Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Бардаўская восень” скончылася


Севярын Квяткоўскі, Беласток Фэстываль завяршыўся канцэртамі на Беластоцкім радыё і ў горадзе Гайнаўцы. У нядзелю гэта была ўжо праграма “Бардаўскай восені”. Асноўныя падзеі разгортваліся ў горадзе Бельску-Падляскім, што на Беласточчыне.

26 кастрычніка тут выступалі восем канкурсантаў. Дар’я Кадамская зь Менску атрымала гран-пры, Тамаш Суліма зь Бельску – другую прэмію, акустычны менскі гурт “Босае Сонца” – трэцюю.

Сярод гасьцей-выступоўцаў былі прадстаўнікі Беласточчыны, напрыклад, Ілона Карпюк, а таксама беларускія зоркі: Лявон Вольскі, Алесь Камоцкі, Віктар Шалкевіч, Кася Камоцкая, Зьміцер Вайцюшкевіч, Андрэй Мельнікаў.

“Бардаўская восень” ладзіцца ад 1991 году Зьвязам беларускай моладзі Польшчы. Арганізатар сёлетняга і шэрагу папярэдніх фэстываляў Ігар Лукашук адзначае, што фармат фэстывалю пашыраецца. І само паняцьце “бард” – зьмяняецца. Таму, напрыклад, на сцэне можна было пабачыць ня толькі чалавека зь гітарай, але і зь іншымі інструмэнтамі, напрыклад, з скрыпкай.

“Бардаўская восень” – другі фэстываль беларускай музыкі, які ладзіцца на Беласточчыне. Крыху раней,у 1990-м тут распачаўся фэстываль рок-музыкі “Басовішча”, на які едуць зь Беларусі сотні, а часам тысячы людзей. “Бардаўская восень” больш камэрнае мерапрыемства, якое ладзіцца не на адкрытым паветры, а ў залі бельскага дому культуры.

Сёлета ўся заля была запоўненая, а ўвага прэсы да “Бардаўскай восені” надзвычайная. “Бардаўская восень“ застаецца адным зь нямногіх непадцэнзурных культурных мерапрыемстваў для беларусаў.
XS
SM
MD
LG