Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>С.Бэльхасэн прыехала падтрымаць грамадзянскую супольнасьць Беларусі</B>


Алесь Дашчынскі, Менск У Беларусі знаходзіцца прэзыдэнтка Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH) Сугайр Бэльхасэн. Яна заявіла, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі зьяўляецца найбольш напружанай у рэгіёне. Мэта місіі — падтрымаць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі. А таксама вывучыць умовы ўтрыманьня пад вартай і выпадкі жорсткага абыходжаньня ў няволі. Са спадарыняй Сугайр Бэльхасэн пагутарыў наш карэспандэнт.

Сугайр Бэльхасэн жадае сустрэцца з прадстаўнікамі чатырох міністэрстваў — юстыцыі, інфармацыі, замежных і ўнутраных справаў.

Аднак пакуль улады не далі згоды — хоць у амбасадзе Беларусі ў Францыі сказалі, што зрабілі ўсё магчымае для арганізацыі сустрэчы ў Міністэрстве замежных справаў.

Спадарыня Бэльхасэн заявіла:

“Я абавязкова хачу сказаць беларускім уладам, калі мы зь імі сустрэнемся, што Беларусь ня можа падтрымліваць стасункаў толькі з такімі краінамі, як Іран, Куба, Вэнэсуэла Чавэса.

А прадаваць зброю Судану — гэта надзвычай небясьпечна ў сувязі з тым, што там адбываецца. Бо Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека працуе над адваротным — над тым, каб у Судане ды іншых рэгіёнах быў мір”.

Спадарыня Бэльхасэн хацела прыехаць на працэс у Вярхоўным Судзе, дзе разглядалі рэгістрацыю грамадзкага праваабарончага аб’яднаньня “Вясна”. Аднак на тыя дні беларускія ўлады ня выдалі ёй візы.

Якая мэта яе візыту?

Бэльхасэн: “Гэта мой першы візыт у гэты рэгіён — у краіну, дзе сытуацыя з правамі чалавека найбольш напружаная.

Па-другое, гэта візыт у падтрымку праваабарончага аб’яднаньня “Вясна”, якое зьяўляецца сябрам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека. А яе старшыня Алесь Бяляцкі ёсьць віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека.

Мы хацелі б сустрэцца з прадстаўнікамі беларускіх уладаў і прэзэнтаваць ім працу Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека і “Вясны”. Мы папрасілі сустрэчы з чатырма міністэрствамі. Апроч таго, адна з мэтаў візыту —вывучэньне ўмоваў утрыманьня пад вартай у Беларусі й выпадкаў жорсткага абыходжаньня ў зьняволеньні.

У цэлым мэта маёй місіі — гэта падтрымка грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі”.

Карэспандэнт: “Ці вас цікавіць лёс палітзьняволеных? Ці хочаце вы іх наведаць?”

Бэльхасэн: “Гэта адно з нашых асноўных пытаньняў. І наколькі гэта магчыма, я хацела б сустрэцца з палітзьняволенымі. Гэта падкрэсьлівае важнасьць працы нашай місіі што да ўмоваў утрыманьня пад вартай у Беларусі”.

Карэспандэнт: “Як Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека ацэньвае сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі?”

Бэльхасэн: “Тое, што мы прыехалі ў гэтыя дні, — невыпадкова. Толькі што завяршыўся працэс адносна “Вясны”, нашай арганізацыі-сябра, якую мы падтрымлівалі й будзем падтрымліваць.

І гэты працэс вельмі добра паказвае тое, што грамадзянская супольнасьць успрымаецца ўладамі Беларусі як пагроза. Тым ня менш, грамадзянская супольнасьць працягвае аказваць пэўны супраціў рэакцыі ўладаў.

Пасьля прыняцьця паправак у Крымінальны кодэкс, на жаль, сытуацыя незалежных арганізацыяў усё больш пагаршаецца. І ў гэтым сэнсе надзвычай засмучае рашэньне Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь, які дэманструе волю на тое, калі ня поўнасьцю ліквідаваць, то ўжо дакладна маргіналізаваць незалежную грамадзянскую супольнасьць.

І арганізацыю, якая змагаецца за захаваньне правоў чалавека, за дэмакратыю, супраць гвалтоўных зьнікненьняў, супраць сьмяротнага пакараньня і карупцыі.

І тое, што я хачу зрабіць, — аддаць належнае працы незалежнай грамадзянскай супольнасьці ў цэлым, аб’яднаньня “Вясна” ў прыватнасьці, ад імя Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, якая аб’ядноўвае 155 арганізацыяў са ста краін сьвету.

І гэта доказ таго, што мы, усе арганізацыі ў розных краінах, прызнаем важнай тую працу, якая праводзіцца праваабаронцамі ў Беларусі”.

Да абраньня на пасаду прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека спадарыня Бэльхасэн была віцэ-прэзыдэнтам Туніскай лігі правоў чалавека. Яна заявіла, што візытам у Беларусь хоча падкрэсьліць салідарнасьць з грамадзянскай супольнасьцю.

Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека мае трывалыя сувязі з уплывовымі міжнароднымі структурамі, у тым ліку з кіраўніцтвам Эўразьвязу.

Паводле спадарыні Бэльхасэн, Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека для беларускіх няўрадавых арганізацыяў ёсьць “моцным голасам на міжнароднай арэне”. Прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Сугайр Бэльхасэн падчас сустрэчы з праваабаронцамі ў Менску Прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Сугайр Бэльхасэн і віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі ў Менску • Праваабаронцы прымусілі суд і Мін’юст гаварыць па-беларуску, 23.10.2007 • Слова “вясна” забаранілі выкарыстоўваць у назвах?, 25.10.2007 • Вярхоўны Суд вырашыў, што “Вясны” ня будзе, 26.10.2007 • Міністэрства юстыцыі не зарэгістравала “Вясну”, 24.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG