Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Квасьнеўскаму прапануюць стаць палітычным апекуном Беларусі


Уладзімер Глод, Менск Ідэя стварыць спэцыяльную групу мудрацоў, якая б сваім аўтарытэтам прымусіла Эўразьвяз заняцца беларускімі справамі, прагучала сёньня ў Вільні. Тут пачалася міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная плянаваным на восень 2008 году выбарам у Палату прадстаўнікоў. З такой прапановай выступіў былы міністар замежных справаў Літвы, цяпер намесьнік старшыні парлямэнцкага камітэту ў эўрапейскіх справах Антанас Валёніс. На ягоную думку, групу дасьведчаных і аўтарытэтных палітыкаў мог бы ўзначаліць былы прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі.

Сустаршыня Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Сяргей Калякін гаворыць, што яго калегі падтрымліваюць прапанову літоўскага экс-міністра:

“Гэта ўжо ня толькі ініцыятыва. Працэс ужо фактычна пачаўся. І такая група будзе створаная. Галоўнае — ёсьць інтарэс да Беларусі ў людзей, якія маюць вялікі досьвед палітычнай працы на вельмі-вельмі высокім узроўні.

Таму, я думаю, будзе някепска, калі яны папрацуюць і знойдуць нейкія новыя падыходы, каб дапамагчы станаўленьню дэмакратыі ў Беларусі. Я думаю, гэта рэальная справа”.

Яшчэ адзін сустаршыня Палітрады Анатоль Лябедзька адзначае, што прапанова спадара Валёніса не адмаўляе іншай ініцыятывы — правесьці спэцыяльную міжнародную канфэрэнцыю ў справах Беларусі. Яна можа зыходзіць ад Эўразьвязу.

Навошта патрэбная такая канфэрэнцыя, тлумачыць спадар Лябедзька:

“Пачаць рэальны перамоўны працэс у Беларусі. Не размовы пра дыялёг, які расьцягнуты ў прасторы й не абмежаваны часам — а ўвосень пад эгідай Эўразьвязу ды іншых міжнародных арганізацыяў з удзелам уладных структураў і аб’яднанай дэмакратычнай апазыцыі пачаць рэальны перамоўны працэс пра выбары, а ня іхную імітацыю ў Беларусі.

Пасьля канфэрэнцыі можна было б стварыць рабочую групу, якая б падрыхтавала зьмены ў выбарчае заканадаўства. Іх прынялі б увосень. І заставаўся б амаль год на падрыхтоўку і правядзеньне выбарчай кампаніі.

Адзіная ўмова, на наш погляд, — вызваленьне палітвязьняў. Таму што наяўнасьць людзей, якія сядзяць у турмах за свае палітычныя погляды, — гэта вельмі дрэннае тло для правядзеньня такога мерапрыемства. Тут шмат прадстаўнікоў амбасадаў. І рэакцыя ўдзельнікаў канфэрэнцыі пазытыўная”.

Заўтра канфэрэнцыя працягнецца. Ініцыявалі яе каля дзясятка палітычных партыяў Беларусі, Літвы й Швэцыі. Арганізавалі форум Швэдзкі лібэральны цэнтар і літоўскае грамадзкае аб’яднаньне “Дасьледаваньне мэдыяў і інфармацыйны цэнтар”.

• Беларускія апазыцыянэры зьбіраюцца ў Вільні, 25.10.2007
XS
SM
MD
LG