Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эўрапейскія палітычныя мудрацы – на дапамогу Беларусі


Уладзімер Глод, Менск Былы міністар замежных справаў Літвы, а цяпер намесьнік старшыні парлямэнцкага камітэту ў эўрапейскіх справах Антанас Валёніс ініцыяваў стварэньне спэцыяльнай “беларускай” групы. У яе ўвойдуць вядомыя і дасьведчаныя палітыкі, якія ўзначальвалі свае краіны, былі прэм’ерамі альбо міністрамі замежных справаў. Наколькі спроба стварыць яшчэ адну групу ў беларускіх справах можа паўплываць на становішча ў Беларусі і ці ня будзе яна дубляваць працу іншых груп, якія ўжо працуюць?

Антанас Валёніс называе сваю структуру “групай мудрацоў”. Размова ідзе пра дасьведчаных і вядомых людзей, якія сваім аўтарытэтам паспрыялі таму, каб Эўразьвяз больш актыўна заняўся беларускімі справамі.

Нашаму радыё спадар Валёніс сказаў:

“Я спадзяюся, спадар Квасьнеўскі будзе кіраваць гэтай групай. Яна змагла б прааналізаваць палітыку Эўразьвязу адносна Беларусі й прапанаваць нейкія новыя элемэнты. А, магчыма, і новую палітыку, хаця гэта можа і занадта сьмела”.

Між тым беларускімі справамі ў міжнародных структурах займаюцца многія. Прыкладам, у Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ група дэпутаткі нямецкага Бундэстагу Ўты Цапф. У Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы – дакладчык ў справах Беларусі італьянец Андрэа Рыгоні, а таксама група эстонскага парлямэнтара Андрэса Хэркеля – старшыні “беларускага” падкамітэту. У Эўрапарлямэнце таксама дзьве групы: Богдана Кліха з Польшчы і галяндца Яна Вірсмы.

Палітоляг, памочнік Аляксандра Мілінкевіча Аляксандар Лагвінец лічыць: неабходна мець вядомых людзей, якія б стала ўздымалі беларускае пытаньне ў эўрапейскай палітычнай прасторы:

“Ці будзе вялікая эфэктыўнасьць ад стварэньня новай структуры, калі ўжо існуюць ініцыятывы і адказныя за дачыненьні з Беларусьсю ў розных парлямэнцкіх структурах, дык тут відавочна могуць быць пэўныя сумневы. Але калі Аляксандар Квасьнеўскі сапраўды заангажуецца ў гэтую справу, дык, зважаючы на тое, што ён вельмі пазытыўна прымаецца ў брусэльскіх колах, можа быць, ён і дасягне нейкага посьпеху. Тым больш, калі беларускія ўлады сапраўды наважацца на дыялёг як з Эўразьвязам, так і ўнутры беларускага грамадзтва, дык фігура Квасьнеўскага, які цяпер знаходзіцца ў апазыцыі ў Польшчы, ня будзе выклікаць такіх вялікіх падазрэньняў”.

Літоўскі парлямэнтар Вацлаў Станкевіч, які ачольвае ў сойме літоўска-беларускую групу, даволі скептычна ставіцца да стварэньня групы мудрацоў. Ён лічыць – для сур’ёзных зрухаў у Беларусі патрэбна як мага раней зьмяніць два законы: аб выбарах і аб друку. “А астатняе пойдзе ланцугом”,-- упэўнены спадар Станкевіч:

“Я лічу, трэба вучыцца працаваць з той Беларусьсю, якая цяпер ёсьць. І рабіць на яе дыпляматычны і палітычны ўплыў, каб яна хоць маленькімі крокамі ішла да дэмакратыі”.

• Антанас Валёніс: мудрацы зьбяруцца празь месяц , 26.10.2007
XS
SM
MD
LG