Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб захаваць жыцьцё, журналісты ўтойваюць сваю дзейнасьць


Юрась Бушлякоў, Прага Праца журналіста шмат дзе ў сьвеце спалучаная з штодзённай рызыкаю жыцьцю. Днямі Міжнародны жаночы мэдыяфонд уганараваў узнагародаю “За мужнасьць у журналістыцы” шэсьць ірацкіх жанчын, якія працуюць журналісткамі ў Багдадзе. Падчас цырымоніі ўручэньня ўзнагароды ірацкія журналісткі адмовіліся фатаграфавацца – каб захаваць жыцьцё, яны змушаныя старанна ўтойваць род сваёй дзейнасьці. Тым часам сёньня на поўдні Кіргізстану, у горадзе Ош, пахавалі ўзбэцкага журналіста Алішэра Саіпава – напярэдадні яго, крытыка ўзбэцкіх уладаў, застрэлілі на выхадзе з рэдакцыі.

Алішэр Саіпаў жыў і працаваў у кіргіскім Ошы – там ён выпускаў газэту “Siyosat” (“Палітыка”) і адтуль перадаваў рэпартажы для ўзбэцкай службы “Голасу Амэрыкі”. Жывучы ў Кіргізстане, Саіпаў актыўна пісаў пра карупцыю ў найвышэйшых эшалёнах узбэцкага грамадзтва, пра парушэньне правоў мусульманаў у Фэрганскай даліне, частымі суразмоўцамі журналіста былі чальцы забароненых узбэцкімі ўладамі рэлігійных групаў, напрыклад Ісламскага руху Ўзбэкістану.

Узбэк з паходжаньня, Алішэр Саіпаў таксама крытыкаваў актыўнае супрацоўніцтва паміж узбэцкімі і кіргіскімі ўладамі, сьцьвярджаўшы, што супрацоўнікі ўзбэцкіх спэцслужбаў адкрыта дзейнічаюць у паўднёвым Кіргізстане.

Учора 26-гадовага Саіпава застрэлілі ў паўднёвакіргіскім Ошы – застрэлілі, калі журналіст выходзіў з рэдакцыі газэты “Siyosat”. Сёньня ў Ошы Саіпава пахавалі.

Прэзыдэнт Кіргізстану Курманбэк Бакіеў заявіў, што бярэ расьсьледаваньне забойства журналіста пад асабісты кантроль.

Паводле апазыцыйнага ўзбэцкага палітыка Шахіды Якуба, які нядаўна сустракаўся з Саіпавам, застрэлены ўчора журналіст скардзіўся, што атрымліваў ананімныя пагрозы з патрабаваньнямі спыніць журналісцкую працу.

Аналягічныя патрабаваньні і пагрозы штодня атрымліваюць журналісты ў агорненым вайною Іраку. “Мы жывем падвойным жыцьцём. Ніхто з нашых сяброў і сваякоў ня ведае, чым мы займаемся”, – прызналася на цырымоніі ўручэньня ўзнагароды Міжнароднага жаночага мэдыяфонду ў Нью-Ёрку ірацкая журналістка Сахар Іса – кожную раніцу яна выходзіць з свайго багдадзкага дому з боязьзю, што ўжо ня вернецца туды назад.

Сёньня ў Страсбуры быў аб’яўлены сёлетні ляўрэат прэміі імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі” – ім стаў праваабаронца з Судану Салех Махмуд Усман. У ліку намінантаў на прэмію Сахарава была і застрэленая летась у Маскве расейская журналістка Анна Паліткоўская – выканаўцы і заказчыкі яе забойства дасюль ня сталі перад судом.
XS
SM
MD
LG