Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

За што на А.Фінькевіча завялі новую крымінальную справу?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Маладзёвага актывіста Артура Фінькевіча чакае новы суд? Камітэт ў справе вызваленьня Зьмітра Дашкевіча разьлічвае на ўдзел замежных палітыкаў у падтрымцы беларускага палітвязьня. Андрэй Клімаў чакае лістоў падтрымкі. У Менску адбыўся першы за паўгода пікет за вызваленьне Аляксандра Казуліна.

26-га кастрычніка ў Магілёве быў затрыманы міліцыяй і зьмешчаны ў сьледчы ізалятар маладзёвы актывіст Артур Фінькевіч, які адбывае ў мясцовай спэцкамэндатуры 2 гады хіміі за палітычныя графіці. Паводле сьледчага Аляксандра Ліскаўца, актывісту ў той жа дзень было выстаўлена абвінавачаньне ў парушэньні рэжыму адбыцьця пакараньня, за што яму пагражае яшчэ ад аднаго да трох гадоў зьняволеньня.

Якое менавіта парушэньне ўчыніў Артур Фінькевіч, сьледчы не паведаміў. Праваабаронца Барыс Бухель з Магілёву кажа, што Артур Фінькевіч адмовіўся удзельнічаць ў сьледчых дзеяньнях да сустрэчы з адвакатам. Што парушыў актывіст, праваабаронцу таксама невядома.

“Нічога невядома. Артур коратка пагаварыў з адвакатам, але яна ня стала пра гэта казаць. А сувязь зь ім зараз толькі праз адваката”.

На Артура Фінькевіча ўжо былі накладзеныя пакараньні за некалькі парушэньняў рэжыму, прыкладам, за спазьненьне ды за парушэньне распарадку дня. Актывіст спрабаваў абскардзіць гэтыя пакараньні, паколькі лічыў іх несправядлівымі. Між тым ягоныя скаргі не былі задаволеныя. Напярэдадні Артур не выключаў, што да яго зноў прычэпяцца і паспрабуюць “схаваць за краты”. Перасьлед ён зьвязвае з агульным ціскам на “Малады фронт”, які не скарыўся перад перасьледам ўладаў.

“Можа некаму западзе ў душу?”

Раней за Артура Фінькевіча ў падобным становішчы апынуўся лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч, які ўжо адбывае паўтара года зьняволеньня ў шклоўскай калёніі. Там Дашкевічу належала знаходзіцца да сакавіка будучага году. Але паводле новай крымінальнай справы, якая заведзеная на актывіста, яму пагражае яшчэ паўгода калёніі за адмову ад дачы паказаньняў.

Днямі быў створаны камітэт ў справе вызваленьня Зьмітра Дашкевіча, у які ўвайшлі Аляксандар Мілінкевіч, Вінцук Вячорка, Мікола Статкевіч ды іншыя вядомыя палітыкі. У тым ліку сябры камітэту вырашылі зьвярнуцца ў эўрапейскія структуры і да кіраўнікоў краін Эўропы, каб праінфармаваць пра чарговы перасьлед палітычнага актывіста ў Беларусі.

А што думаюць пра гэтую ініцыятыву бацькі Дашкевіча? Вячаслаў Дашкевіч вітае любыя захады дапамогі сыну.

“Не, спадзяваньняў асаблівых няма. Але ж можа каму-небудзь западзе ў душу. Вось мінулым разам Зьмітру пагражала 2 гады зьняволеньня, але ж далі толькі паўтара году. Відаць, на некага нешта падзейнічала”.

Дзень пачатку працэсу над Зьмітром Дашкевічам пакуль не прызначаны, кажуць у Шклоўскім судзе, дзе будуць судзіць актывіста.

Палітвязень Андрэй Клімаў даслаў кароткі ліст з Мазырскай калёніі. Былы дэпутат піша пра недахоп інфармацыі з волі і просіць дасылаць яму лісты на адрас: Гомельская вобласьць, Мазыр –11, ВК-20.

Нагадаю, Клімаў быў асуджаны на два гады зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму за артыкул ў інтэрнэце. Гэта ўжо трэцяе пакараньне палітвязьня.

“Нас проста правакавалі на парушэньні”

24-га кастрычніка ў Менску прайшоў пікет за вызваленьне Аляксандра Казуліна. Нагадаю, былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін асуджаны на 5,5 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Заяўнікі пікету згадалі, што гэта быў адзіны пікет за мінулыя паўгода. У жніўні ўлады не дазволілі болей за 50 падобных пікетаў па ўсёй краіне.

Пікет у Менску ледзь не спынілі міліцыянты ў цывільным. Спачатку яны заявілі пікетоўцам, што іх акцыя нібыта не дазволеная, а потым адабралі плякаты зь лёзунгам “Свабоду Аляксандру Казуліну!”. Дачка палітыка Вольга, якая трымала плякат, мяркуе: “Нас проста правакавалі на парушэньні, каб потым абвінаваціць у непадпарадкаваньні”.

Маладзёваму актывісту А.Фінькевічу выставілі новае абвінавачаньне, 26.10.2007 Грамадзкасьць патрабуе спыніць перасьлед З.Дашкевіча, 24.10.2007 СОБРаўцы адабралі ў дачок Казуліна партрэты бацькі, 24.10.2007
XS
SM
MD
LG