Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званкі на Свабоду: “Калі ў Горадні будзе музэй Аўгуста Панятоўскага?”


Галіна Абакунчык, Менск Агляд вашых тэлефанаваньняў ад 26 кастрычніка, пятніцы.

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

Сацыяльны марш у Менску 4 лістапада — адна з тэмаў, якую абмяркоўваюць слухачы Радыё Свабода:

Валеры, Барысаў: “Мае думкі наконт Сацыяльнага маршу і збору на яго людзей. У беларусаў уеўся страх уладаў, якіх увасабляюць міліцыянты.

Мая суседка: працоўны стаж 35 гадоў, пэнсія — 200 тысяч. На яе шыі сын, інвалід дзяцінства, яго пэнсія мізэр. Як жыць? Усё даражэе…

Кажу: “Чаму ты не паедзеш 4-га на Марш абурацца сваім жыцьцём?” “Не”, — кажа яна, — бо за мітынг арыштуюць і пасадзяць за краты”. Гэтак жыве і ўсяго баіцца суседка, беларуская кабета”.

Далей слухач задае пытаньне:

Віктар Буто, Менск: “У мяне ёсьць невялікае пытаньне. Чаму ўлады Рэспублікі Беларусь не даюць з 1991 году грамадзянам зь Беларусі дазволаў на зварот па абарону ў Эўрапейскі суд правоў чалавека?

Чыноўнікі, дэпутаты, судзьдзі, пракуроры, міліцыя адкрыта і беспакарана пазьбягаюць выкананьня сваіх службовых абавязкаў перад грамадзянамі, якія пацярпелі ад уладаў ці іх прадстаўнікоў. Такія беззаконьні адбываліся ў Савецкім Саюзе, і яшчэ больш ажыцьцяўляюцца ў Рэспубліцы Беларусь. Зь вялікай павагай”.

На пытаньне адказвае праваабаронца і юрыст Уладзімер Лабковіч:

“Я цалкам згодны з паважаным слухачом Радыё Свабода”. На жаль, нашы грамадзяне застаюцца сам-насам з гэтай сыстэмай. Бо мы, як грамадзяне Беларусі, ня можам зьвяртацца ў Эўрапейскі суд правоў чалавека. Бо Рэспубліка Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, якая нават не ўваходзіць у Парлямэнцкую Асамблею Рады Эўропы”.

У Беларусі вядзецца падрыхтоўка да амністыі для некаторых катэгорыяў зьняволеных. Камэнтар слухача:

Слухач: “Спачатку ён павінен падпісаць, пасьля вызначыць, каго выпусьціць. Добра, вызначылі, хоць і так усё зразумела. Пасьля толькі праз паўгоду іх выпусьцяць. А калі бамбізу, які ахоўвае, не спадабаўся чалавек, — нічога ня будзе. І ніякай амністыі табе ня будзе. Няма справядлівасьці ніякай. Я ж кажу — паліцэйская краіна”.

Наступнае выказваньне наконт адмены льготаў:

Волюсь, Гомель: “Па радыё чуў, што 16 сьнежня Лукашэнка падпіша ўказ аб ільготах для некаторых катэгорыяў грамадзянаў. У мяне пытаньне: што, гэтага не маглі зрабіць дэпутаты Нацыянальнага сходу, прымаючы закон аб ільготах?! Але выглядае так, што гэта было прадугледжана сцэнаром, каб паказаць, які клапатлівы ў нас “бацька”.

“Калі б не было ў сьвеце розных нацыянальнасьцяў, ён быў бы шэры і аднастайны”, — піша ў СМС-лісьце Ўладзімер з Горадні.

Яшчэ адзін слухач, Сяржук, у сваім СМС-допісе задае пытаньне: “Калі ў Горадні будзе музэй Аўгуста Панятоўскага?”

На пытаньне адказвае гарадзенскі гісторык Алесь Краўцэвіч:

“Павінен быць ня толькі музэй Пянятоўскаму, павінен быць і помнік Панятоўскаму. Павінен быць помнік Вітаўту, які збудаваў гарадзенскі Стары замак. Павінен быць помнік Стэфану Баторыю, які з гэтага замку зрабіў шыкоўную каралеўскую рэзыдэнцыю. Але гэта будзе тады, калі будзе шанавацца гісторыя да 1917 году. Бо сёньняшняя ўлада ня ведае гісторыі Беларусі да 1917 году і ня хоча ведаць”.

Працягваем праграму выказваньнямі паводле праграмаў дзяржаўных мэдыяў і Радыё Свабода:

Ільля Копыл, Менск: “Добры вечар, “Свабода”. Па некаторых расейскіх тэлеканалах паказалі сюжэт перазахаваньне савецкіх вайскоўцаў, што загінулі ў Другой Усясьветнай вайне на тэрыторыі Кітаю, са старога месца, дзе стаяў помнік, на могілкі.

Цікава, што ў цырымоніі перазахаваньня браў удзел расейскі міністар замежных спраў Лаўроў. Узьнікае пытаньне: чаму Расея не магла гэтак сама паступіць, калі такія ж падзеі адбываліся ў Эстоніі? Эстонія — маленькая краіна, на яе можна ціснуць. А супраць вялікага Кітаю — кароткія завароткі”.

Спадар: “Чуў званок слухачкі, якая абазвала прадпрымальнікаў “спэкулянтамі”, чым зьняважыла мяне ды іншых прадпрымальнікаў, якіх у Беларусі каля 300 тысяч. Таму хачу ёй адказаць.

Для пачатку скажу, што любы прадпрымальнік мае на руках ліцэнзію, на падставе якой ён працуе легальна — то бок, у рамках закону. Ён дакладна плаціць усе падаткі ды іншыя шматлікія паборы. І каб пракарміць сябе і сваю сям’ю, ён кідаецца як рыба ў вадзе.

І калі вы думаеце, што грошы на нас зь неба сыплюцца, то вы моцна памыляецеся. І калі вы лічыце сябе адукаванай, а нас неадукаванымі, тады паспрабуйце заняцца гэтай справай. І вы ўсё зразумееце.

Цяпер скажу, хто такія спэкулянты. Вы, напэўна, забылі савецкі час, калі практычна любы тавар, за выключэньнем хлеба, солі й запалак, прыходзілася не купляць, а, як тады было заведзена гаварыць, “даставаць па блаце”. Вось тады і квітнела спэкуляцыя.

Дзе дэфіцыт, там і спэкулянт. Карыстаючыся паслугамі заступнікаў, яны скуплялі дэфіцыт, і потым перапрадавалі яго нашмат даражэй. Вельмі часта дэфіцыт стваралі штучна, каб спэкулянтам добра жылося. Цяпер дэфіцыту няма, таму і спэкулянты зьніклі. Цяпер, я спадзяюся, вы зразумелі розьніцу паміж прадпрымальнікамі і спэкулянтамі”.

Гарык Рэжысінскі: “Прывітаньне, Радыё Свабода! Нядаўна быў у Баранавічах. Вельмі дрэнны прыём на сярэдніх хвалях 612 кГц. Вельмі дрэнна было вас чуваць. Дзякуй за ўвагу”.

Выказваньне камэнтуе журналіст Радыё Свабода Сяргей Шупа:

“Можна параіць, вядома, шукаць нас на кароткіх хвалях, якія стабільна прымаюцца на ўсёй тэрыторыі Беларусі, альбо зайсьці на наш сайт.

Цяпер мы кожны вечар выстаўляем нашую абвестку пра пераход на зімовыя хвалі. І ў гэтай абвестцы ўнізе ёсьць спасылкі на ранейшыя матэрыялы, дзе тлумачыцца, як можна палепшыць прыём на сярэдніх, а таксама і кароткіх хвалях”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG