Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта “мусоліць” Курапаты?


Радыё Свабода На аўтаадказьнік нашага радыё паступіў наступны званок:



Спадар: “Да якога часу Вы будзеце мусоліць тэму Курапатаў 70-гадовай даўніны?! Чаму Вы маўчыце пра фашыстоўскую Нямеччыну?! Баіцеся згубіць даляры, якія атрымліваеце?! А цяпер пытаньні. З-за фашыстоўскай Нямеччыны загінуў кожны 3-ці беларус. Тыя салдаты, якія вярнуліся дахаты пасьля разгрому фашызму, былі бяз ног і бяз рук. Мой бацька вярнуўся з фронту інвалідам 1-й групы. Колькі было спалена беларусаў жыўцом, расстраляна, памерла з голаду! Я таксама цудам застаўся жывы, мне было 8 гадоў. Чаму Вы маўчыце, колькі эшалёнаў моладзі было адпраўлена ў Нямеччыну на рабскую працу, дзе працавалі на сем’і фашыстаў ад цямна да цямна. Сястра маёй жонкі Зоя Міхайлаўна была рабыняй у фашыстоўскай сям’і Шнайдэраў. Чаму Вы маўчыце пра Хатынь? Чаму Вы маўчыце пра тое, як пасьля вызваленьня ад фашыстаў нашы маці цягалі плугі, аручы зямлю. Пра рэпрэсіі. Вазьміце ў бібліятэцы кнігу “Памяць” 2002 год, г. Менск. Там 50 старонак прысьвечана рэпрэсіям. Старонкі 140-190. Асіповічы і Асіповіцкі раён. Гэта жах. Ведаем і бяз вас. Што рабілася ў Грузіі пры Сталіне! Дык што Вы хочаце сказаць? То бок цяпер Грузія на парозе ў НАТО. Дык да іх і прэтэнзіі. Захад і Амэрыка расходавалі 3 трыльёны даляраў на разбурэньне СССР сваімі ж галовамі. Цяпер трэба разбурыць Беларусь і Расею з дапамогай БНФ, прыбраць канкурэнтназдольную прамысловасьць і ўсталяваць ракеты каля гораду Смаленску”.

Слухачу адказвае наш аглядальнік Юры Дракахруст.

Дракахруст: “Паважаны спадар, мы ў нашых перадачах гаворым і пра ахвяраў Другой Усясьветнай вайны, пра нацысцкія злачынствы. Мы ня ставім загіблых ад рук катаў НКВД вышэй за тых, хто прыняў сьмерць ад рук гестапа і айнзацкамандаў.

Але ёсьць адрозьненьні ў тым, што пра ахвяраў нацысцкіх зьверстваў вядома калі ня ўсё, то вельмі шмат – шырока апублікаваныя шматлікія сьведчаньні і дакумэнты, адкрытыя нямецкія архівы тых часоў. У той жа час пра сталінскі тэрор вядома нашмат меней, мы ў нашых перадачах распавядалі, зь якімі цяжкасьцямі дасьледчыкі здабываюць інфармацыю аб гэтых злачынствах. Гэтых зьвестак ня толькі менш, яны яшчэ і сьвядома ўтойваюцца ад грамадзкасьці.

Іншае адрозьненьне – у гістарычным значэньні адных і іншых падзеяў для сёньняшняга дня. Нацысцкія зьверствы тварылі чужынцы. Сёньня ніякія замежнікі нападаць на Беларусь не зьбіраюцца, ніхто зь іх ня лічыць беларусаў недачалавекамі, якіх трэба панішчыць ці ператварыць у сваіх рабоў.

А вось наконт спадчыны іншага, айчыннага тэрору, у выніку якога загінула ня менш людзей, чым ад Гітлера, справы крыху іншыя. Каты НКВД – паважаныя пэнсіянэры, кіраўнік дзяржавы публічна называе Сталіна “сымбалем нашага народу”, а многія іншыя, і пры пасадах і бязь іх, гавораць, як вы – ды ня трэба гэта “мусоліць”. Калі ня памятаць, калі ня ведаць ці не хацець ведаць праўду аб мінулым, то яно можа і вярнуцца. Вам гэтага, магчыма, хочацца, нам – не.

І яшчэ дзьве маленькія заўвагі. Курапаты, вайна камуністаў супраць уласнага народу была ня 70 гадоў таму, яна працягвалася з рознай інтэнсіўнасьцю з 1917 году да самага канца камунізму. Што да Грузіі пры Сталіне, то было там прыкладна тое ж, што і ў Беларусі, таварыш Сталін быў у гэтым сэнсе інтэрнацыяналістам і рэзаў сваіх супляменьнікаў у такіх жа маштабах, як і беларусаў, расейцаў, украінцаў, літоўцаў, армянаў і іншыя народы Савецкага Саюзу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG