Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“На жаль, у сучаснай Беларусі шмат што разьвіваецца па так званай “лініі Сталіна”


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Менску адбыліся шэсьце і мітынг ва ўрочышчы Курапаты, прысьвечаныя Дню памяці продкаў – Дзядам. У акцыі бралі ўдзел каля паўтары тысячы чалавек. Як удзельнікі ацэньваюць сёлетняе сьвяткаваньне Дзядоў?

У акцыі ўзялі ўдзел вядомыя палітыкі. Сярод іх намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч. Ён ходзіць на Дзяды зь лета 1988 года, калі нефармальныя аб’яднаньні “Талака” і “Тутэйшыя” ладзілі акцыю пасьля зьяўленьня артыкула Зянона Пазьняка “Курапаты – дарога сьмерці”. Раней спадар Івашкевіч быў арганізатарам падобных шэсьцяў, а цяпер ён шараговы ўдзельнік, нёс бел-чырвона-белы сьцяг:

“Мне падабаецца, што і Партыя БНФ, і КХП БНФ, і Малады фронт, і нават бачу сьцягі АГП – ідуць разам. У прынцыпе, правядзеньне і веснавых акцый, і восеньскіх акцый дэманструе, фактычна, адзінства. І другое, што мне вельмі радасна – вялікая колькасьць сьцягоў. Гэта ўпершыню ў гэтым годзе людзі зноў сталі на маніфэстацыі насіць сьцягі. Бо яшчэ ў пазамінулым годзе ўсе баяліся. А вось хапіла фактычна трох акцыяў у гэтым годзе, калі людзей не хапалі за сьцягі, і вось бачыце – дзqсяткі, а можа і сотні сьцягоў”.

Сярод дэманстрантаў былі ахвяры сталінскіх рэпрэсій. 64-гадовы Пятро Шашкель апавёў:

“Мне было няпоўныя два гады, а брату няпоўныя два месяцы, калі ў 1946 годзе мы былі асуджаны разам з маці як дзеці ворагаў народа. І сасланыя ў Сібір. Афіцыйна ніякай паперы аб рэабілітацыі мы ня маем. У нармальнай, цывілізаванай дзяржаве папрасілі б прабачэньня.

Дзень гэты для ўсіх нашых родных – гэта дзень памяці загіблых ня толькі ў Курапатах, а па мноству тых Курапатаў, якія раскіданы па нашай любай Бацькаўшчыне – Беларусі”.

Міліцыянты не далі магчымасьці Паўлу Севярынцу прыехаць на “Эўрапейскі марш”. Аднак сёньня ніякіх перашкодаў не было, хаця ў панядзелак яго выклікаюць у пракуратуру. Павал Севярынец дзеліцца сваімі ўражаньнямі ад сёньняшняй акцыі:

“Багата моладзі, нягледзячы на тое, што фармат не зусім маладзёвы. Гэта ня акцыя пратэсту, гэта акцыя ўшанаваньня. Звычайна на такія акцыі ходзіць сталы люд. А тут я бачу абсалютную бальшыню складае менавіта моладзь”.

Актывіст БСДП(Грамада) Ігар Рынкевіч мяркуе, што на “Сацыяльны марш” зьбярэцца ня болей людзей, чым сёньня. Адзін зь лёзунгаў У дэманстрантаў – патрабаваньне вызваленьня Аляксандра Казуліна. Спадар Рынкевіч сказаў:

“Трэба патрабаваць, каб сталінскія рэпрэсіі, гэтыя змрочныя часы ніколі не вярталіся. На жаль, у нас у сучаснай Беларусі шмат што разьвіваецца па так званай “лініі Сталіна”.

У сьвяткаваньні Дзядоў узяў удзел таксама былы палітвязень Сяргей Скрабец:

“На сёньняшні час у нас таксама ёсьць ахвяры таталітарнай сыстэмы: зьніклыя палітыкі, палітвязьні, якія знаходзяцца за кратамі. Сярод іх Аляксандар Казулін, Андрэй Клімаў, Зьміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч і іншыя. На сёньняшні час наша грамадзтва запалоханае. І зьнішчаецца, наогул, страхам, які ёсьць у нашай краіне. І каб гэтага не было, я сёньня тут, каб паказаць, што ня ўсе людзі баяцца Лукашэнкі і яго рэжыму”.
XS
SM
MD
LG