Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>У гонар Анатоля Сыса імпрэзы ў Гарошкаве і Менску </B>


Валянціна Аксак, Менск Сёньня – дзень народзінаў Анатоля Сыса. Культаваму беларускаму паэту пакаленьня “Тутэйшых” споўнілася б 48, але ўжо два з паловаю гады яго няма сярод жывых. Заўтра родныя і сябры Анатоля Сыса ладзяць на ягонай радзіме літаратурную імпрэзу памяці. Яна названая словамі паэта, які аднойчы ўсклікнуў: “Дух – гэта, людзі, я”.

Адзін з арганізатараў сьвята ў гонар Анатоля Сыса намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Эдуард Акулін кажа, што сваю родную вёску Гарошкаў, якая месьціцца ў Рэчыцкім раёне Гомельшчыны, паэт вельмі любіў. Там ён напісаў большую частку сваіх вершаў, там знайшоў апошні спачын. Імпрэза і пачнецца з ускладаньня кветак на паэтаву магілу, а прадоўжыцца на падворку роднае хаты.

“Дзякаваць Богу, да гэтага часу захавалася хата, у якой нарадзіўся Анатоль, і я думаю, што ў ёй павінен быць музэй паэта. Анатоль вельмі любіў Гарошкаў, кожнае лета праводзіў там, і таму ў нас, тых хто арганізоўваў гэтае сьвята, не было сумневу, што менавіта там павінна яно адбывацца. Я думаю, што ў пэрспэктыве гэтае сьвята перарасьце ў нацыянальнае”, – лічыць Эдуард Акулін.

У імпрэзе ў Гарошкаве маюць намер узяць удзел Леанід Дранько-Майсюк, Барыс Пятровіч, Эдуард Акулін, Міхась Скобла, Сяржук Сыс, Ларыса Раманава, Андрэй Мельнікаў, Генадзь Лапацін і іншыя вядомыя беларускія паэты і барды.

Гэта ўжо другое літаратурнае сьвята ў гонар Анатоля Сыса на падворку ягонай роднай хаты. Летась арганізатары зьвярталіся да мясцовых чыноўнікаў з просьбай даць ім магчымасьць зладзіць імпрэзу у раённым ці тутэйшым сельскім Доме культуры, але атрымалі адмову. І тады ўпершыню вершы Анатоля і песьні на іх загучалі пад адкрытым небам пры сьценах роднае хаты. Сёлета арганізатары не зьвярталіся ні да якіх афіцыйных структур па дапамогу ў наладжваньні імпрэзы ў Гарошкаве.

Пашанотныя імпрэзы ў гонар Анатоля Сыса, – кажа Эдуард Акулін, – прадоўжацца на наступным тыдні ў Менску.

“30 кастрычніка мы абвесьцім ляўрэатаў літаратурнай прэміі часопісу “Дзеяслоў”. Адна з гэтых прэмій у намінацыі “Дэбют”, якой мы адзначаем нашых маладых творцаў, будзе насіць імя Анатоля Сыса”, – паведаміў спадар Акулін.

А 3 лістапада ў Чырвоным касьцёле мае быць канцэрт памяці выбітнага паэта пакаленьня “Тутэйшых” з удзелам Касі Камоцкай, Лявона Вольскага і іншых слынных музыкаў. Яны будуць выконваць песьні на вершы Анатоля Сыса.
XS
SM
MD
LG