Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вацлава Арэшку затрымалі з улёткамі пра "Сацыяльны марш"


Ганна Соўсь, Менск Сёньня з улёткамі пра "Сацыяльны марш" быў затрыманы актывіст Партыі БНФ Вацлаў Арэшка. Яго павезьлі ў аддзел унутраных справаў Цэнтральнага раёну. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў старшыня аргкамітэту "Сацыяльнага маршу", намесьнік старшыні Партыі камуністаў беларускай Валеры Ухналёў.

Па сваім тэлефоне Вацлаў Арэшка пакуль што не адказвае. Паводле Валер''я Ўхналёва, у актывіста было шмат улётак з абвесткамі пра тое, што 4 лістапада ў Менску адбудзецца дазволены ўладамі "Сацыяльны марш" і што ён пачнецца а 12-й гадзіне ля Акадэміі навук.

Валеры Ўхналёў перакананы, што ўлёткі міліцыя ня верне. Увогуле, адзначае ён, улады замінаюць інфармаваньню пра акцыю, скіраваную на зьмену сацыяльнай палітыкі ў краіне.

Учора кіраўнік аргкамітэту "Сацыяльнага маршу" атрымаў ліст ад намесьніцы кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Пяткевіч.

Нагадаем, што раней лісты з прапановай абмеркаваць варыянты правядзеньня "Сацыяльнага маршу" і сацыяльную палітыку дзяржавы былі накіраваныя ў Адміністрацыю прэзыдэнта і асабіста Натальлі Пяткевіч.

Спадарыня Пяткевіч адказала, што, на яе погляд, такія праблемы, як сацыяльная палітыка, сацыяльныя гарантыі, немагчыма вырашаць праз вулічныя акцыі. Паводле Ўхналёва, Пяткевіч паведаміла, што Адміністрацыя прэзыдэнта шукае новыя магчымасьці для вырашэньня праблемы з ільготамі.

Падрабязнасьці – пазьней на нашым сайце і ў вечаровым эфіры. • Ці выступяць на Сацыяльным маршы чыноўнікі?, 15.10.2007
XS
SM
MD
LG