Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Віктар Казько: “Сорамна жыць у такой краіне”</B>


Вольга Караткевіч, Прага Госьцем "Начной Свабоды" 25 кастрычніка быў беларускі празаік Віктар Казько. У "Начной чытанцы" гучаў яго твор "Зазірнуць у вочы зьверу".

Караткевіч: “Чаму зьвер? Часта гавораць, што зьвяры больш гуманныя за чалавека. Што адбываецца з чалавекам, якога вы называеце зьверам, што ў ім мяшаецца ад чалавечага і зьвярынага?”

Казько: “Я не называю яго так, каб адразу ж назваць зьверам. Цікавасьць да зьвярынага ў чалавеку прыйшла да мяне гадоў 20 назад. Тады, калі скончылася перабудова. і пачалася дэмакратызацыя. На вуліцах зьявіліся нават трупы – пачалі раскопваць магілы, даставаць ордэны... На адной невялікай чыгуначнай станцыі задушаны цягніком чалавек ляжаў некалькі дзён, і не маглі яго прыбраць і пахаваць. Тое самае было, калі недзе з высокага паверху ўпаў чалавек – не маглі бэнзіну знайсьці, каб міліцыі і хуткай пад''ехаць. Спачатку я напісаў вялікі артыкул у "ЛіМе", потым у "Дружбе народов". Гэтае азьвяряэньне прыйшло да нас зь нейкім новым, вельім хіжым зьверам – чалавекам. Зь іншага боку, увага да зьвярынага ідзе яшчэ зь дзяцінства, калі я ўбачыў, як воўк схапіў авечку, ускінуў на плечы, прабег троху, скінуў долу і... яна за ім пайшла. Гэта паралелі з тым, як мы жывем, за якім зьверам ідзем і што зьвярынае вядзе нас, што намі кіруе. А наогул гэтая тэма вечная – вечная цікавасьць да прыроды чалавека. Цікавасьць да таго, ці прывяла эвалюцыя зьвера да гуманізму і наколькі адышоў чалавек ад зьвера. Гэтая тэма заўсёды, відаць, будзе цікавіць літаратуру і ўсіх нас”.

Караткевіч: “Спадар Віктар, калісьці ў інтэрвію Свабодзе ў перадачы "Вольная студыя", дзе, сярод іншага, абмяркоўвалася сытуацыя з Саюзамі пісьменьнікаў, вы сказалі – ў Беларусі стала сорамна жыць... Што трэба зьмяніць, каб не было сорамна?”

Казько: “О-о... Жыву як той воўк. Як той зьвер. Багата чаго трэба мяняць. Па-першае, гэта жыць па сумленьні. Мне ня вельмі падабаецца, пра што, часам, гаворыць пропаведзі Салжаніцын, але трэба жыць па праўдзе, па сумленьні, ня хлусіць самому сабе. Я не кажу пра іншых людзей. Да прыкладу, вось адбылося чарговае падвышэньне цэнаў на малако. Як гэта падаецца? Тыя, хто вырабляе гэтае малако, атрымалі датацыі памерам 20 мільярдаў рублёў. Як не ўгінацца ад такой праўды? Сказаць шчыра, што адбываецца, што малако даражэе. Вось зьнялі льготы... мы, маўляў, накіравалі іх на дзіцячыя сьняданкі і абеды ў школы. А гэта ж... ну ня так. І так робіцца на кожным кроку. Я не кажу нават, што цябе абражаюць узроўнем жыцьця, капейкай – цябе абражаць маральна, няпраўдай. І за гэта сорамна ў гэтай краіне жыць. Гэта і скандалы газавыя. Цяжка чуць, як ідзе апраўданьне, які тон абрала Беларусь у размовах. Выгінаесься,угінаесься. Я ўжо не кажу пра правы чалавека. Пра гэты марш, калі захоплівалі людзей і, як піша "Нродная воля", у Вілейскім раёне патрабавалі падпіску, што чалавек паедзе на “Эўрапейскі марш”, але будзе прытрымлівацца дазволенага маршруту і гэтак далей. Ну што гэта? У якой краіне, у які час? Як тут ня сорамна, як тут жыць і слухаць гэта? І гэта на кожным кроку”.

Караткевіч: “А для вас – які беларускі твор самы аптымістычны, а які – пэсымістычны?”

Казько: “Калі мне асабіста выбіраць нешта, то я скажу, што наша літаратура неяк не прыстасавалася да аптымістычных твораў. Нешта нас на самым пачатку... Зрэшты мы пачыналі са сьмеху – "Тарас на Парнасе"... Але ж гэта сьмех быў ці ня горкі, ці ня горкі наш гумар? Вось у такім гуморы мы і засталіся. Я ўспамінаю "Самсона Самасуя" Андрэя Мрыя ды іншыя творы. Лепшымі тут я лічу "Тутэйшых" Купалы. Наогул, у гэтай справе трэба вылучаць ня твор, але героя, які дае падставы не сумнявацца ў нашай будучыні і верыць у беларуса. А гэта – Несьцерка. Гэта ня аўтарскі герой, але народны пэрсанаж, носьбіт народнасьці, таго, што выключна прыналежыць толькі беларусу”.

Караткевіч: “А вось які вобраз жанчыны ў беларускай літаратуры для вас самы прывабны? А якога не стае?”

Казько: “Адразу і адказаць цяжка... Неяк наша літаратура традыцыйна бралася да твораў, да мастацтва, і неяк традыцыйна забывала пра жанчыну. Але найбольш прывабныя жанчыны, відаць, усё ж мележаўскія. Тут накладаецца яшчэ і тое, што зрабіў у кіно Тураў..."

Караткевіч: “Памятаеце, газэта "Наша Ніва" рабіла апытаньне, на які беларускамоўны твор можна было б зрабіць сэрыял. Як бы вы адказалі на гэтае пытаньне?”

Казько: “Я ўвогуле супраць сэрыялаў. Сэрыял – гэта як дурман, сапраўды нешта мыльнае, якое ахутвае, зацягвае і забываецца тое, пра што ідзе гаворка. Проста глядзіш у гэтую скрыню... Калі ж гаварыць пра тое, што не экранізавана, то я найперш сказаў бы пра караткевіцкія "Каласы пад сярпом тваім". Гэта было б вартае, сур''ёзнае і значнае. Вось цяпер па расейскім Першым канале ідзе "История государства российского". І вось мы якраз гэтага і ня маем. Я думаю і час надышоў не ствараць мыльныя опэры і стужкі пра шчасьлівае жыцьцё, якія стваралі некалі на адпаведныя даты, але ўзяцца за творы Міколы Ермаловіча і зрабіць нешта на ўзор таго, што рабіў той жа Парфёнаў у Маскве, як гэта робіць Сванідзэ. Вось якія нам сёньня патрэбныя сэрыялы”.

Караткевіч: “Дарэчы, будучы ў Менску, я бачыла шмат кніг Мікалая Чаргінца. Прысутнасьць кніг беларускіх беларускамоўных аўтараў у кнігарнях вы называеце "беларускай магілай". Вобразнае параўнаньне. Колькі цяпер і якія вашы кніжкі можна купіць у кнігарнях?”

Казько: “"Беларускай магілай" я назваў таму, што гэта сапраўды было падобна на такую яркую, упрыгожаную магілку зь некалькіх твораў сярод разгулу, раскошы ўсёй гэтай расейскамоўнай літаратуры. А беларуская літаратура там выглядае такой маленькаю, ціхенькаю. А наконт маіх твораў... 10 гадоў у "Мастацкай літаратуры" ляжаць ужо "Бунт незапатрабаванага праху", "Прахожы" – дзьве аповесьці, якія надрукаваныя ўжо і ў Маскве, адна перакладзеная ў Баўгарыі... Ужо больш за 10 гадоў нічога не выходзіла... Мне трохі і крыўдна, што мяне (ня ведаю, па якой прычыне) не ўключылі ў тую цудоўную кампанію, якую забаранілі вывучаць у школе – Бураўкіна, Гілевіча, іншых. У школьнай літаратуры я ёсьць, але кніжак, якія вывучаюцца, няма. Вось нядаўна нейкім цудам (для мяне – дзіва!) выйшла "Суд у Слабадзе" ў "Школьнай бібліятэцы". Але гэта камэрцыйны праект, і я лічу, што даволі ўдалы. Яны патрапілі добра, бо ведаюць, што школьныя бібліятэкі гэтыя кніжкі разьбяруць. А так нічога майго нідзе апрача "Дзеяслова" або нейкай газэты вы ня ўбачыце”.

Віктар Казько нарадзіўся ў 1940 годзе. Ад выбуху бомбы загінула яго маці. Замерзла сястра. Сіратой ён выхоўваўся ў дзіцячых дамах. Доўгі час празаік пісаў на ваенную тэму. Яшчэ адна яго тэма – экалёгія. У апошнія дзесяцігодзьдзі – Віктар Казько мэтафарычна, публіцыстычна піша аб палітычным і грамадзкім жыцьці краіны, дачыненьнях чалавека і дзяржавы. Вялікі розгалас атрымаў раман "Бунт незапатрабаванага праху" – у лёсе галоўнага героя чытаецца лёс кінарэжысёра Віктара Турава. Віктар Казько жанаты, мае сына.
XS
SM
MD
LG