Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Будуць сапраўды традыцыйныя Дзяды”


Ганна Соўсь, Менск Сёньня ва ўправе Партыі БНФ адбудзецца шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да абвешчанага грамадзкасьцю Году памяці – адкрыцьцё выставы, прэзэнтацыя кнігаў пра гісторыю сталінскіх рэпрэсій і прэсавая канфэрэнцыя сяброў Грамадзкага камітэту для ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. А ў нядзелю 28 кастрычніка з нагоды Дня памяці продкаў адбудзецца шэсьце і мітынг у Курапатах.

Адзначэньне Дзядоў сёлета будзе традыцыйным, кажа прэсавы сакратар Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Валер Буйвал. Збор, як і ў мінулыя гады, ля гадзіньнікавага заводу і шэсьце з крыжамі і нацыянальнымі сьцягамі да ўрочышча Курапаты.

“Людзі будуць несьці новыя крыжы”

Менгарвыканкам і Менаблвыканкам далі дазвол на правядзеньне шэсьця і мітынгу. Як і заўсёды, на акцыю прыедуць актывісты Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ з рэгіёнаў.

“Будуць сапраўды традыцыйныя Дзяды. Людзі будуць несьці новыя крыжы, якраз падрыхтаваныя да Дня памяці продкаў. Адбудзецца мітынг, потым усталяваньне крыжоў, іх урачыстае асьвячэньне”.

Соўсь: “Як Вы мяркуеце, колькі людзей возьмуць удзел у акцыі?”

Буйвал: “Цяжка сказаць. Спадзяемся, што прыйдуць людзі, таму што ў такі дзень павінны людзі сабрацца разам і адзначыць гэты мэмарыяльны дзень”.

Напярэдадні нядзельнага шэсьця ў суботу ў Курапатах адбудзецца вялікая талака, на якой тэрыторыю ўрочышча канчаткова падрыхтуюць да правядзеньня мэмарыяльнай акцыі.

Пазаўчора ўвечары ў Курапатах быў нанава ўсталяваны адрэстаўраваны Крыж пакутаў. Чакаецца, што ў суботу можа быць усталяваная і “лава Клінтана” – мэмарыяльны знак “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці”, які гэтаксама быў апаганены невядомымі вандаламі.

“Калымскія амазонкі”

Сябры грамадзкага аргкамітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ад сёньня гэтаксама пачынаюць шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да 70-годзьдзя крывавага 1937-га – кульмінацыі сталінскіх рэпрэсій.

Сёньня ўвечары ва ўправе Партыі БНФ сярод іншага будуць прэзэнтавацца тры кнігі пра рэпрэсіі, выдадзеныя сёлета. Расказвае сакратар камітэту Ўладзімер Раманоўскі.

“Прэзэнтацыя трох кнігаў, трох аўтараў – “Ахвяры і карнікі” Леаніда Маракова, зборнік Якава Басіна пра рэпрэсіўную палітыку савецкай улады ў Беларусі і дакумэнтальная кніга Алены Кобец-Філімонавай “Калымскія амазонкі” пра беларускіх жанчынаў, якія прайшлі ГУЛАГ і Калыму”.

Уладзімер Раманоўскі кажа, што сябры грамадзкага камітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій возьмуць удзел і ў талацэ ў суботу і ў шэсьці ў нядзелю, што арганізоўваюць сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ.

На панядзелак сябры камітэту заплянавалі мітынг рэквіем у Курапатах, але нечакана сутыкнуліся з праблемай. Яны накіравалі раней заяўку на мітынг у Менгарвыканкам, і адтуль ім пазаўчора прыйшоў ліст, што з гэтай заяўкай трэба было зьвяртацца ў Менаблвыканкам, паколькі тэрыторыя Курапатаў знаходзіцца па-за межамі Менску. Уладзімер Раманоўскі лічыць, што тут парушана заканадаўства аб зваротах грамадзянаў.

“Нават у выпадку, калі грамадзяне зьвярнуліся не па адрасу, то ў 5-дзённы тэрмін адпаведная дзяржаўная структура павінна гэты зварот накіраваць на адрас, які лічыць правільным. Гэта не было зроблена. Была паўза, якая паставіла нас фактычна ў бязвыхадны стан. За 4 дні да мерапрыемства мы маем такі адказ. І ня ведаем, маем мы права праводзіць там мітынг ці не”.

У любым выпадку, кажа Уладзімер Раманоўскі, у сумны Дзень памяці 29 кастрычніка, калі ўлады будуць перашкаджаць правядзеньню мітынгу, сябры грамадзкага камітэту ня будуць абвастраць сытуацыю і проста ўскладуць вянкі, запаляць сьвечкі і абвесьцяць “хвіліну маўчаньня”.

Юрась Беленькі на онлайн-канфэрэнцыі: “Рэалізуецца доўгатэрміновая праграма па ліквідацыі беларусаў як нацыі”, 24.10.2007 “Лаву Клінтана” ў Курапатах плянуюць аднавіць да Дзядоў, 20.10.2007 Валеры Буйвал: “Крыж пакуты будзе адноўлены да Дзядоў”, 20.10.2007 Грамадзкі камітэт аднаўляе Крыж “Пакутнікам Беларусі", 13.10.2007 Ва ўрочышчы Курапаты маліліся пратэстанцкія сьвятары, 13.10.2007 Курапаты: паламалі галоўны крыж, які некалі прынесьлі ва ўрочышча ад будынку КДБ (Слайд-рэпартаж), 08.10.2007 А.Марачкін абнавіў каплічку ў Курапацкім лесе, 05.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG