Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кінаагляд Максіма Жбанкова


Радыё Свабода Час шукаць лепшых сярод горшых. І зьвярнуць увагу на праект Таранціны і Радрыгеса «Грайндгаўз». Два кіно на адной хвалі – але вельмі розныя. «Доказы сьмерці» Таранціны раней трапілі ў наш чорны сьпіс. А вось Радрыгес са сваёй «Плянэтай жахаў» нечакана спадабаўся. Гісторыя пра атруту з вайсковай базы, здольную ператварыць сумленных грамадзян у крыважэрных пачвараў, нагадвае чорныя байкі піянэрскіх часоў. І таму гучыць амаль па-свойску. А першае зьяўленьне стрып-гёрл з аўтаматам замест нагі прымушае біць у ладкі і стагнаць ад зайздрасьці.

Героі супраць пачвараў – гэта клясычны сюжэт. Але трэба быць Радрыгесам, каб ператварыць яго ў шалёнае экстрэмальнае відовішча. У адрозьненьне ад Тараціны, Радрыгес – не імітатар, а нармалёвы кіношны адмарозак. Таму і фільм у яго атрымаўся бадзёры, жвавы і брудны – як сапраўдны рок-н-рол. Сапраўдныя кінаманы гарантавана атрымаюць свой кайф. Астатнім варта ўзгадаць, што кіно – гэта перад усім візуальны атракцыён. І не варта грэбаваць «грайндгаўзам». Бо гэта добра, калі зроблена шчыра і энэргічна.

Галоўнае адмоўнае ўражаньне – фільм Нікіты Міхалкова «Дванаццаць». Мастак і грамадзянін Міхалкоў наладзіў маральную экспэртызу расейскай рэчаіснасьці. І чамусьці выкарыстаў для гэтых мэтаў схему клясычнай амэрыканскай стужкі пра суд прысяжных.

Выдатныя акторы – сярод якіх Аляксей Пятрэнка, Сяргей Гармаш, Сяргей Макавецкі ды сам Міхалкоў – уяўляюць людзей, вымушаных вырашаць лёс чачэнскага хлопца. Але фактычна яны судзяць самі сябе. Перадоз патасу, састарэлыя публіцыстычныя прыёмы пачатку 90-х, банальныя высновы. Лепш бы яны насамрэч у шахматы згулялі.

А зараз - мой асабісты выбар гэтага тыдня. На сваёй найноўшай кружэлцы Ігар Варашкевіч з камандай раптам узгадалі пра бугі-стыль 70-х. І рукі самі пацягнуліся да дыску з выдатнай стужкай «Born to Boogie». Гэта найлепшы з фільмаў пра шалёных зорак глэм-року - Марка Болана і ягоных T.Rex. Шчыра кажучы, гэта далёка не шэдэўр. Здымкамі кіраваў Рынга Стар, а які з яго рэжысэр? І тым не менш, «Born to Boogie» - карысны дакумэнт назаўсёды страчанага часу. Бо Болан – з тых зорак, што спалілі сябе ўшчэнт. А нам дазволілі пагрэцца на вогнішчы.
XS
SM
MD
LG