Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўла Севярынца дапыталі ў крымінальнай справе пра забойства


Любоў Лунёва, Менск Сьледчы пракуратуры Савецкага раёну Менску дапытаў палітыка Паўла Севярынца ў крымінальнай справе паводле забойства таксіста. Абвінавачаны ў крымінальнай справе казаў, што нібыта ведаў Паўла Севярынца і ў дзень забойства ехаў да яго на таксоўцы. Павал даказаў, што быў тады на сэмінары ў Кіеве. Ён мяркуе, што ўлады могуць скарыстацца сьведчаньнямі абвінавачанага, каб дыскрэдытаваць актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху.

Павал Севярынец даў паказаньні ў крымінальнай справе, якую сьледчыя пракуратуры распачалі яшчэ ў 2003 годзе. Тады на вуліцы Гікалы ў Менску быў забіты таксіст.

Па часе знайшлі падазраванага ў забойстве. Ён паведаміў, што нібыта ехаў у кватэру Паўла Севярынца і спаў на заднім сядзеньні таксі. На вуліцы Гікала таксіст спыніўся і запатрабаваў разьлічыцца за праезд. Пасажыр ударыў кіроўцу нажом.

Паўлу Севярынцу ў пракуратуры прадэманстравалі фотаздымкі абвінавачанага ў забойстве, якога ўжо не аднойчы пасьля 2003 году судзілі за розныя злачынствы.

Павал паказаў свой пашпарт. Паводле датаў у штампах аб перасячэньні беларускай мяжы, Павал Севярынец у дзень забойства знаходзіўся на сэмінары ў Кіеве. Нягледзячы на гэта сьледчы гадзіну задаваў пытаньні.

Гаворыць Павал Севярынец:

“Пракурор выклікаў мяне ў якасьці сьведкі й задаў адно пытаньне, якое абсалютна не вязалася з сутнасьцю справы. Ён спытаў, ці ўдзельнічаў я ў нейкіх апазыцыйных арганізацыях — бо, можа, мы былі недзе разам у нейкіх там апазыцыйных справах.

Я яму адказаў, што гэта ня мае ніякага дачыненьня да справы і прадэманстраваў яму свой пашпарт са штампікамі.

Не выключаю, што будзе прадпрынятая спроба зьвязаць забойства ня толькі з маім імем, але й яшчэ казаць, маўляў, вось якія знаёмыя... А хлопец там сапраўды, як кажуць, дэвіянтных паводзінаў. Не выключаю, што ўлады могуць гэтым скарыстацца”.

Сябры Паўла Севярынца непакоіліся, што яго пасьля допыту могуць накіраваць у сьледчы ізалятар, каб да суду трымаць пад вартай. Таму каля будынку пракуратуры яго чакалі некалькі чалавек.

Сьледчы пракуратуры паведаміў Паўлу Севярынцу, што справу перадаюць у суд. Нягледзячы на тое, што Павал нічога па сутнасьці крымінальнай справы патлумачыць ня можа, сьледчы папярэдзіў, што яго ўсё роўна выклічуць на суд як сьведку.

Гл. таксама:

П.Севярынца выклікаюць у пракуратуру ў справе аб забойстве таксіста
XS
SM
MD
LG