Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатаx ушанавалі памяць продкаў і ахвяраў камунізму


Ганна Соўсь, Менск Сёньня ў Менску прайшло шэсьце і мітынг у Курапатах з нагоды Дня памяці продкаў. У жалобных урачыстасьцях, арганізаваных Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыяй БНФ, узялі ўдзел ад паўтары да дзьвюх тысячаў чалавек. Пераважная большасьць удзельнікаў сёлетняй акцыі былі маладыя людзі. Шэсьцем на Курапаты сёньня прайшла і наша карэспандэнтка.

Больш за тры з паловай гадзіны каля дзесяці кілямэтраў менскімі вуліцамі прайшлі ўдзельнікі жалобнага шэсьця на Курапаты.

"Галоўнае, што грамадой ідзем"

Гэтым доўгім шляхам ішла, нягледзячы на дрэнны стан здароўя, і дачка расстралянага паэта Тодара Кляшторнага Мая Кляшторная, якая сама зьведала 18 гадоў ГУЛАГу.

“Сьвяты дзень. І галоўнае, што грамадой ідзем, і не адчуваеш сябе ў гэтым сьвеце адзінокай, як то было ўсё маё жыцьцё”.

Праз дзень спаўняецца 70 гадоў з дня гібелі Тодара Кляшторнага. Калі бацьку расстралялі, Маі было 3 месяцы.

Жалобнае шэсьце пачалося ад Парку Чалюскінцаў, і адразу ж усе зьвярнулі ўвагу на тое, што пераважная большасьць удзельнікаў – гэта моладзь. Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка кажа, што гэта ўжо тэндэнцыя:

“Гэта сьведчыць, што моладзь прыходзіць да нацыянальнай ідэі, што моладзь успрымае сэрцам жывое і пэрспэктыўнае, а гэта – беларуская нацыянальная ідэя”.

Адзін з маладых удзельнікаў акцыі Максім ўпершыню ідзе шэсьцем на Курапаты:

“Я жыву тут недалёка і заўжды назіраў з вакна. А сёлета вырашыў схадзіць. Дзяды – гэта калі памінаюць продкаў – вось што для мяне Дзяды”.

"Гэты год сымбалічны – 70 гадоў, як быў самы страшэнны год для Беларусі – 1937-мы”

А для аднаго зь лідэраў “Маладога фронту” Зьмітра Хведарука гэта ўжо чацьвёртае шэсьце з нагоды Дня памяці продкаў:

“Асабліва гэты раз для мяне такі памятны, бо сёлета ў Курапатах нейкія вандалы паламалі Крыж пакутаў. Гэты год сымбалічны – 70 гадоў, як быў самы страшэнны год для Беларусі – 1937-мы”.

Аўтар ідэі Крыжа пакутаў і крыжа-капліцы “Маці Божая Курапацкая” мастак Аляксей Марачкін ужо 18-ты раз запар бярэ ўдзел у мэмарыяльных мерапрыемствах з нагоды Дзядоў:

“Людзі будуць кожны год ісьці ў гэтае намоленае месца – Курапаты. Мне прыемна. Што моладзь, трымала ў руках сьцяжкі з выявай Маці божай Курапацкай, якую я аднавіў у Курапатах напярэдадні Дзядоў”.

Удзельнікі шэсьця несьлі бел-чырвона-белыя сьцягі, сьцягі палітычных партый. Цягам трохгадзіннага шэсьця гучэлі беларускія песьні.

“Гэты крыж стаў сымбалем нашага духоўнага і нацыянальнага Адраджэньня"

Акцыя была дазволеная ўладамі, аднак адрозна ад мінулых шэсьцяў на Дзяды, пэрыядычна ўзьнікалі інцыдэнты зь міліцыяй у часе пераходу вуліцаў. Супрацоўнікі ДАІ не дазвалялі часова перакрыць рух і фактычна падзялялі калёну, прымушаючы ўдзельнікаў акцыі чакаць зялёнага сьвятла сьветлафору.

Лёзунгі сёлетніх Дзядоў – “Памятаем пра ахвяры расейскага тэрору”, “1937-2007”, “Камунізм пад трыбунал”, “Ніякага саюзу з імпэрскай Расеяй”, “Свабоду Дашкевічу”, “Свабоду Казуліну”.

Дочкі экс-кандыдата на прэзыдэнта Вольга і Юлія Казуліна і ягоны ўнук Улад стаялі ля праезнай часткі з плякатамі “Свабоду Казуліну”. Вольга Казуліна:

“Як заўсёды мы прыйшлі на гэтую акцыю, каб паведаміць усім, што Казулін дагэтуль у турме і што ён там знаходзіцца незаконна”.

Прыйшоўшы ў Курапаты, выканаўца абавязкаў старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ ў Беларусі Юрась Беленькі заклікаў прысутных ушанаваць памяць ахвяраў камуністычных рэпрэсій ля адрэстаўраванага Крыжа пакутаў.

“Гэты крыж стаў сымбалем нашага духоўнага і нацыянальнага Адраджэньня. Зянон Пазьняк сказаў, што ён мае сакральнае значэньне. Гэты крыж немагчыма зламіць, бо яго абараняе Бог”.

У часе жалобнага мітынгу сакратар управы КХП БНФ Валер Буйвал зачытаў ліст старшыні партыі, адкрывальніка Курапатаў Зянона Пазьняка. Вось яго фрагмэнт:

“Толькі той народ, які шануе продкаў, мае прышласьць. Нашая прышласьць будзе належыць нашаму народнаму адраджэньню. Няма іншага шляху ў будучыню. Як адрадзіць нашу нацыянальную культуру, нашу нацыянальную Дзяржаву, нашу вялікую беларускую мову, нашу магутнасьць, веліч і моц”.

У Курапатах усталявалі 16 новых крыжоў

Мітынг праходзіў пад антырасейскімі і антыімперскімі лёзунгамі. Намесьнік страшыні КФП-БНФ Сяргей Папкоў заклікаў удзельнікаў акцыі бараніць і шанаваць сваю мову, сваю гісторыю, сваю краіну. А адказны сакратар партыі Алесь Чахольскі заклікаў ахвяраваць грошы на новыя крыжы ў Курапатах.

Па завяршэньні мітынгу было ўсталявана 16 новых крыжоў. Як і большасьць курапацкіх крыжоў іх вырабіў жодзінскі цясьляр Анатоль Рыбкавец.

Ад 1988 году ўсталявана каля паўтысячы крыжоў ва ўрочышчы Курапаты, дзе ў 1937-41 гадах карнікі НКВД расстралялі паводле розных падлікаў ад 40 да 250 тысячаў чалавек.
XS
SM
MD
LG