Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лічба дня: 33 працэнты даверу да міліцыі


Юры Дракахруст, Прага 33 працэнты беларусаў лічаць, што калі б яны згубілі кашалёк з дакумэнтамі і грашыма і яго знайшла міліцыя, то вярнула б уладальніку. Такія дадзеныя апытаньня, праведзенага амэрыканскім сацыялягічным цэнтрам Gallup organization.

Апытаньне было праведзенае ў 86 краінах, у кожнай зь іх было апытана прыблізна тысяча чалавек. Рэспандэнтам задаваліся тры пытаньні пра страчаны кашалёк, у якім былі дакумэнты, па якіх можна ідэнтыфікаваць уладальніка: ці вернуць яго, калі знойдуць, суседзі, прадстаўнікі органаў правапарадку (паліцыі) і выпадковыя мінакі.

Ацэнкі людзьмі гэтай сытуацыі насамрэч вымяраюць розныя аспэкты даверу ў грамадзтве: давер вузкай грамадзе, у якой жыве чалавек, давер дзяржаве, і давер суграмадзянам, якія не зьвязаныя з апытаным ніякімі асаблівымі сувязямі.

Самы высокі давер да сваіх грамадзтваў прадэманстравалі апытаныя скандынаўскіх краінаў –Фінляндыі і Нарвэгіі, а таксама Ірляндыі, Швэйцарыі і Новай Зэляндыі. У гэтых краінах больш за 90% упэўненыя, што знойдзены кашалёк вярнулі б і суседзі, і паліцыя, прыкладна чвэрць апытаных у кожнай з гэтых краінаў мяркуюць, што знойдзены кашалёк вярнулі б і выпадковыя мінакі. У краінах з высокім узроўнем даверу, такіх як, Ірляндыя і Аўстрыя, на паліцыю ў такой гіпатэтычнай сытуацыі спадзяюцца нават больш, чым на суседзяў.

На іншым канцы шкалы – Камбоджа, Лаос і Сьера-Леонэ, у гэтых краінах менш за чвэрць апытаных адказалі, што кашалёк вернуць суседзі, прыкладна столькі ж спадзяюцца на паліцыю, у Лаосе і Камбоджы толькі 1% апытаных упэўнены, што кашалёк верне выпадковы мінак.

Беларусь, як і большасьць іншых постсавецкіх краінаў – у сярэдзіне сьпісу. 49 % беларусаў мяркуюць, што знойдзены кашалёк верне сусед, 33% -- што верне міліцыя, і толькі 6% -- што верне выпадковы мінак. Калі ў краінах на краёх шкалы суседзям і паліцыі давяраюць прыкладна аднолькава (гэты ўзровень даверу аднолькава нізкі ці аднолькава высокі), то ў Беларусі назіраецца выразны разрыў паміж даверам блізкаму атачэньню і праваахоўным органам. Такая ж тэндэнцыя назіраецца і ў суседзяў Беларусі: у Літве і Латвіі крыху большы давер да суседзяў (59% і 56% адпаведна) і да паліцыі (49% і 39%), у Расеі і ва Ўкраіне – амаль такі ж давер да суседзяў, як у Беларусі (48% і 45%), але істотна меншы – да міліцыі (24% і 20% адпаведна).

Такім чынам літоўцы і латышы больш давяраюць сваім суграмадзянам і дзяржаве, чым беларусы, а ўкраінцы і расейцы – менш, чым беларусы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG