Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь наведвае прэзыдэнтка Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека


Алесь Дашчынскі, Менск У Беларусі з візытам знаходзіцца прэзыдэнтка Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Сухайр Бэлхасэн. Яна плянуе сустрэцца з прадстаўнікамі чатырох міністэрстваў – юстыцыі, інфармацыі, замежных і ўнутраных справаў. Аднак пакуль улады не далі згоду на правядзеньне такіх сустрэчаў. Хаця ў амбасадзе Беларусі ў Францыі сказалі, што зрабілі ўсё магчымае для арганізацыі сустрэчы ў Міністэрстве замежных справаў.

Таксама спадарыня Бэлхасэн плянуе пагутарыць з праваабаронцамі, сябрамі няўрадавых арганізацый.

Пра мэты візыту спадарыня Сухайр Бэлхасэн сказала для Радыё Свабода:

“Па-першае, гэта мой першы візыт у гэты рэгіён, у краіну, дзе сытуацыя з правамі чалавека зьяўляецца найбольш напружанай. Па-другое, гэта візыт у падтрымку праваабарончага аб’яднаньня “Вясна”, якое зьяўляецца сябрам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека. А яе старшыня Алесь Бяляцкі ёсьць віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека.

Мы хацелі б сустрэцца з прадстаўнікамі беларускіх уладаў і прадставіць ім працу Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека і “Вясны”. Мы папрасілі сустрэчы з чатырма міністэрствамі. Апроч таго, адна з мэтаў візыту – вывучэньне ўмоваў утрыманьня пад вартай у Беларусі і выпадкаў жорсткага абыходжаньня ў зьняволеньні.

У цэлым мэта маёй місіі – гэта падтрымка грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі”.

Якая ацэнка сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі?

Сухайр Бэлхасэн: “Тое, што мы прыехалі ў гэтыя дні – невыпадкова. Толькі што завяршыўся працэс адносна “Вясны”, нашай арганізацыі-сябра, якую мы падтрымлівалі і будзем падтрымліваць. І гэты працэс вельмі добра паказвае тое, што грамадзянская супольнасьць успрымаецца цяперашнімі ўладамі Беларусі як пагроза для ўлады. Тым ня менш, грамадзянская супольнасьць працягвае аказваць пэўны супраціў рэакцыі ўладаў.

Пасьля прыняцьця паправак у Крымінальны кодэкс, на жаль, сытуацыя незалежных арганізацый усё больш пагаршаецца. І ў гэтым сэнсе надзвычай засмучае рашэньне Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь, які дэманструе волю на тое, калі ня поўнасьцю ліквідаваць, то ўжо дакладна маргіналізаваць незалежную грамадзянскую супольнасьць і арганізацыю, якая змагаецца за захаваньне правоў чалавека, за дэмакратыю, супраць гвалтоўных зьнікненьняў, супраць сьмяротнага пакараньня і карупцыі.

І тое, што я хачу зрабіць – аддаць належнае працы незалежнай грамадзянскай супольнасьці ў цэлым, аб’яднаньня “Вясна” у прыватнасьці, ад імя Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, якая аб’ядноўвае 155 арганізацый са ста краін сьвету. І гэта доказ таго, што мы, усе арганізацыі ў розных краінах, прызнаем важнай тую працу, якая праводзіцца праваабаронцамі ў Беларусі”.

Цалкам інтэрвію з Сухайр Бэлхасэн пазьней на нашым сайце і ў вечаровым эфіры.
XS
SM
MD
LG