Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі ўшанавалі 70-я ўгодкі масавага расстрэлу беларускай інтэлігенцыі


Галіна Абакунчык, Менск 29 кастрычніка 1937 году ў Менску адбыўся масавы расстрэл беларускай інтэлігенцыі. Ва ўнутранай турме НКВД за адну ноч былі забітыя каля ста чалавек, 22 зь іх — пісьменьнікі. У 70-я ўгодкі трагедыі прадстаўнікі грамадзкасьці наведалі месцы пахаваньня ахвяраў бальшавіцкага тэрору ў Менску. Улады не дазволілі мітынгу-рэквіему ў Курапатах.

Набажэнства на месцах пахаваньняў адпраўляў праваслаўны сьвятар Леанід Акаловіч. Запалілі сьвечкі і ўсклалі кветкі на Кальварыі, у Лошыцы, Трасьцянцы, парку Чалюскінцаў.

Гутару з удзельнікамі акцыі памяці:

Спадарыня: “Мяне завуць Людміла Белахвостава. Я прыйшла сюды, бо такую трагедыю забыць немагчыма: 70 гадоў таму было забіта больш за сто чалавек”.

Спадарыня: “Я прыйшла паводле поклічу свайго сэрца. Бо 70 гадоў таму былі закатаваныя прадстаўнікі беларускай эліты. І кожны сумленны чалавек павінен гэта памятаць”.

Сярод удзельнікаў помнай імпрэзы былі вядомыя палітыкі й грамадзкія дзеячы, такія, як Павал Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, Мікола Купава ды іншыя.

Гаворыць Павал Севярынец:

“Безумоўна, кожны беларус павінен пабыць у гэтых месцах Менску, дзе пахаваныя беларускія пакутнікі ад камунізму. Бо дух камунізму дзейнічае і дагэтуль. Тое, што мы бачым лініі Сталіна, ушанаваньне Леніна з боку ўладаў, паказвае на тое, што гэтае змаганьне ня скончанае”.

Жалобная імпрэза адбылася з ініцыятывы аргкамітэту ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Плянавалася, што ў Курапатах адбудзецца мітынг-рэквіем, аднак улады яго забаранілі, кажа адна з арганізатарак Ларыса Андросік:

“Дазволу не далі, матываваўшы тым, што нясвоечасова падалі заяўку. Але ўсе гэтыя месцы мы ўшануем”.

Набажэнствам з удзелам сьвятароў грэка-каталіцкай канфэсіі акцыя памяці завяршылася ў Курапатах.

Аднак жалобныя імпрэзы да 70-й гадавіны кульмінацыі бальшавіцкага тэрору гэтым не завяршаюцца, паведаміў гісторык Ігар Кузьняцоў:

“Ад нас чакаюць, што сёньня мы правядзем імпрэзы й на гэтым усё завершыцца. Аднак на гэтым усё не завершыцца: наперадзе грамадзкі суд над сталінізмам, наперадзе праца над ушанаваньнем памяці ахвяраў. Таму гэтая праца будзе працягвацца”.

Удзельнікаў акцыі памяці ўсю дарогу супрацоўнікі міліцыі й невядомыя асобы ў цывільным.

Грамадзкі аргкамітэт ушанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў паўстаў у 2006 годзе дзеля падрыхтоўкі помных імпрэзаў да 70-х угодкаў кульмінацыі бальшавіцкага тэрору 1937 году.

Аргкамітэт складаюць прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў, палітыкі, навукоўцы, былыя рэпрэсаваныя. Яго ўзначальваюць навуковец Ігар Кузьняцоў і пісьменьнік Васіль Якавенка, акадэмік Радзім Гарэцкі.

Сябры аргкамітэту прапанавалі ўладам абвясьціць 2007 год Годам памяці ахвяраў рэпрэсіяў 1920—1950-х гадоў, а 29 кастрычніка — Днём памяці ў Беларусі. Аднак былы старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка назваў гэтую прапанову “нямэтазгоднай”.

Напярэдадні ў Курапатах адбылося традыцыйнае масавае шэсьце і мітынг, прымеркаваныя да Дзядоў. Днямі тут аднавілі Крыж пакутаў. Раней яго разбурылі невядомыя зламысьнікі.

Менск, 29.10.2007.

Менск, 29.10.2007.

Менск, 29.10.2007.

Менск, 29.10.2007.

Менск, 29.10.2007.

Менск, 29.10.2007.

Менск, 29.10.2007.

Менск, 29.10.2007.

Сёньня — Дзень памяці. Мітынг-рэквіем улады не дазволілі Дзяды 2007: Онлайн-рэпартаж
XS
SM
MD
LG