Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты: 20.10.2007 – 26.10.2007


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

“Я лічу, што кіраўнік фронту ня можа быць хлопчыкам на пабягушках у дзядзенькі Мілінкевіча. Я лічу, што кіраўнік фронту можа быць паўнавартасным, моцным партнэрам, у тым ліку і Мілінкевіча, калі той захоча рэальна працаваць у змаганьні за незалежнасьць і дэмакратыю ў Беларусі. Але старшыня партыі мусіць быць асобай, якая праяўляе ініцыятыву, бярэ на сябе адказнасьць і выконвае ўзятыя на сябе пляны”.

Віктар Івашкевіч, намесьнік старшыні партыі БНФ – абвяшчаючы пра свой намер балятавацца на пасаду старшыні партыі.

“Што тут хваляваць грамадзкае меркаваньне? Год бульбы ці ня год бульбы – ён ня вырашыць усе нашы праблемы. Вырошчваем, вырошчваем, складаем, складаем, а пасьля жывёле скормліваем. Вось дзе нашая праблема”.

Ананімны прадстаўнік міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі – пра рашэньне ААН абвясьціць 2008 год годам бульбы.

“Так, гэта была імправізацыя. Але, як кажуць псыхааналітыкі, кожная імправізацыя ідзе з глыбіні. Значыць, нешта такое там існуе, зьвязаная з гэтымі словамі пра габрэяў нечыстаплотных. Ведаеце, “брудны габрэй” – гэта быў любімы эпітэт гёбэльсаўскай прапаганды. Значыць, нейкая асацыяцыя існуе ў тым, што ён казаў пра Бабруйск”.

Леанід Міндлін, тэлежурналіст – пра выказваньне А.Лукашэнкі наконт Бабруйску і габрэяў.

“Гэта проста ваяўнічае невуцтва. Гэта тое самае, што “Скарына гуляў па Піцеры”, “Васіль Быкаў пісаў вершы”, “праваслаўны атэіст”. Гэта сумбур, адсутнасьць грунтоўных ведаў. Ён ня ведае, што такое Бабруйск, хто там жыў… Ён думае, што заігрывае з пэўнай часткай люду і будзе папулярным у іх, а насамрэч робіць агідную справу, таму што гэтая блытаніна адбіваецца кепска і ўнутры дзяржавы, і ў замежжы. Цэлы апарат працуе, каб улагодзіць яго выказваньні. Я тут згадваю акадэміка Ліхачова. Ён сказаў: “Можна прыкінуцца кім хочаш, але нельга прыкінуцца інтэлігентам”. А ён усё хоча прыкінуцца інтэлігентам”.

Станіслаў Шушкевіч, былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі – пра выказваньне А.Лукашэнкі наконт Бабруйску і габрэяў.

“Я ня думаю, што Ізраіль будзе разьдзімаць вялікі скандал вакол гэтага выказваньня Лукашэнкі. На Захадзе быў выдадзены нават цэлы зборнік ягоных яскравых выказваньняў. І калі на кожнае ягонае выказваньне рабіць дыпляматычны скандал, то ў Менску засталося б толькі тры пасольствы: Паўночнай Карэі, Вэнэсуэлы і Расеі”.

Эліягу Валк, першы пасол Ізраілю ў Беларусі – пра выказваньне А.Лукашэнкі наконт Бабруйску і габрэяў.

“Як казаў Мусаліні: для сяброў – усё, для ворагаў – толькі закон. Вось для нас і будзе дамова”.

Віталь Сіліцкі, палітоляг – пра беларуска-расейскую дамову, якая прадугледжвае паступовае штогадовае падвышэньне цэнаў на газ для Беларусі.

“Мне здаецца, што апазыцыі трэба разварочвацца да ідэі незалежнасьці. Безумоўна, нашая будучыня ў Эўропе, мы ідзем у Эўропу, але мы ідзем туды ў тым ліку і для таго, каб уплываць на Эўропу і мяняць яе. Мы павінны зьмяніць 100% праэўрапейскую рыторыку на рыторыку з пазыцыі незалежнасьці”.

Павал Севярынец, палітык, былы палітвязень – у перадачы «Праскі акцэнт»

“Гэты закон стане дзейным сродкам спыненьня практыкі непрадуманага і па сутнасьці супрацьзаконнага ўжываньня ў пэрыёдыцы так званай “тарашкевіцы”.

Аляксандар Радзькоў, міністар адукацыі – падчас абмеркаваньня ў Палаце прадстаўнікоў закону “Аб правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі”.

“Што да такога рэзкага, адназначна палітычнага рашэньня Палаты прадстаўнікоў, то яно толькі зробіць “тарашкевіцы” рэкляму. І ў выніку да забароненых сымбаляў – бел-чырвона-белага сьцягу і “Пагоні” – далучыцца яшчэ адзін забаронены сымбаль – “тарашкевіца”.

Зьміцер Саўка, мовазнаўца – пра прыняцьцё Палатай прадстаўнікоў у першым чытаньні закону “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”.

“У 1940 годзе ў адной з камэраў маскоўскай унутранай турмы НКВД Ляфортава апынуліся два не зусім звычайныя падсьледныя: былы наркам унутраных справаў БССР Аляксей Наседкін і савецкі выведнік Дзьмітры Быстралетаў-Талстой...Абодвум губляць не было чаго, і падсьледныя разгаварыліся. Наседкін прызнаўся, што яго папярэднік на пасадзе наркама ўнутраных справаў БССР Барыс Берман толькі за 1937 год зьнішчыў у Менску 80 тысячаў чалавек. І каго — цьвет нацыянальнай інтэлігенцыі. Ён вышукваў і арыштоўваў найлепшых паэтаў, навукоўцаў, настаўнікаў, інжынэраў, мэдыкаў, сьвятароў, нават студэнтаў і навучэнцаў тэхнікумаў. Вышукваў, як ён казаў, “людей мыслящих и только мыслящих”. Наседкіна неўзабаве расстралялі, а Быстралетаву пашанцавала — далі 25 гадоў канцлягераў”.

Леанід Маракоў, пісьменьнік – у перадачы “Вольная студыя”.
XS
SM
MD
LG