Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Дзяды ў Курапатах — адноўленыя Крыж пакутаў і “Лава Клінтана”


Ганна Соўсь, Менск Сёньня ва ўрочышчы Курапаты пачалася рэстаўрацыя мэмарыяльнага знаку “Ад народу Злучаных Штатаў народу Беларусі дзеля памяці”, гэтак званай “Лавы Клінтана”. Рэстаўрацыя мае завершыцца заўтра. А ў нядзелю з нагоды Дня памяці продкаў адбудзецца шэсьце й мітынг у Курапатах.

Прыйшоўшы ў Курапаты, найперш зьвяртаю ўвагу на адрэстаўраваны Крыж пакутаў.

Менск, 26.10.2007. У Курапатах адноўленыя Крыж пакутаў і “Лава Клінтана”

“Гэта той самы крыж, які быў усталяваны ў 1989 годзе”

Крыж зноў паставілі ўвечары 24 кастрычніка. Ніжняя частка крыжа і папярэчына замацаваныя мэталічнымі пласьцінамі, пафарбаванымі ў карычневы колер.

Рэстаўрацыяй крыжа займаўся адказны сакратар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі.

Менск, 26.10.2007. У Курапатах адноўленыя Крыж пакутаў і “Лава Клінтана”

“Пасьля ўтварэньня Грамадзкага камітэту дзеля аднаўленьня Крыжа пакутаў была прынятая канцэпцыя аднаўленьня крыжа. Былі выдаленыя толькі тыя часткі, якія былі зламаныя, а так гэта той самы крыж, які быў усталяваны ў 1989 годзе.

Менск, 29.10.1989. Усталяваньне крыжа памяці ў Курапатах

Усталяваньне крыжа памяці ў Курапатах у 1989 годзе

Мне дапамагалі рабіць гэта і сябры партыі, і іншыя людзі. Я ўсім ім дзякую за гэта. Гэта вялікая справа, Боская справа. Я таксама дзякую людзям, якія ахвяравалі сродкі на аднаўленьне Крыжа пакутаў”, — кажа Алесь Чахольскі.

Менск, 26.10.2007. У Курапатах адноўленыя Крыж пакутаў і “Лава Клінтана”

Сёньня Алесь Чахольскі й скульптар Алесь Шатэрнік пачалі рэстаўраваць ва ўрочышчы паламаную невядомымі вандаламі “Лаву Клінтана” — мэмарыяльны знак з надпісам “Ад народу Злучаных Штатаў народу Беларусі дзеля памяці”.

Менск, 26.10.2007. У Курапатах адноўленыя Крыж пакутаў і “Лава Клінтана”

“Я нанава зрабіў і жалобны вянок”

Ад 15 студзеня 1994 году, калі яго ўсталяваў у Курапатах прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан, вандалы дванаццаць разоў апаганьвалі мэмарыяльны знак. Апошні раз — некалькі тыдняў таму.

Скульптар Алесь Шатэрнік рэстаўруе “Лаву Клінтана” ўжо ня першы раз.

Менск, 26.10.2007. У Курапатах адноўленыя Крыж пакутаў і “Лава Клінтана”

“Мы цяпер з Алесем Чахольскім робім падмурак пад лаву, якую мы нанава ўсталюем. На шчасьце, захаваўся вялікі кавалак лавы і амаль што ўвесь тэкст. Меншая частка лавы зьнікла. Там была пазначаная дата ўсталяваньня. Гэты кавалак я зрабіў нанава.

На тым месцы, дзе яна была зламаная, быў зроблены мэталічны жалобны вянок, які таксама зьнік. Я нанава зрабіў і жалобны вянок, і мы яго зноў усталюем”, — паведаміў скульптар.

“Амбасадарка ЗША возьме ўдзел ва ўрачыстым адкрыцьці адноўленай “Лавы Клінтана”

Алесь Шатэрнік плянуе скончыць рэстаўрацыю лавы заўтра ўвечары, а ўрачыстае адкрыцьцё адрэстаўраванага мэмарыяльнага знаку з удзелам амбасадаркі ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт чакаецца 1 лістапада.

Менск, 26.10.2007. У Курапатах адноўленыя Крыж пакутаў і “Лава Клінтана”

Апроч “Лавы Клінтана” Алесь Чахольскі сёньня працягвае рэстаўрацыю каменнага падмурку Крыжа пакутаў. Прэсавы сакратар КХП-БНФ Валер Буйвал кажа, што да Дзядоў уся гэтая праца завершыцца.

Менск, 26.10.2007. У Курапатах адноўленыя Крыж пакутаў і “Лава Клінтана”

“Гэтыя крыжы людзі пранясуць праз цэнтар гораду”

“Сёлета мэмарыяльныя мерапрыемствы на Дзень памяці продкаў, Дзяды, адбудуцца 28 кастрычніка ў нядзелю. Збор удзельнікаў — каля гадзіньнікавага заводу з 10.30.

У 11 гадзінаў пачынаецца шэсьце, якое пройдзе па праспэкце Скарыны ў бок Курапатаў, і ў 14.30 на тэрыторыі народнага мэмарыялу адбудзецца мітынг. Потым адбудзецца ўсталяваньне новых крыжоў на магілах пакутнікаў. Гэтыя крыжы людзі пранясуць шэсьцем праз цэнтар гораду”, — паведаміў прэсавы сакратар КХП БНФ.

Валер Буйвал кажа, што напярэдадні шэсьця заўтра ва ўрочышчы мае адбыцца талака.

• Адрэстаўраваны Крыж пакутаў нанава ўсталяваны ў Курапатах, 25.10.2007 • “Лаву Клінтана” ў Курапатах плянуюць аднавіць да Дзядоў, 20.10.2007 • Валеры Буйвал: “Крыж пакуты будзе адноўлены да Дзядоў”, 20.10.2007 • Грамадзкі камітэт аднаўляе Крыж “Пакутнікам Беларусі", 13.10.2007 • Ва ўрочышчы Курапаты маліліся пратэстанцкія сьвятары, 13.10.2007 • Курапаты: паламалі галоўны крыж, які некалі прынесьлі ва ўрочышча ад будынку КДБ (Слайд-рэпартаж), 08.10.2007 • А.Марачкін абнавіў каплічку ў Курапацкім лесе, 05.10.2007
XS
SM
MD
LG