Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Што думае ўрад? Як народ можа пражыць?”


Іна Студзінская, Менск Кошты на харчы растуць, і гэта заўважаюць усе — ня толькі пэнсіянэры. І хоць у беларускай сталіцы і зьявіліся ўжо гіпэрмаркеты, народ па-ранейшаму аддае перавагу Камароўскаму рынку. Наша карэспандэнтка цікавілася, чым вабіць Камароўка, якія тут кошты.

Карэспандэнтка: “Ходзіце на Камароўку, бо тут таньней?”

Спадарыня: “Тут выбар большы. Цяпер гароднінных крамаў мала, там усё сухое, а тут харчы добрыя. Але дарагія”.

Спадарыня: “Гародніна і садавіна вельмі падаражэлі”.

Карэспандэнтка: “І нават беларускія?”

Спадарыня: “Так. Вось купіла памідоры за 3 тысячы. Гэта самыя танныя. А так — 4—5 тысяч. Я купляю самыя танныя”.

Спадарыня: “Мы купляем, што можам дазволіць, — што патаньней, што пагнілей”.

Бабуля: “Гуркі за 5 тысяч, гэта ж бяспраўе! Дзе ж набрацца такіх грошай? Яблыкі 3 тысячы — за свае, беларускія, дзяруць такія грошы”.

Спадарыня: “Дык яблыкі амаль усе польскія”.

Карэспандэнтка: “А як вы думаеце, чаму на рынку так мала беларускіх яблык?”

Спадар: “Сёлета дрэнны ўраджай”.

Бабуля: “Нашы ня ўмеюць захоўваць. У нас вельмі дрэнныя сховішчы для гародніны”.

Карэспандэнтка: “Кажуць, узьніклі праблемы з малочнымі харчамі, заўважылі?”

Спадарыня: “Так, ёсьць праблемы з тварагом”.

Спадарыня: “А ведаеце, чым прадаўцы гэта тлумачаць? Маўляў, у Расею адвозяць. Але як можна абдзяляць сваіх жа грамадзянаў?”

Бабуля: “Пажылым людзям патрэбныя абястлушчаныя прадукты. Чамусьці перасталі іх вырабляць. Калі мы пытаемся пра гэта ў адміністратара крамы, ён адказвае, што, маўляў, вытворцам нявыгадна вырабляць абястлушчаныя харчы, яны вельмі танныя”.

Спадар: “Усё вельмі дарагое: і тварог, і малако, і сьмятана”.

Бабуля: “А масла значна падаражэла — больш за дзьве тысячы стала. Я толькі вокам глянула — і ня стала купляць. Дорага!”

Спадарыня: “Я жыву адна, а кефір расфасаваны толькі на літар. Мне манных круп трэба, да прыкладу, паўкіляграма. Але расфасоўка — усё на кіляграм ідзе. Вельмі нязручна і дорага”.

Карэспандэнтка: “Вось заўважылі вы, што прадукты падаражэлі?”

Спадар: “А як жа! Жудасна падаражэлі проста ўсе харчы”.

Спадарыня: “Вараная каўбаса вельмі падаражэла, сасіскі. Мы ўжо даўно не купляем натуральнага мяса — дорага вельмі, у асноўным вараную каўбасу, сасіскі. А кошты падскочылі амаль удвая”.

Спадар: “Моцна падаражэў алей”.

Спадарыня: “Я раней заўсёды купляла “Залатую семачку”, каштавала бутэлька 2600. А цяпер — 5200. Жудасна падаражэў алей!”

Спадарыня: “Сьвініны таньнейшай за 10 тысяч няма. А ялавічына — наагул 13 тысяч. Пра цяляціну і казаць няма чаго — 20 тысяч каштуе. Ці можам мы, пэнсіянэры, купіць харчы за такія грошы?”

Бабуля: “Вельмі дорага даслоўна ўсё!”

Спадар: “І што ўрад думае, як народ можа пражыць?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG