Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Полацкі сшытак” -- на новы лад


Радыё Свабода 25 кастрычніка ансамбаль салістаў “Клясык-Авангард” прэзэнтаваў новы канцэрт з сэрыі “Адраджэньне беларускай капэлы”. Канцэрт атрымаў назву “Залаты век музыкі Літвы і Кароны”. У малой залі Беларускай дзяржаўнай філярмоніі гучэлі творы XVI-XVIII стагодзьдзя, напісаныя прыдворнымі музыкамі беларускіх магнатаў.

У праграму сёньняшняга канцэрту трапілі творы прыдворнага лютніста караля Стэфана Баторыя Войцэха Длугарая, прыдворнага музыкі Жыгімонта Аўгуста Валянціна Бакфарка, Яна зь Любліна, а таксама Яна Давіда Голянда – ён кіраваў нясьвіскай капэляй у 1780-ыя гады. Некаторыя з гэтых імёнаў, якія сёньня мала што гавораць нават музыказнаўцам, у свой час мелі ўсясьветную вядомасьць. Так, немец Ян Давід Голянд быў аўтарам араторыі, якой дырыжаваў у 1769 годзе Філіп Эмануіл Бах. Апроч аўтарскіх твораў, выконвалі й “Полацкі сшытак”.

Але ж канцэрт “Залаты век музыкі Літвы і Кароны” – гэта хутчэй канцэрт “па матывах” твораў старадаўніх кампазытараў. Сучасныя беларускія кампазытары зрабілі свае аранжыроўкі опусаў XVI стагодзьдзя, стылізуючы іх пад раньняе барока. Апавядае мастацкі кіраўнік ансамблю “Клясык-Авангард” Уладзімер Байдаў, які сам займаўся гэтымі апрацоўкамі:

“Можа быць, канцэрт незвычайны тым, што калі, напрыклад, узяць любую табулятуру – “Полацкі сшытак”, творы Яна зь Любліну, дык звычайна гэта 18-16 тактаў, якія ўтвараюць песьню, альбо мэлёдыю. Яна не гарманізаваная. Чалавек, які пачынае знаёмства з гэтай музыкай, часьцей за ўсё гарманізуе яе, можа быць па-свойму, можа быць традыцыйна й такім чынам гэтая п’еса прадстаўляецца. У нас усе п’есы напісаныя фантазійна, яны шматгранныя, яны шматчастковыя. Так мы прадстаўляем і Яна зь Любліну, і Войцаха Длугарая й “Полацкі сшытак”. Гэта ўсё аўтарская рэдакцыя цалкам”.

Разам з тым, мяркуе спадар Байдаў, такія фантазіі паводле старадаўніх матываў, здольныя зацікавіць ня толькі звычайнага непадрыхтаванага слухача, але й прафэсіяналаў. Яны ні ў якім разе не падаюцца глянцавымі.

Асобнае месца ў праграме канцэрту занялі ўрыўкі з опэры Яна Давіда Голянда “Чужое багацьце нікому ня служыць”. Уладзімер Байдаў не выключае, што неўзабаве гэты твор паставяць у тэатры. Разам з “Клясык-Авангард” іх выконвалі выпускніца Беларускай акадэміі музыкі сапрана Алена Золава й саліст Беларускай опэры Юры Гарадзецкі.

Спадар Гарадзецкі лічыць, што паставіць “Чужое багацьце” на сцэне мэтазгодна:

“Гэта было б цікава ў любым выпадку, бо гэта нацыянальная музыка й гэта трэба ставіць, трэба сьпяваць. І гэта будзе цікава...”

Гл.таксама:

“Мэсія” вярнуўся на беларускую канцэртную сцэну

У Сынкавіцкай царкве сёньня гучаў “Магутны Божа”

Беларуская філярмонія шукае тэнара
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG