Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі слухаю “Мартыралёг Свабоды” — сьціскаецца сэрца


Радыё Свабода Агляд вашых тэлефанаваньняў за 29 кастрычніка, панядзелак.

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

28 кастрычніка ў Менску адбыліся шэсьце і мітынг у Курапатах з нагоды Дня памяці продкаў. У акцыі, якую арганізавала Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ, удзельнічала да дзьвюх тысяч чалавек.

“Няўжо пытаньне Курапатаў і ўвогуле сталінскага генацыду не цікавяць дэмсілы?”

Волюсь, Гомель: “Хачу даведацца адказы на два пытаньні. Першае. Ці нагадаюць дэмсілы ўдзельнікам сходу камуністаў, які прысьвечаны 90-годзьдзю бальшавіцкага перавароту, пра неабходнасьць папрасіць у народу прабачэньня за тэрор, які зьдзейсьнілі камуністы за ўвесь час свайго панаваньня?

І другое. Няўжо пытаньне Курапатаў і ўвогуле сталінскага генацыду над народам не цікавяць дэмсілы — акрамя партыі Пазьняка?!”

Ад 3 да 5 лістапада ў Менску пройдзе сустрэча прадстаўнікоў камуністычных і працоўных партыяў сьвету. Форум прымеркаваны да 90-годзьдзя кастрычніцкага перавароту.

На пытаньні слухача адказвае намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, які ўчора ўдзельнічаў у шэсьці й мітынгу ў Курапатах.

Івашкевіч: “Па-першае, у шэсьці на Курапаты ўдзельнічалі ня толькі прадстаўнікі КХП-БНФ, але і Партыя БНФ, “Малады фронт” і Аб’яднаная грамадзянская партыя, чыю сымболіку я непасрэдна бачыў. Таму казаць, што болей гэта нікога не цікавіць, гэта няпраўда.

Па-другое, Партыяй БНФ будзе прыняты зварот да ўдзельнікаў камуністычнага збору, каб яны зьяжджалі з тэрыторыі Беларусі”.


“Мартыралёг Свабоды”: кароткае слова вядучага: “Расстраляны” — гэта як стрэл”

Спадарыня: “Калі слухаю “Мартыралёг Свабоды”, кароценькія паведамленьні штодзень — сьціскаецца сэрца. І кароткае слова вядучага: “Расстраляны” — гэта як стрэл і ў нашы душы. За што?! За што катавалі, мучылі?! За тое, што працавалі, думалі, любілі гэтую зямлю, хацелі жыць па праўдзе.

Мы не павінны забыць, што зрабіў бальшавізм з Усходу. Я запомніла словы майго дзеда пра бальшавізм у Заходняй Беларусі пасьля 1939 году: “Чалавечая кроў не прападае”. З гадамі зразумела па-сапраўднаму балючы сэнс гэтых словаў.

Толькі не пакаяцца зьбяруцца камуністы ў Менск 7 лістапада. А мільёны проста скалечаных гэтай пачварнай ідэалёгіяй душаў, мільёны скалечаных жыцьцяў. Паслухайце. “Мартыралёг Свабоды”. Дзякуй, “Свабода”. Усяго найлепшага ў працы”.

“У расейскім каталёгу не аказалася ня толькі “Московского комсомольца”, але і “Коммерсанта”, “Новой газеты”, “Независимой газеты”

Спадарыня: “Мы шмат гадоў выпісваем расейскае выданьне “Московский комсомолец”. Вось і цяпер прайшла падпісная кампанія. Даведаўшыся, што наша пошта атрымала каталёг падпісных расейскіх выданьняў на першае паўгодзьдзе 2008 году, я выправілася туды, каб зноў падпісацца на “МК”.

І якое ж было маё зьдзіўленьне, калі ў расейскім каталёгу падпісных выданьняў не аказалася ня толькі “Московского комсомольца”, але і “Коммерсанта”, “Новой газеты”, “Независимой газеты” ды іншых незалежных выданьняў.

І як жа ўладам ня сорамна?! Яны, мусіць, разьлічваюць, што, адсекшы “Московский комсомолец” і іншыя незалежныя выданьні, мы адразу падпішамся на беларускія дзяржаўныя. Ды ніколі гэтага ня будзе! Да пабачэньня”.

Прадстаўніца “Белпошты” пацьвердзіла, што некаторыя расейскія выданьні выключаныя з падпіснога каталёгу на першае паўгодзьдзе 2008 году. Аднак яна не патлумачыла прычыну:

Супрацоўніца: “У гэтым паўгодзьдзі ў каталёгу ня будзе”.


”Каму належаў будынак прэзыдэнтуры?”

Зіноўеў: “Раскажыце, каму належаў будынак прэзыдэнтуры з восені 1991 году да інаўгурацыі Лукашэнкі. Дзякуй”.

Адказвае старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч:

Шушкевіч: “Вярхоўны Савет вырашыў, што там будзе Вярхоўны Савет. Хацелі, каб урад і Вярхоўны Савет знаходзіліся ў розных будынках. У пэўным сэнсе Вярхоўны Савет адчуваў сябе няўтульна, бо ён быў падпарадкаваны ўраду ў гаспадарчых пытаньнях, і там мог бы быць уціск.

Вярхоўны Савет пачаў перабірацца ў той будынак. Ніхто тады не меркаваў, што вакол прэзыдэнта ўтворыцца яшчэ адна структура. Тады не меркавалася, што ён будзе мець такія заканадаўчыя паўнамоцтвы”.


Пэнсіянэр, Менск: “У адной зь беларускіх газэтаў я прачытаў інтэрвію былога прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Вячаслава Кебіча.

Ён расказваў карэспандэнту пра тое, што аднойчы пазваніў яму прэзыдэнт Казахстану Назарбаеў і папрасіў накіраваць у Казахстан некалькі тысяч трактароў, а наўзамен прышле шмат пшаніцы, бо ўраджай у іх быў тады выдатны, паводле яго словаў.

І вось Кебіч паведаміў, што тры тысячы трактароў на яго загад былі пагружаныя на плятформы і накіраваныя ў Казахстан, а пшаніца так і не прыбыла ў Беларусь. Вось так. Такі шчодры падарунак даслала Беларусь Казахстану. Цікава, можа, цяпер вырашылася гэта пытаньне?”

Тлумачыць эканаміст Зьміцер Бабіцкі:

Бабіцкі: “Асабіста мне пра гэты выпадак нічога не вядома. Агульнагаспадарчая практыка такая, што дамовы такога кшталту ажыцяўляюцца на падставе дакумэнтаў.

Гэта можа быць дамова паміж розныімі гаспадарчымі суб’ектамі альбо дамова паміж дзяржавамі. У гэтым выпадку пра дакумэнты я ня чуў.

Ці існуюць цяпер бартэрныя схэмы? Я мяркую, што яны адышлі, бо ў рэгіёне ёсьць больш-менш стабільныя валюты. А ў той момант, калі працаваў Кебіч, сапраўды былі бартэрныя і клірынгавыя схэмы. Цяпер яны менш актуальныя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG