Лінкі ўнівэрсальнага доступу

70 гадоў таму ў Менску расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў інтэлігенцыі


Іна Студзінская, Менск 29 кастрычніка 1937 году ў Менску адбылася акцыя, аналягаў якой яшчэ ня ведала гісторыя. На працягу ночы былі расстраляныя 22 беларускія літаратары, у наступную ноч яшчэ чацьвёра.

Пісьменьнік Леанід Маракоў, які днямі прэзэнтаваў сваю кнігу “Ахвяры і карнікі”, кажа:

“Тады, 29 і 30 кастрычніка, у Менску ўсяго расстралялі каля 100 чалавек, эліту нацыі, інтэлігенцыю. А любімыя дні ў катаў для расстрэлаў былі – менавіта кастрычніцкія сьвяты і Дзень Чырвонай Арміі”.

Ахвярамі сталінскага генацыду 29 кастрычніка сталі літаратары Якаў Бранштэйн, Віктар Вайноў, Анатоль Вольны, Платон Галавач, Алесь Дудар, Хацкель Дунец, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Язэп Каранеўскі, Майсей Кульбак, Аляксей Кучынскі, Саламон Левін, Юрка Лявонны, Валеры Маракоў, Зяма Півавараў, Васіль Сташэўскі, Ізя Харык, Пятро Хатулёў, Міхась Чарот, Макар Шалай, Павел Шастакоў, Арон Юдэльсон. У наступную ноч расстралялі Прохара Іспраўнікава, Янку Нёманскага, Тодара Кляшторнага і Юлія Таўбіна. Усяго – 26 чалавек. Не ратавалі ні ўзрост, ні талент, ні пасада. Паэту Валер''ю Маракову было 27, яго высока цаніў Янка Купала. Міхась Чарот быў рэдактарам “Советской Белоруссии”, Платон Галавач – сакратаром ЦК камсамолу Беларусі. І яго расстралялі ў дзень нараджэньня камсамолу.

На пачатку 1990-х, калі старшынём КДБ быў Эдуард Шыркоўскі, літаратуразнаўца Лідзія Савік была дапушчаная ў архівы КДБ:

“Мы вельмі спадзяваліся, што ў архівах знойдзем іхныя творы. Мы ж ужо ведалі, што разам зь літаратарамі арыштоўвалі і іхныя творы, нават тыя, якія ўжо пасьпелі выйсьці. Аднак мы натыкаліся ў пратаколах арышту на “Акт аб спаленьні”. У Міхася Зарэцкага быў напісаны раман “Крывічы”, першая частка ўжо была надрукаваная. І мы чытаем: “800 старонак рукапісу Міхася Зарэцкага спаліць як ня маючыя літаратурнай каштоўнасьці”. І другое, на што мы натыкаліся – “Акт аб прывядзеньні прысуду ў дзеяньне”.

Лідзія Савік на ўласныя вочы бачыла і пратаколы допытаў, і сьмяротныя прысуды, падпісаныя тагачасным старшынём Вярхоўнага суду Васілём Карпікам, у якіх пісалі “прыгавораны да вышэйшай меры сацыяльнай абароны”. Лідзія Сымонаўна кажа, што падчас працы ў архіве яна шукала дакладную інфармацыю, дзе і калі былі расстраляныя людзі, бо ў савецкіх выданьнях, энцыкляпэдыях, калі згадваліся гэтыя людзі, былі непраўдзівыя зьвесткі:

“Нідзе ня згадвалася, што яны расстраляныя ці памерлі ў 1937 годзе. Заўсёды былі непраўдзівыя зьвесткі кшталту “памёр ад разрыву сэрца ў 1941 ці 1943 годзе. І сапраўды, з пратаколаў мы “выведвалі” сапраўдныя даты расстрэлу і тое, што яны расстраляныя ў Менску. Хутчэй за ўсё, у Курапатах, на ўскрайку Парку Чалюскінцаў, у Лошыцы”.

Каля ста беларускіх літаратараў загінулі ў ГУЛАГу, ня вытрымаўшы зьдзекаў і ўмоваў жыцьця. А ўсяго было рэпрэсавана больш за 500 прафэсійных літаратараў.

• Леанід Маракоў: “Зразумела, чаму гэтая ўлада рэабілітуе наркамаў НКВД”, 26.10.2007
XS
SM
MD
LG