Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы сьледчы Алег Волчак судзіцца з пракуратурай


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Ленінскім судзе Менска пачаўся разгляд скаргі праваабаронцы Алега Волчака на дзеяньні пракуратуры Ленінскага раёну. Былы сьледчы пракуратуры даказвае, што пракуратура парушыла закон, калі адмовілася расьсьледаваць ягонае зьбіцьцё падчас мінулай прэзыдэнцкай кампаніі.

З апошніх прэзыдэнцкіх выбараў мінула ўжо болей за паўтара году, але былы сьледчы Алег Волчак перакананы, што яшчэ не ўсе парушэньні таго часу расьсьледаваныя. Алег Волчак спасылаецца, ў прыватнасьці, на свой прыклад. 17-га лютага 2006-га году ў будынку Нацыянальнага прэсавага цэнтру не адбылася прэсавая канфэрэнцыя, якую заплянаваў Аляксандр Казулін.

Кандыдата на прэзыдэнта Казуліна, як і чальцоў ягонага перадвыбарчага штабу, ў тым ліку Алега Волчака, не пусьцілі ў будынак невядомыя людзі ў цывільным. Паводле Алега Волчака, яго яшчэ і зьбілі ды пырснулі яму ў твар сьлезацечным газам. Гэтыя падзеі былі засьнятыя на відэакамэру, потым іх паказала дзяржаўнае тэлебачаньне. Але сьледчыя пракуратуры зьбіцьцё Алега Волчака расьсьледаваць адмовіліся. Паводле Алега Волчака, які ў канцы 1990-ых гадоў сам працаваў сьледчым, падчас праверкі ягонай заявы не былі зробленыя дзеяньні, якіх патрабуе закон.

“Сьледчы не апытаў мяне, Казуліна і ўсіх іншых удзельнікаў падзеяў, якія б маглі пацьвердзіць, што мне нанесьлі пашкоджаньні. Як з нашага боку, гэтак і з боку міліцыі. Другое, сьледчы не стаў высьвятляць асобы людзей, якія на мяне напалі, хаця я даў сьледзтву фіта і відэаматэрыялы, на якіх ўсё ёсьць”.

Адказ пра адмову расьсьледаваць зьбіцьцё праваабаронцы сьледчы пракуратуры Ленінскага раёну Менска спадар Пацяйковіч падпісаў у чэрвені 2006-га году. З таго часу Алег Волчак накіраваў некалькі скаргаў у вышэйшыя ўстановы пракуратуры, але ўсе яны пацьвердзілі рашэньне сьледчага. І вось праваабаронца падаў пазоў у суд на пракуратуру Ленінскага раёну. Пазоў разглядае судзьдзя Ігар Германовіч. Прадстаўнік пракуратуры Святаслаў Вялікі мяркуе, што праверка вялася законна. “Не было падставаў для расьсьледаваньня, а адной заявы ад пацярпелага для гэтага недастаткова”, -- сказаў на судзе супрацоўнік пракуратуры.

Алег Волчак прасіў выклікаць ў суд ў якісьці сьведкі Аляксандра Казуліна, які цяпер адбывае пакараньне ў віцебскай калёніі. Але судзьдзя хадайніцтва не задаволіў. Такім самым быў лёс хадайніцтва пра далучэньне да матэрыялаў справы відэафільму пра падзеі ў Нацыянальным прэсавым цэнтры. Тады Алег Волчак заявіў пра недавер судзьдзі Ігару Германовічу.

Рашэньне судзьдзя абнародуе заўтра, 30-га кастрычніка. Алег Волчак заяўляе, што ў любым выпадку ня зьмірыцца і будзе скардзіцца ў камітэт правоў чалавека ААН.

Гл. таксама:

Штаб Казуліна патрабуе распачаць крымінальную справу. 21.02.06

А.Казулін: “Улада бярэ кірунак на разьвіцьцё сілавога сцэнару”. 18.02.06
XS
SM
MD
LG