Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Л.Маракоў: гэта было адмысловае вынішчэньне беларускай эліты</B>


Галіна Абакунчык, Менск 29 кастрычніка 1937 года ў Менску адбыўся масавы расстрэл беларускай інтэлігенцыі. Ва ўнутранай турме НКВД за адну ноч былі забітыя каля 100 чалавек, 22 зь іх – пісьменьнікі. Адзін з дасьледчыкаў гісторыі сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі Леанід Маракоў заяўляе, што гэта было адмысловае вынішчэньне беларускай эліты.

Карэспандэнтка: “Сёньня 70-я гадавіна – расстрэлу беларускай інтэлігенцыі”.

Маракоў: “Ноччу будзе, празь некалькі гадзін. Ноччу з 29 на 30 кастрычніка 70-годзьдзе расстрэлу”.

Карэспандэнтка: “Што яшчэ вы здолелі адшукаць у справе дасьледаваньня гэтага факту?”

Маракоў: “Сёньняшняя ноч – яна адрозьніваецца нават для энкавэдзістаў, а таксама ад іншых дзён. Хоць у некаторыя ночы расстрэльвалі і па 200 і болей чалавек. Сёньняшняй ноччу былі расстраляныя прадстаўнікі беларускай эліты – выкладчыкі, пісьменьнікі, грамадзкія дзеячы. Менавіта ў гэты дзень, напярэдадні кастрычніцкага перавароту, яны сабе такі падарунак зрабілі. У тую ноч выразалі, фактычна, усю інтэлігенцыю, якая была ў “амэрыканцы”. І вось прайшло 70 год, а генафонд нацыі так і не аднавіўся. Такога не было ў гісторыі ніводнай нацыі”.

Карэспандэнтка: “Зь якой мэтай гэта было зроблена?”

Маракоў: “Вы ж ведаеце, што бяздумнай нацыяй лёгка кіраваць. Стралялі паводле загаду Сталіна. Стралялі штоноч, але ў гэтую і наступную – выключна інтэлігенцыю. Мне трапіў дакумэнт, зь якога я даведаўся, што быў такі выпадак, як адзін палкоўнік запытваўся ў іншага. Маўляў, што рабіць? Бо за паўгода катаваньняў з 20-30-гадовых хлопцаў парабілі 70-гадовых інвалідаў. Іх нават ў канцлягеры немагчыма адправіць, бо гэта будзе антырэкляма. І тады было вырашана такіх расстрэльваць. Яшчэ яны любілі страляць на 23 лютага, да 1 мая, да нараджэньня Леніна. Свае бальшавіцкія сьвяты яны адзначалі ціхімі масавымі забойствамі”.

Карэспандэнтка: “Як вы лічыце, дзе адбываліся расстрэлы, дзе пахаваныя гэтыя людзі?”

Маракоў: “Расстрэлы адбываліся ў самой амэрыканцы. Бо ў мяне ёсьць дзесяткі сьведчаньняў, што калі канваіры прыходзілі ноччу забіраць чалавека на расстрэл, то яго не маглі адарваць ад нараў, не зважаючы на зьбіцьцё. Таму стралялі ў турме, ціха ў патыліцу, а пасьля целы закідвалі ў машыну і вывозілі. Я думаю, што сто чалавек гэтых інтэлектуалаў яны недзе асобна захавалі”.

Карэспандэнтка: “Чым быў выкліканы гэты тэрор? Як вы лічыце?”

Маракоў: “Сталінскія памочнікі і розныя чэкісцкія інстытуты падказвалі Сталіну, што калі ня выразаць інтэлігенцыю, то Беларусь можа павярнуцца на Захад, а не на Ўсход. Я думаю, што з гэтымі мэтамі. А пасьля ён рэзка спыніў расстрэлы, бо яму, пэўна, падказалі, што чвэрць краіны расстраляная, у канцлягерах, у турмах. Як будзем абараняцца ад Гітлера? Толькі з-за гэтага”.

• Наступны госьць онлайн–канфэрэнцыі – пісьменьнік і гісторык Леанід Маракоў, 29.10.2007 • Леанід Маракоў: “Зразумела, чаму гэтая ўлада рэабілітуе наркамаў НКВД”, 26.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG