Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Валянцін Голубеў: “Я веру гістарычнаму факту”


Радыё Свабода Валянцін Голубеў – удзельнік праграмы “Ў што я веру”.

Здаецца, так проста адказаць на гэтае пытаньне, а на самой справе зусім ня так, і бачыш гэта, калі ўжо пачынаеш адказваць. Тое, што чалавек верыць у Бога, гэта, здаецца, так натуральна, што пачынаеш разумець, што гаварыць трэба пра веру ў чалавечае, цяперашняе, сваё, наша, зямное, беларускае.

Увогуле, я вельмі даверлівы чалавек. Верыць – гэта ў мяне апрыёры. У адносінах зь людзьмі, з арганізацыямі і ўстановамі, з маімі блізкімі і нават з незнаёмымі. Я адразу, зь першага кантакту стаўлюся да чалавека з даверам, часьцей за ўсё веру таму, пра што ён гаворыць (калі адразу не відаць, што гэта глупства ці падман), стараюся разабрацца, зразумець, увайсьці ў яго становішча. Мне так проста жыць, і людзям, мне здаецца, са мной такім прасьцей. Веру я, вераць і мне. Я гэта бачу, адчуваю. Гэта прыемна і дапамагае жыць.

Ці падманваўся я ў такой сваёй веры? Мабыць, так. Але я такіх выпадкаў ня памятаю, не хачу памятаць, як і тых людзей, якія падманвалі. Іх проста побач са мной няма. А можа і не было?

Дарэчы, веру ня толькі ў людзей, але і ў свой добры лёс. Веру і бачу, што мой лёс зьвязаны зь Беларусьсю і маю шмат прыкладаў, якія гэта пацьвярджаюць.

Бываюць выпадкі, калі я, як мне падаецца, атрымліваю падарункі ад лёсу. І іх было ў маім жыцьці шмат.

Ня мог стопрацэнтна верыць усяму, калі займаўся дзяржаўнымі справамі, быў сакратаром Камісіі па міжнародных справах Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня. Праца дыпляматычная – гэта прафэсія, уменьне зрабіць як мага больш і лепш для сваёй краіны і дзяржавы. Здаецца, мы тады, шчырыя і адкрытыя, зрабілі для Беларусі ня менш, чым іншыя пазьней.

Але і тады, калі я займаўся міжнароднымі справамі, у мяне зьявілася шмат сяброў як сярод нашых, так і замежных дыпляматаў, якім я верыў і давяраў, а яны мне. І тут ня памятаю ніводнага выпадку адкрытага падману.

Я – прафэсійны гісторык і веру гістарычнаму факту. Праўда, кожны такі факт я з усіх бакоў правяраю. Не таму, што я ня веру, а таму, што хачу дакладнасьці, бо любы факт – гэта адлюстраваньне інтарэсаў, думак, разуменьня сытуацыі тым чалавекам, які гэты факт (падзею, зьяву) запісаў ці апісаў. Стараюся ўлічыць розныя думкі і напісаць так, каб мне верылі, што я хаця б імкнуся пісаць і гаварыць праўдзіва і аб’ектыўна.

Веру ў Беларусь і беларусаў. Упэўнены ў тым, што мы адбудавалі дзяржаву і адбудуем Нацыю. Веру ў добры лёс нашага народу, у добрую будучыню беларусаў. Пра гэта мне гаворыць нашая гісторыя – мы заўжды атрымлівалі шанец выжыць. Праўда, у некаторых выпадках праз велізарныя цяжкасьці, праз войны і вымушанае знаходжаньне і складзе суседніх дзяржаў.

Але веру, што лёс нам дапамагае. Унія 1569 году выратавала ад захопу войскамі Івана Грознага, але прывяла да масавай палянізацыі. Далучэньне да Расейскай імпэрыі дало магчымасьць спыніць працэсы палянізацыі, зьмяніўшы іх на русыфікацыю. Але дзьве спробы Адраджэньня ў сярэдзіне 1920-х і 1990-х паказалі, што Беларусь жыве. Гасподзь і лёс дапамог нам напрыканцы ХХ ст. стварыць дзяржаву. Веру ў Беларусь, у тое, што яна будзе жыць!

* * *

Валянцін Голубеў – гісторык, дэпутат вярхоўнага Савету 12 скліканьня, кіраўнік забароненай уладамі асьветніцкай арганізацыі “Філяматы”.
XS
SM
MD
LG