Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвіслач: Дзень памяці паўстанцаў 1863 г. адзначылі пад наглядам міліцыі


Міхал Карневіч, Сьвіслач Дзень памяці паўстанцаў 1863 году быў адзначаны сёньня ў Сьвіслачы ўжо ў 13 раз. Аднак сёньня яго ўпершыню адзначалі безь бел-чырвона-белых сьцягоў, і ўпершыню на сьвята ня здолела даехаць моладзь зь Менску: іх аўтобус двойчы спынялі міліцыянты ў Дзяржынску й Баранавічах.

Калі гарадзенская моладзь зьбіралася ад’яжджаць раніцай у Сьвіслач, у аўтобус увайшоў міліцыянт і папярэдзіў, што ў Сьвіслачы рыхтуецца несанкцыянаванае мэрапрыемства і, маўляў, улада пра гэта ведае. Ён таксама папярэдзіў, каб ні ў якім выпадку не выкарыстоўвалася нацыянальная сымболіка.

Перад уездам у Сьвіслач аўтобус ізноў быў спынены, і ўжо мясцовы міліцыянт паўтарыў тую саму працэдуру папярэджаньня. Зь ім разам у аўтобус увайшоў міліцэйскі апэратар, які здымаў пасажыраў на стужку. На дарозе стаялі машыны ДАІ і амапаўцы.

Аб 11-й гадзіне стала вядома, што аўтобус зь менскай моладзьдзю затрымалі ў Дзяржынску.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел каля 100 чалавек

Каля ста чалавек, якія здолелі даехаць у Сьвіслач з Горадні, Ваўкавыску, Мастоў, па традыцыі ўсклалі кветкі да магілы Віктара Каліноўскага на могілках у Сьвіслачы.

Дзень памяці паўстанцаў 1863 году, 27.10.2007, Сьвіслач, Гарадзенская вобласьць

Побач з магілай Віктара Каліноўскага я папрасіў падзяліцца сваімі думкамі Станіслава Шушкевіча.

Шушкевіч: “Вось я ўвесь час думаю аб тым, якія ў нас былі цудоўныя асяродкі. І гэтая магіла, гэтае мястэчка – гэта доказ. Я так узрушаны, тым што казаў тутэйшы чалавек. А ён гаварыў пра Бога, пра брата Каліноўскага. Рэдка пачуеш такую гаворку”.

Ужо калёнай аўтамабіляў усе разам накіраваліся ў Якушоўку, дзе на месцы былой сядзібы Каліноўскіх стаіць крыж. Калёну суправаджала міліцэйская машына.

Дзень памяці паўстанцаў 1863 году, 27.10.2007, Сьвіслач, Гарадзенская вобласьць

Каля крыжа ўсклалі кветкі, выступілі прамоўцы. Вінцук Вячорка сказаў, што напярэдадні перачытваў “Мужыцкую праўду” й вось да якіх высноваў прыйшоў:

Вячорка: “Людцы мае, можна браць жыўцом тое, што пісаў Кастусь у пазамінулым стагодзьдзі. Добра, што нам ёсьць на каго абапірацца, што ёсьць тыя вечныя каштоўнасьці, сфармуляваныя нашымі вялікімі продкамі, і нам ня трэба нічога выдумляць з пустэчы. Гэтыя каштоўнасьці з нашай зямлі, з нашага неба, з нашага духу”.

В.Вячорка таксама паведаміў, што аўтобус зь менскаю моладзьдзю ўжо другі раз затрымалі міліцыянты, гэтым разам каля Баранавічаў. Маўляў, ім паведамілі, што ў аўтобусе знаходзяцца наркотыкі.

У часе мерапрыемства міліцэйскі апэратар працягваў здымаць усіх на стужку.

Дзень памяці паўстанцаў 1863 году, 27.10.2007, Сьвіслач, Гарадзенская вобласьць

У Якушоўцы заснавалі алею паўстанцаў

Сярод іншага, сёньня ў Якушоўцы заклалі новую традыцыю: пасадзілі 4 дубкі й паабяцалі, што будуць рабіць так штогод, каб заснаваць алею паўстанцаў.

Дзень памяці паўстанцаў 1863 году, 27.10.2007, Сьвіслач, Гарадзенская вобласьць

Зь Якушоўкі калёна ізноў вярнулася ў Сьвіслач, дзе былі ўскладзены кветкі да помніка Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту. Потым у лесе побач са Сьвіслаччу каля вогнішча ўзгадвалі пра паўстанцаў 1863 году, смажылі каўбаскі й частаваліся гарачай юшкай. Бард Андрэй Мельнікаў сьпяваў свае песьні.

Дзень памяці паўстанцаў 1863 году, 27.10.2007, Сьвіслач, Гарадзенская вобласьць

Міліцыянты ў лес не паехалі, але чакалі аўтобуса з гарадзенскай моладзьдзю, які потым суправаджалі да самай Горадні.

У гэты час па тэлефоне менчукі паведамілі, што міліцыянты іх адпусьцілі, але аўтобус вяртаецца назад у Менск, паколькі ад Баранавічаў да Сьвіслачы больш за 200 кілямэтраў.

30 дэмакратычных актывістаў так і не даехалі да Сьвіслачы, 27.10.2007 Міліцыянты другі раз затрымалі аўтобус з дэмакратычнымі актывістамі, 27.10.2007 Міліцыянты затрымалі другі аўтобус, 27.10.2007 Міліцыя затрымала каля трыццаці дэмакратычных актывістаў, 27.10.2007
XS
SM
MD
LG