Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ARCHE прэзэнтавала “Горадню пад ударам”


Міхал Карневіч, Горадня “Гарадзенскія восеньскія прэзэнтацыі” распачаліся сустрэчай з рэдактарам ARCHE, Валеркам Булгакавым, паэтам Андрэя Хадановічам і рэдактарам “Нашай Нівы” Андрэем Скурко. ARCHE прэзэнтавала свой новы нумар, які амаль цалкам прысьвечаны тэме разбурэньня гістарычных помнікаў Горадні. Збор артыкулаў у новым нумары часопіса так і называецца: “Горадня пад ударам”.

Я трошкі са спазьненьем прыйшоў у залю Таварыства Беларускай школы, што на Будзёнага 48а. Сёньня тут аншлаг, яблыку няма дзе ўпасьці, пераважна моладзь.

Пытаюся ў юнака, як высьветлілася старшакласьніка, чаму ён прыйшоў на сустрэчу.

Юнак: “Чым далей я вывучаю гісторыю Беларусі, тым больш разумею, што напісана ў нашых падручніках, у нашых газэтах, у нашыім тэлебачаньні. Таму мяне ўсё больш цікавіць сапраўдная гісторыя Беларусі, пра якую я магу пачуць толькі тут”.

Нас з боку націскае гарадзенскі гісторык Сяргей Піваварчык. Яму не дасталося сьвежага нумару ARCHE, раскупілі.

Піваварчык: “Я сёньня спэцыяльна заранёў зрабіў шмат спраў, каб прыйсьці і набыць новы нумар, але не дасталося, таму пакуль не магу казаць пра тое, што там напісана”.

Чуем, як праз мікрафон Андрэй Хадановіч аб’яўляе пра тое, што сёньня ў гарадзенскім унівэрсітэце кіраўніцтва забараніла ім на філялягічным факультэце правесьці прэзэнтацыю кнігі “Групавы партрэт з бабай Броняй”.

Хадановіч: “Сумна, што гэта адбылося ўпершыню. Тым ня менш кіраўніцтва філялягічнача факультэта выказвала з намі салідарнасьць і запрашала наведваць унівэрсітэт”.

Анрэй Хадановіч пачытаў вершы з кнігі “Групавы партрэт з бабай Броняй”.

А вось побач гісторык Андрэй Вашкевіч, адзін з аўтараў артыкулаў “Горадня пад ударам”. Пытаюся ці задаволены публікацыяй.

Вашкевіч: “Канешне, гэтая падборка, калі можна так сказаць, рабілася на калені. У прыватнасьці я, дакладна так пісаў, але паглядзеўшы, здаецца, атрымалася нядрэнна.

Уважліва слухаем, як рэдактар ARCHE тлумачыць, што падборку пра Горадню зьмясьцілі ў часопісе з тае прычыны, што гэта была адна з нешматлікіх грамадзянскіх ініцыятыў, калі грамадзтва здолела перамагчы лёгіку уладаў і прымусіць яе адмовіцца ад сваіх плянаў.

Яшчэ праз некалькі хвілінаў Валерка Булгакаў праціскаецца на вуліцу, каб дыхнуць сьвежым паветрам. Пытаюся, ці падабаецца яму атмасфэра ў гэтай гарадзенскай залі.

Булгакаў: “Горадня – гэта горад, дзе ARCHE і “Нашу Ніву” найлепш прымаюць і гэта фактычна з пачатку заснаваньня выданьняў”.

Нагадаю, што сустрэча падрыхтавана гарадзенскім рухам “За Свабоду!” у межах новай кампаніі “Гарадзенскія восеньскія прэзэнтацыі”. Мэта восеньскіх прэзэнтацый: пазнаёміць гарадзенцаў з новымі выданьнямі прысьвечанымі тэме Горадні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG