трэба пайменна называць, дзе б яны ні жылі.

Пра Курапаты, я ўпэўнены, будуць гаварыць сотні гадоў. Нашы ўнукі й праўнукі павінны ведаць і помніць бальшавіцкую сыстэму, якая толькі вынішчала самых разумных, сумленных людзей. Іх вынішчылі больш за 60 мільёнаў. Калі б гэтых людзей ня вынішчылі, ніякай вайны не было б. Жыве Беларусь!”

Наступнае тэлефанаваньне — зварот да кіраўніка краіны:

Спадарыня: “Я хацела б зьвярнуцца да нашага прэзыдэнта, Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, які неаднаразова выступаў па тэлевізары і заклікаў да павышэньня нараджальнасьці.

Я ўчора была ў краме і пабачыла такое, што нават ня ведаю, як далей нараджаць дзяцей. Сандалікі, якія раней каштавалі 1 рубель 50 капеек, цяпер – 35 тысяч! Як жа можна быць шматдзетным?! Мы цяпер кажам пра шматдзетнасьць, просім нараджальнасьці. Але як можна нараджаць, калі такія кошты нават на простыя сандалікі!

Сёньня на дзіця, якому чатырнаццаць гадоў, купіць куртку, трэба 170 тысяч! Прабачце, Аляксандар Рыгоравіч, як можна купіць, калі ў мяне пэнсія… Ну, няхай у мяне пэнсія нізкая…

Мой былы муж працуе, яго аклад 270 тысяч. Колькі ж я магу атрымаць алімэнтаў на трох дзяцей — 50% плюс запазычанасьць? А атрымліваю ад яго ўсяго 140 тысяч. Вось ідзе зіма. Мне трэба думаць, як апрануць, як пракарміць дзяцей. І мы просім нараджальнасьці!

Давайце ня будзем хлусіць! Давайце будзем гаварыць сумленна, справядліва, адкрыта, што нараджаць дзяцей ня трэба, бо яны галадаюць.

Сёньня вы паднялі кошты. Вы пазбавілі дзяцей цукерак. Сёньня кошт на кожны кіляграм цукерак падняўся на 800 рублёў! Ужо ня кожная маці можа дазволіць свайму дзіцяці купіць гэтыя цукеркі, таму што яны і так былі дарагія, а цяпер яшчэ даражэйшыя. А ідзе ж Новы год!”

Выказваньне камэнтуе палітык і публіцыст Людміла Гразнова:

“Я таксама маці й ведаю, як цяжка падымаць дзіця. А калі двое-трое, то гэта амаль немагчыма ў нашай краіне. І “маршаў пустых каструляў” улада баіцца больш за ўсё. Бо ведае, колькі цяжкасьцяў, колькі гора трывае кожная жанчына”.

Працягваем праграму выказваньнямі пра адмену льготаў і матэрыяльнае становішча пэнсіянэраў.

Пётар Сьцяпанавіч, Берасьце: “Перад выбарамі прэзыдэнт і дэпутаты ўсіх узроўняў пішуць свае праграмы, дзе абяцаюць залатыя горы.

Вось адзін з пунктаў ва ўсіх праграмах — як прэзыдэнта, так і дэпутатаў: “Праяўляць пастаянны клопат пра старых, інвалідаў, вэтэранаў, пэнсіянэраў”.

А што атрымалася на самай справе? З падачы Лукашэнкі дэпутаты аднагалосна прагаласавалі за адмену льготаў. Выходзіць, падманулі 2,5 мільёна пэнсіянэраў, якія галасавалі як за Лукашэнку, так і за дэпутатаў.

12 кастрычніка Лукашэнка выступаў перад расейскімі журналістамі і сказаў: “Я дадаў да пэнсіі 5—7 даляраў. Тым самым кампэнсаваў ільготы на 50%-ны праезд у транспарце. А цяпер пэнсіянэр няхай сам вырашае, езьдзіць яму ці не”. І чаму названая ўсяго адна льгота — праезд на транспарце?

А хто і калі кампэнсуе наступныя льготы, вось яны: першачарговае ўступленьне ў арганізацыі грамадзянаў-забудоўнікаў у гаражныя і дачныя каапэратывы, садоўніцкія таварыствы, пазачарговая ўстаноўка кватэрнага тэлефону, карыстаньне пры выхадзе на пэнсію паліклінікамі, за якімі яны былі прымацаваныя на пэрыяд працы, бясплатнае атрыманьне мэдычнай дапамогі ў дзяржаўных лячэбна-прафіляктычных установах, пасья дасягненьня 70 гадоў, 50%-я зьніжка на лекі, якія набываюцца паводле рэцэпту доктара, бясплатны выраб і рамонт зубных пратэзаў, за выключэньнем пратэзаў з каштоўных мэталаў, парцаляну і мэталакерамікі ў дзяржаўных лячэбна-прафіляктычных установах паводле месца жыхарства, а таксама бясплатнае забесьпячэньне іншымі пратэзамі й пратэзна-артапэдычнымі вырабамі, забесьпячэньне, пры наяўнасьці мэдычных паказаньняў пуцёўкамі ў санаторыі, прафілякторыі, дамы адпачынку тых, хто працуе, паводле месца працы, а тых, хто не працуе, органамі, якія ажыцьцяўляюць іх пэнсійнае забесьпячэньне, 50%-я зьніжка на праезд ва ўсіх відах гарадзкога і пасажырскага транспарту, за выключэньнем таксі, 50%-я зьніжка ў аплаце праезду на чыгуначным, аўтамабільным і водным транспарце прыгарадных зносінаў, а тым, хто пражывае ў сельскай мясцовасьці, у аўтобусах міжнародных маршрутаў у межах адміністрацыйнага раёну паводле месца жыхарства.

Вось усе тыя льготы, якіх пазбаўляюцца пэнсіянэры. З павагай”.

Яцкевіч Аляксандар Анатолевіч: “Сёньня перадалі інфармацыю пра тое, як цяжка пражыць з пэнсіяй 350 тысяч, ці што… Мне 150 плацяць, і я павінен жыць зь сям’ёй. І я думаю, што такіх у нас у дзяржаве большасьць. А калі большасьць, значыць, у нас ад гэтага і даходы растуць і кошты на харчы растуць, якіх ніхто ня можа купіць.

Адны гарвыканкамы і аблвыканкамы жыруюць, і міліцыя, і КДБ! А ўсе астатнія — невядома як павінны выжываць. Дзе такое бачылі, каб інвалідам давалі пуцёўкі ў лютым?! Летам усе тыя, хто грошы мае, жыруюць. А вам усім можна і зімой!.. Дзякую”.

Спадар: “Вось пытаньне. Адбіраюць льготы ў старых ды хворых, шалеюць кошты, нават на хлеб. Можа, хто ведае, куды ідуць народныя грошы?

Беларусаў значна менш, чым масквічоў. Празь Беларусь едуць, лятуць, ідуць трубы — толькі зьбірай грошы! На беларуса ў тры разы больш зямлі, чым на кожнага немца. Ёсьць вада, лясы, заказьнікі. Пушча, калійныя солі, добра прадаем трактары, МАЗы, БелАЗы.

Беларусы — самы адукаваны народ у СНД, гэта таксама грошы. Разважаў беларус значна старэйшы, чым імпульсіўны бацька-прэзыдэнт”.

На пытаньне адказвае былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, палітык Сяргей Скрабец:

“Вельмі шмат грошай ідзе на падтрымку рэжыму. Што тычыцца льготаў, то іх забіраюць, каб бюджэт вытрымаў выдаткі на выплаты настаўнікам, лекарам, пэнсіянэрам. Бо грошай у бюджэце не хапае. Што тычыцца людзей пры ўладзе, то ў іх усё добра. Вы ж ведаеце, якія катэджы будуюцца, на якіх машынах яны езьдзяць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG