Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа. 29 кастрычніка


Радыё Свабода Агляд беларускага сеціва.

Чытачы сайту абмяркоўваюць рэпартаж з шэсьця ў Курапаты на Дзяды, якое адбылося 28 кастрычніка ў Менску, ды абменьваюцца ўражаньнямі ад учорашняй акцыі:

«Гады два-тры таму, на мой уласны погляд, на Курапаты рушыла больш людзей... Ня ведаю, колькі было непасрэдна на мейсцы, але... Я спадзяваўся на больш масавую акцыю...»

“Здрабнелі мы трохі, аднак. Шэсьце ў 1,5-2 тысячы чалавек ужо лічым масавым. Але што зробіш, такая сытуацыя. Як той казаў, ня мы такія, жыцьцё такое”.

Лукашэнка не выключае магчымасьці продажу кантрольнага пакету акцыяў навукова-вытворчага аб’яднаньня “Інтэграл” расейскай “Сыстэме” – гэтую навіну абмяркоўваюць сёньня на форумах парталу Вось меркаваньні ўдзельнікаў форумаў:

“Слушна, а то грошы дзяржавы зьнікаюць у гэтых нерэнтабэльных прадпрыемствах, як у бяздоннай студні”.

«Валютка патрэбная, вось прадаем усё паціху. Нешта хутка актывы скідваюць, неўзабаве безь нічога застануцца».

«Што аднаўляць? «Інтэграл»? Сьмех у залі. Там ужо няма нічога. Калі раней яны выжывалі за кошт дробных замоваў, ідучы па тупіковым шляху разьвіцьця, дык цяпер прадукцыя, выпушчаная паводле гэтых тэхналёгіяў, ужо задарма нікому не патрэбная...»

На форумах сайту спрабуюць разабрацца, што такое стабільнасьць. Нехта Clarion піша:

“Усім нам кажуць, што самае галоўнае – стабільнасьць. Што ж такое стабільнасьць? Стабільна нізкія заробкі, кошты ў крамах, якія стабільна растуць? Так, сапраўды, у нас нібыта спакойна на вуліцах – бо на вуліцах нікога няма. Розныя штрафы на флікеры, дый што заўгодна!”

Блогер зьмясьціў у сваім сеткавым дзёньніку каляж пад назовам “Здаюцца тыпавыя хаткі для алігархаў”. На каляжы – цэлы мікрараён, забудаваны нацыянальнымі бібліятэкамі.

А на сайце можна знайсьці ангельска-расейска-беларускі слоўнік кампутарных тэрмінаў. Прычым у беларускім варыянце падаюцца ня толькі ўласна кампутарныя тэрміны, але й кампутарны слэнг. Напрыклад, ангельскі тэрмін favorities у слоўніку на беларускую мову перакладаецца як “абранае”, а на слэнгу гэта папросту “фаварыты”.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG