Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларусы працуюць на пэнсіі?


Іна Студзінская, Менск У Беларусі на кожныя 100 працаўнікоў прыпадае 60 пэнсіянэраў. Зараз у краіне 2,5 мільёны пэнсыянэраў. Амаль кожны чацьверты працягвае працаваць. Больш тысячы працуючых пэнсіянэраў маюць за 80 гадоў, а некалькі дзесяткаў працуюць нават пасьля 90. Чаму беларуса так цяжка прымусіць сыйсьці на заслужаны адпачынак?

Беларускі пэнсіянэр у тры разы бяднейшы за польскага і ў дзевяць разоў -- за нямецкага. Аднак галоўны спэцыяліст Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Галіна Трафіменка кажа, што ёсьць і іншыя параўнаньні:

“Параўноўваць не зусім карэктна. Пэнсія ў Грузіі сёньня – 9 даляраў, а ў нас – 154 (маецца на ўвазе сярэдняя пэнсія па ўзросту). У нас ўсё залежыць ад заробку, ад стажу. А зараз мы ўводзім элемэнт назапашвальнай сыстэмы, пэнсія будзе залежыць ад ўплачаных страхавых унёскаў».

У Беларусі так званая салідарная пэнсійная сыстэма, калі у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва пералічваецца траціна фонду заробнай платы. І пэнсія тых, хто зарабляў шмат, і тых хто мала, розьніцца нязначна. У бальшыні краінаў зьмешаная пэнсійная сыстэма, ёсьць фонды, куды працаздольныя людзі робяць пералічэньні, каб на пэнсіі жыць годна. У Беларусі, як кажа спадарыня Трафіменка, ведамства зьбіраецца ўводзіць толькі асобныя яе элемэнты, дый тое асьцярожна:

«Для таго, каб перайсьці на гэтую сыстэму, павінен быць рынак каштоўных папераў, фінансавы рынак дастаткова моцны – павінны быць у дзяржавы грошы. Таму мы толькі пачынаем з элемэнтаў. Ёсьць у нас некалькі прыватных страхавых фондаў, якія на дабраахвотнай аснове прапануюць свае паслугі насельніцтву, і ёсьць у іх кліенты». У Казахстане, да прыкладу, дзьве траціны даверыліся менавіта прыватным фондам, і толькі адна траціна – дзяржаўным. У Расеі толькі 5% насельніцтва выплачваюць унёскі ў назапашвальныя пэнсійныя фонды. Таму, калі ёсьць магчымасьць, беларускія пэнсіянэры працягваюць працаваць, каб мець рэальныя грошы, -- робіць выснову эканаміст Міхал Залескі:

“Дзяржава спрабуе заахвоціць пэнсіянэраў: працаваць на пэнсіі, не атрымліваючы пэнсіі, а потым пэнсія будзе значна большай. Але тут мы натыкаемся на тое, што ідзе сацыяльная няўпэўненасьць: “Ці атрымаю я гэту павялічаную пэнсію?”. Зь іншага боку, узровень жыцьця такі, што і зарплаты не хапае людзям, якія працуюць, і пэнсіі не хапае. Таму і маем сытуацыю, калі людзі і працуюць, і пэнсію атрымліваюць, і не згаджаюцца на такія захапляльныя прапановы дзяржавы”.

Сярэдняя пэнсія па ўзросту ў Беларусі – 316 тысяч рублёў. Гэта з улікам верасьнёўскага падвышэньня на 7%. Ці можна пражыць на такія грошы, калі аплата за стандартную дзьвюхпакаёўку ў ацяпляльны сэзон -- 120 тысяч? Спадарыня: “Хтосьці зусім не працаваў, хтосьці ўсё жыцьцё працаваў, а пэнсія аднолькавая. Вось ў мяне муж кандыдат навук, і атрымлівае такую ж пэнсію, як і я”.

Спадар: “Трыццаць гадоў прапрацаваў на шкоднай вытворчасьці, на трактарным заводзе — сталяварам, мулярам. І хаджу па бункерах, зьбіраю бутэлькі. Бабулі, дзядулі таксама зьбіраюць”.

Бабуля: “Лічу несправядлівай пэнсію. Атрымліваю 140 тысяч, таму што ў свой час была звольненая з-за хваробы. Ці ж гэта справядліва?”

Спадарыня: “Я прапрацавала сорак адзін год, атрымліваю 316 тысяч пэнсіі. За кватэру трэба 120 тысяч заплаціць. А потым як жыць?”

Спадар: “Слаба дапамагаюць пэнсіянэрам. Ледзь канцы з канцамі сточваем”.

Бабуля: “Не, пэнсійная сыстэма няправільная, пакуль несправядлівая”.

Спадар: “Я заслужаны трэнэр Рэспублікі Беларусь. Атрымліваю такую ж самую пэнсію, як і прыбіральшчыца. Справядлівасьці няма”.

У Беларусі пра пэрспэктывы назапашвальнай сыстэмы казаць пакуль рана, таму людзям даводзіцца спадзявацца толькі на сябе, -- кажа Міхал Залескі:

«Назапашваньне ў Беларусі не атрымліваецца зноў жа з-за няўпэўненасьці людзей у стабільнасьці нашай валюты, у стабільнасьці нашай сыстэмы».

Дзяржава адзін-два разы на год падвышае пэнсіі. Але рост цэнаў значна апярэджвае гэтыя падвышэньні. Вось і сёлета, кажа галоўны спэцыяліст Мінпрацы Галіна Трафіменка, будзе яшчэ адно падвышэньне, але на колькі – невядома: «Гэтага я, выбачайце, не магу сказаць. Я ведаю лічбы, якія мы прапанавалі ўраду, але мы ня ведаем, што будзе на выхадзе, і як прэзыдэнт адрэагуе – гэта ж указам прэзыдэнта зацьвяржаецца. Таму я ня маю права агучыць».

Аляксандар Лукашэнка два гады таму назваў пэнсіянэраў “самай сьвядомай часткай грамадзтва і асновай стабільнасьці ў краіне. «У Беларусі, адрозна ад суседніх краінаў, пэнсіянэры не прад''яўляюць да ўлады вялікіх прэтэнзіяў, яны разумеюць, што краіне нялёгка,” – патлумачыў Лукашэнка. Але мяркуючы па апытаньні пэнсіянэраў напачатку досьледу, гэта ўжо ня так.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG