Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У які міжнародны суд могуць зьвяртацца беларусы?


Любоў Лунёва, Менск Сёньня ў Эўропе пяты раз адзначаюць эўрапейскі Дзень грамадзянскага правасудзьдзя, які заснавалі на ініцыятыву Рады Эўропы і Эўрапейскай камісіі. Мэта дня — даць больш інфармацыі 800 мільёнам грамадзянаў у 47 краінах-сябрах Эўразьвязу пра грамадзянскія правы й працу судовых органаў. Дзеля гэтага ў судах ладзяць дні адкрытых дзьвярэй, калёквіюмы, тэлетрансьляцыі. Як можна абараніць свае грамадзянскія правы ў Беларусі?

Грамадзяне Беларусі, якія дамагаюцца ў судовых інстанцыях абароны сваіх правоў і інтарэсаў, ня могуць разьлічваць на Міжнародны суд у Страсбуры, паколькі Беларусь не ўваходзіць у эўрапейскія структуры.

Адзінае выйсьце — зварот у ААН у Камітэт правоў чалавека ці ў Камісію супраць катаваньняў і гвалту.

Але, паводле працэдуры, грамадзянін, які зьвяртаецца ў структуру ААН, спачатку мусіць абскардзіць судовае рашэньне ў Вярхоўным Судзе і пракуратуры. Нават калі камісія ААН прыме рашэньне на карысьць грамадзяніна — яно мае характар толькі рэкамэндацыі для беларускіх уладаў.

Гаворыць юрыст, намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла:

“Ёсьць аанаўскія структуры, куды можна зьвярнуцца да спэцдакладчыкаў у справах зьніклых, катаваньняў, дыскрымінацыі. Тыя могуць зьвярнуцца да ўраду ці самі прыехаць. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі — гэта толькі маральная падтрымка ды грамадзкі розгалас. Але ўсё гэта неэфэктыўна. Эфэктыўных міжнародных інструмэнтаў для грамадзянаў Беларусі практычна няма”.

Няшмат беларусаў зьвяртаецца ў ААН. Праваабаронцы лічаць, што гэта зьвязана з малой інфармаванасьцю людзей. Напрыклад, найбольш зьвяртаюцца ў ААН галяндцы, але гэта не азначае, што ў Галяндыі сытуацыя ў галіне абароны правоў чалавека горшая, чым у Беларусі.

Былы палітвязень Валеры Леванеўскі мае досьвед абароны грамадзянскіх правоў у Беларусі. Ён прайшоў усе беларускія судовыя інстанцыі, падаў заяву ў ААН, каб адмяніць прысуд, паводле якога яго пакаралі двума гадамі зьняволеньня за абразу Аляксандра Лукашэнкі.

“Трэба зьвяртацца ня толькі дзеля таго, каб атрымаць палітычныя дывідэнды ці маральнае задавальненьне, але каб іншыя людзі, ці яны самі, другі раз не былі прыцягнутыя да адказнасьці. Трэба — бо розгалас пра гэтыя рашэньні будзе станоўча ўплываць на працэдуру разгляду справаў унутранымі судамі”.

Зінаіда Ганчар зьвярталася ня толькі ў ААН. Яна накіроўвала лісты расейскаму прэзыдэнту, а таксама прэзыдэнтам эўрапейскіх краінаў з просьбай прызначыць міжнародную сьледчую групу, каб даведацца пра лёс мужа Віктара Ганчара, якога скралі 16 верасьня 1999 году. Сёлета ў лістападзе пачнецца разгляд яе заявы ў ААН.

“Будуць разглядаць справу майго мужа. Ведаю, што гэтая структура ўвесь час робіць нейкія запыты ва ўрад Беларусі пра хаду сьледзтва. На жаль, пакуль таго выніку, на які б я разьлічвала, няма. Рэзалюцыяў прымалася шмат, але гэта заўсёды рэкамэндацыйны характар”, — кажа Зінаіда Ганчар.

У 2005 годзе ў ААН разгледзелі заяву беларускіх вернікаў-крышнаітаў. На рашэньне камісіі беларускія ўлады мусілі спыніць перасьлед вернікаў, прызнаць іхнае права на набажэнствы, зарэгістраваць суполку і нават даць ёй магчымасьць пабудаваць храм.

Рашэньне ААН беларускія ўлады мусілі надрукаваць у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Ніводнай з гэтых рэкамэндацыяў дагэтуль ня выканалі.

Грамадзяне Беларусі за апошнія дзесяць гадоў падалі ў ААН каля дваццаці заяваў — і амаль усе яны былі станоўча разгледжаныя камітэтамі ААН.

Напрыклад, Міхаіл Пастухоў выйграў справу аб незаконным звальненьні з Канстытуцыйнага суду; кіраўнік гомельскага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” Віктар Карняенка выйграў справу й дабіўся скасаваньня прысуду аб ліквідацыі арганізацыі.

Справы амаль усіх беларускіх палітвязьняў траплялі ў ААН, і рашэньні прымаліся на карысьць зьняволеных. Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў рэкамэндавала беларускаму правасудзьдзю тэрмінова адмяніць рашэньне й захозваць нормы міжнароднага права.


• Ці можна дамагчыся справядлівасьці ў беларускім судзе?, 25.10.2007 • Што можа Эўрапейскі суд па правах чалавека?, 25.10.2007
XS
SM
MD
LG