Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны Суд вырашыў, што “Вясны” ня будзе


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня Вярхоўны Суд адмовіў у рэгістрацыі грамадзкага праваабарончага аб’яднаньня “Вясна”. Суд не задаволіў скаргі на адпаведнае рашэньне Міністэрства юстыцыі, якую падалі праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Уладзімер Лабковіч і Валянцін Стэфановіч.

Судзьдзя Сьвятлана Яхнавец палічыла, што назва “Вясна” не адпавядае парадку рэгістрацыі, бо супадае з назвай раней зьліквідаванага аб’яднаньня. Прагучала таксама спасылка на тое, што праваабаронцы падалі дакумэнт аб аплаце мыта за рэгістрацыю, а ня дзяржмыта.

Уладзімер Лабковіч камэнтуе рашэньне суду:

“Рашэньне на ўзроўні юрыдычнага абсурду. Гэта значыць, слова “вясна”, як і “праваабарончае аб’яднаньне”, забароненае. Пытаньне да таго, што мы аплацілі не дзяржмыта, а рэгістрацыйны збор — само, па сутнасьці, абсалютна абсурднае.

Яшчэ раз было пацьверджана, што праваабарончая дзейнасьць у Рэспубліцы Беларусь знаходзіцца па-за законам. Ніякай легальнай і афіцыйнай праваабарончай дзейнасьці ад імя арганізацыі ў гэтай краіне весьці немагчыма.

І ўсе гэтыя рэвэрансы і спробы паказаць сябе ў добрым выглядзе перад Эўропай проста рассыпаюцца перад такімі судамі й чыноўнікамі, як спадар Пячкураў, які ў судовым паседжаньні заявіў, што праваабарончая дзейнасьць у РБ забаронена. Улады гэтым працэсам самі яшчэ раз пацьвердзілі тую жахлівую сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі”.

Алесь Бяляцкі падчас выступу ў судзе прадэманстраваў фотапартрэты беларускіх грамадзянаў, ужо асуджаных за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Гэта сябры “Маладога фронту” і “Партнэрства”.

Паводле спадара Бяляцкага, цягам трох апошніх гадоў было ліквідавана каля трохсот няўрадавых аб’яднаньняў. Наваствораным пасьлядоўна адмаўляецца ў рэгістрацыі.

Алесь Бяляцкі сказаў:

“Нам удалося засяродзіць увагу менавіта на самой рэпрэсіўнай сыстэме ўладаў адносна няўрадавых арганізацыяў — на прыкладзе непасрэдна рэгістрацыі “Вясны”.

Праваабаронцы заявілі, што працягнуць дзейнасьць. Валянцін Стэфановч апавёў пра наступныя крокі:

“Мы з рашэньнем суду ня згодныя. Будзем абскарджваць у парадку нагляду на імя старшыні Вярхоўнага Суду. Потым зноў будзем зьвяртацца ў Камітэт правоў чалавека ААН, бо таго рашэньня Камітэту аб ліквідацыі праваабарончага цэнтру “Вясна” нашы ўлады выконваць не жадаюць.

Бо і ў працэсе, і на прыёме ў намміністра юстыцыі мы казалі, што рэгістрацыю гэтага новага аб’яднаньня мы расцэньвалі б як кампэнсацыю нашых парушаных правоў, якія былі падчас ліквідацыі папярэдняга аб’яднаньня”.

Камітэт правоў чалавека ААН нядаўна прызнаў незаконнай ліквідацыю беларускімі ўладамі ў 2003 годзе праваабарончага цэнтру “Вясна”. Паводле Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах Камітэт лічыць, што беларускія праваабаронцы маюць права аднавіць рэгістрацыю “Вясны” і атрымаць кампэнсацыю.

Таксама ўлады абавязаныя прыняць захады, каб прадухіліць такія парушэньні.


• Праваабаронцы прымусілі суд і Мін’юст гаварыць па-беларуску, 23.10.2007 • Міністэрства юстыцыі не зарэгістравала “Вясну”, 24.08.2007 • Ці зарэгіструюць “Вясну”?, 23.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG