Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сродкаў абысьці блякаваньне сайтаў шмат


Іна Студзінская, Менск Падчас сур’ёзных палітычных падзеяў, масавых акцыяў у Беларусі блякуюцца інфармацыйныя інтэрнэт-сайты. Так было на прэзыдэнцкія выбары 2001 і 2006 гадоў, у Дзень Волі 25 сакавіка. Апошні, самы сьвежы прыклад – блякаваньне сайтаў Радыё Свабода, Хартыі-97, “Беларускага партызану”, “Нашай Нівы” 14 кастрычніка, калі ў Менску праходзіў Эўрапейскі марш.

Адмыслоўцы раяць карыстальнікам, інфармацыю пра абыходжаньне блякаваньня, шукаць у інтэрнэце. Акрамя таго, каб абыйсьці блякаваньне, сама рэдакцыя сайту павінна да гэтага падрыхтавацца тэхнічна, каб не было элемэнтарнай перагрузкі.

Карыстайцеся proxу-сэрвэрамі

Праграміст Фёдар Караленка раіць выкарыстоўваць proxу-сэрвэры:

“Калі задача будзе пастаўлена не паказваць такія сайты ў межах Беларусі – тут ужо нічога ня зробіш. Можна “выкручвацца” толькі з разьмяшчэньнем “люстраў” па іншых адрасах. Але трэба пра іх паведамляць загадзя, таму што калі сайт недаступны, ніхто не даведаецца, дзе іх шукаць. Ну а калі загадзя паведамляць, што “наш сайт будзе дублявацца там і там”, то і адпаведныя службы будуць ведаць гэтыя адрасы, і таксама іх могуць заблякаваць. Так што тут ніякай парады няма, на жаль. Акрамя таго, што праз “proxy” хадзіць. Не наўпрост зьвяртацца да сайту з пэўным адрасам, а транзытам празь якія-небудзь амэрыканскія, нямецкія, кітайскія сайты, якія такі шлюз даюць. Ёсьць цэлыя каталёгі, сьпісы proxу сэрвэраў, і гэта ўжо ніяк не заблякуеш”.

Праграміст Аляксей Чарняеў перакананы, што змаганьне паміж тымі людзьмі, якія хочуць абыйсьці фільтрацыю, блякаваньне ў інтэрнэце, і тымі, хто іх блякуе, цалкам укладаецца ў схему “замок – адмычка”. Хтосьці вынаходзіць больш дасканалы і складаны замок, і тут жа хтосьці падбірае да яго адмычку. Меркаваньне Аляксея Чарняева:

Выкарыстоўвайце браўзэр TOR park

“Ніхто ня можа даць унівэрсальнай парады, як заўсёды абыходзіць блякаваньне. Аднак, калі казаць пра бягучую сытуацыю, то найлепшым выйсьцем для чалавека, які слаба разьбіраецца ў асаблівасьцях інтэрнэт-тэхналёгіяў, пажадана карыстацца браўзэрам “TOR park”, які дазваляе праз сетку TOR выходзіць на тыя рэсурсы, якія могуць быць недасягальныя дзякуючы высілкам якіх-небудзь дзяржаўных блякіратараў альбо фільтраў”.

Менскі вэб-дызайнер Юры Сідун таксама раіць выкарыстоўваць proxу-сэрвэры, праграму TOR. І дае яшчэ некалькі парадаў:

Карыстайцеся RSS-чыталкамі, падпісвайцеся на навіны на E-mail

“Магчыма таксама выкарыстаньне RSS-чыталак “он-лайнавых”. Напрыклад, самы вядомы – “Google reader”. То бок RSS – гэта такая тэхналёгія, якая дае магчымасьць чытаць сайт, не заходзячы на яго наўпрост, а чытаць стужкі навінаў на гэтым сайце. І калі карыстацца онлайн чыталкамі, а не праграмамі, якія стаяць на вашым кампутары, то атрымліваецца, што ў вас не адбываецца звароту, напрыклад, да Радыё Свабода, а адбываецца зварот да “google”, які, у сваю чаргу, узяў ужо на сайце Радыё Свабода навіны, якія там былі выкладзеныя. Ну і яшчэ з такіх простых – на большасьці сайтаў у Беларусі ёсьць магчымасьць падпісацца на E-mail. Пакуль што, здаецца, не было такіх выпадкаў, каб блякаваліся E-mail. Зрэшты, тэхнічна гэта вельмі складана зрабіць”.
XS
SM
MD
LG