Лінкі ўнівэрсальнага доступу

• Расейскія поп-стандарты прайграюць беларускім року, этна і джазу


Радыё Свабода Тэма грамадзкага рэдактара тыдня Амаль тры гады эфір айчынных FM-радыёстанцый на 75% складаецца зь нібыта беларускай музыкі. Якое разьвіцьцё атрымала прымусовая “беларусізацыя” FM-прасторы, – тэма наступнага сюжэта.

Гісторыя пра 75% беларускай музыкі ў эфіры пачалася з колішняй дзяржаўнай нарады, прысьвечанай "Славянскаму базару". Лукашэнка зьвярнуў увагу чыноўнікаў на Пугачову: нібыта гучыць з кожнага праса ў той час, калі беларускай музыкі на радыё вельмі мала. Кіраўнік дзяржавы выказаў пажаданьне павялічыць уведзеную раней норму ў 50% яшчэ на 25. І зазначыў, што гучаць усё гэта мусіць у спрыяльны для слуханьня час, – “прайм-тайм”, кажучы мовай маркетынгу.

Як выглядае сытуацыя сёньня? Праграмны дырэктар адной з FM-радыёстанцый, які пажадаў застацца ананімным, спачатку наагул адмаўляўся абмяркоўваць тэму 75%. Маўляў, пра яе лягчэй маўчаць. Тым больш, зьмяніць ніхто нічога ня зможа: людзі на пасадах музыкальных рэдактараў хіба ці ня ў шоку ад якасьці большай часткі так званай беларускай музыкі насамрэч ня лепшага, калькіраванага варыянту расейскай папсы.

А вось праграмны дырэктар “Альфа-радыё” Дзьмітры Шунін ня толькі бачыць сытуацыю ў іншым сьвятле, але й сам вырашыў паспрабаваць сябе ў новым амплуа:

“Пры ўсім тым, што спачатку гэта шакіравала вельмі, усё ж гэта падштурхнула беларускіх музыкантаў да больш сур’ёзнай працы над сваёй творчасьцю. Калі раней гэта ўсё рабілася “на каленцы”, то цяпер значна больш сур’ёзны падыход і да рэпэртуару, і да працы кампазытара, і самога выканаўцы. Усе працуюць, каб выдзяляцца на фоне суайчыньнікаў. Таму што самі разумееце – хлынуў паток новых артыстаў, усе засьпявалі – і я ў тым ліку...”

Масавае захапленьне айчынных кампазытараў і выканаўцаў расейскімі поп-стандартамі справакавала інтарэс да кружэлак тых беларускіх выканаўцаў, якіх не пачуеш на радыё. Мой суразмоўца Аляксандар Ракавец працуе ў буйной музычнай краме ў Менску ўжо пяць год.

“Зараз беларускую музыку сталі браць значна болей дзень да дня. Цікавяцца больш менавіта той музыкай, якую ня круцяць на радыёстанцыях. Цікавасьць менавіта не да папсы, а да якаснай – найперш рок і этна. “Троіца”, “Стары Ольса”, “НРМ”, “Крама”, а таксама складанкі – “Тузін Гітоў”, “Дыхаць”, “Басовішча”... З чым зьвязана? З тым, што па радыёкропках круцяць усялякую “шляпу”, а нармальную музыку ня ставяць”.

Пра рост цікавасьці да непапсовай музыкі сьведчыць і музычны прадусар Уладзіслаў Кузьмін. Ягонае выдавецтва “Каўчэг” нядаўна перавыдала наклад кружэлак Касі Камоцкай.

“Мы супрацоўнічаем з Касяй ужо 15 год. У мінулым годзе выдалі дыск “Лепшае”. Ён выклікаў цікавасьць, таму цяпер зрабілі дадатковы наклад. Папса надакучыла людзям, відавочны рост цікавасьці да больш сур’ёзнай музыкі, – року, джазу, клясыкі...”

Камэнтар грамадзкага рэдактара Лявона Вольскага:

У нас эстрада засталася, як і за Савецкім Саюзам. Толькі крыху з папраўкай на расейскасьць з аднаго боку, з другога – на амэрыканізацыю, можа быць, на швэдызацыю. У аранжыроўках, напрыклад, іншых музычных “прымочках”. Аднак больш сур’ёзны крэн – у бок Расеі: ваду зачэрпвае карабель!

Бледныя цені падабенства з тым, што там, альбо таго, што было за савецкім часам. У выніку, паводле статыстыкі, народ ня вельмі купляе гэта ўсё. Выключэньне адно хіба зборкі – вось вам і раскручанасьць.

Таму што ўсё роўна народ хоча, каб было “страшна па-багатаму”, як калісьці, напрыклад, у Брытні Спірс, альбо каб была душа ў гэтым. А проста выканаўчае майстэрства і добрая нейкая падкладка ужо нічога, у прынцыпе, не дае.

Як зараз зьнікла дзяржаўная стымуляцыя беларускай мовы, хаця б вонкавая, дык усе і дружна адмовіліся ад яе. У чым, дарэчы, вельмі сур’ёзная памылка “эстраднага войска”.

Дзіўна, што яны так зрабілі. Бо як пачнуць сьпяваць па-беларуску, адразу процьма прыхільнікаў Беларушчыны падлучыцца да цябе. Нават калі ты будзеш сьпяваць нешта пра каханьне, пра поле, пра кветачкі, аблокі там – як сьпяваюць зараз нашыя выканаўцы… Але, паўтараю, зробіш гэта па-беларуску, і да цябе павернуцца шмат людзей.

Нашыя ж упарта, упарта і тупа намагаюцца быць падобнымі да нейкіх там сваіх ці то амэрыканскіх, ці, хутчэй, расейскіх прататыпаў. Тут ня тое, каб розуму, – не, няма інтуіцыі, вось што дзіўна.

Яшчэ прычына. Існуе нэгатыўны як бы прыклад беларускамоўных артыстаў з рок-сцэны, ці незалежнай – розныя ёсьць жанры, і ўсе баяцца: ой, і нас таксама залічаць у апазыцыю!

Мне дзіўнаваты гэты падыход. Такое ўражаньне, што людзі не імкнуцца да сур’ёзнага посьпеху. Хаця для поп-зоркі гэта самае галоўнае, што можа быць.
XS
SM
MD
LG