Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна дамагчыся справядлівасьці ў беларускім судзе?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Такое пытаньне задаваў наш карэспандэнт жыхарам беларускай сталіцы.

Гэтае апытаньне я рабіў побач з будынкам Вярхоўнага Суду Беларусі, на вуліцы Леніна.

Збольшага людзі не адмаўляліся выказаць сваё меркаваньне, толькі адна дзяўчына запыталася: ці не пасадзяць яе за гэта ў турму? Многія казалі, што ня маюць адказу, бо ніколі з судамі не сутыкаліся.

Спадар: “Мяркую, што не. Падзеі вакол і тое, што было са знаёмымі, гэта пацьвярджаюць”.

Спадарыня: “Мне здаецца, што ў Беларусі хто мае больш грошай, той і будзе выйграваць”.

Спадарыня: “Я не юрыст, ніколі з гэтым не сутыкалася”.

Студэнт: “Калі з палітычных меркаваньняў, то няма пытаньня — немагчыма. Судзьдзі не падтрымліваюць людзей з апазыцыйнымі поглядамі. Вось калі ў 2006 годзе разбурылі лягер апазыцыянэраў, то судзілі за пяць-сем хвілін. Мая знаёмая казала”.

Дзяўчына: “Мяркую, што магчыма. Па тэлебачаньні паказваюць, што ў нас ёсьць парадак”.

Яе сяброўка: “Не. Вось мы глядзім тое ж тэлебачаньне — у Расеі ўсё дрэнна, у нас усё добра. Як такое можа быць? На тэлебачаньні ўсё прыхарошваюць, і ў судах тое самае”.

Спадар: “Канечне. Калі ў чалавека ёсьць скаргі, можна зьвярнуцца ў суд. А што, ёсьць з гэтым праблемы? Я веру ў законныя рашэньні. Хоць суд гэта такое месца, дзе заўсёды нехта будзе не задаволены. Але галоўнае, каб вінаватага пакаралі. Але сам я не судзіўся”.

Пэнсіянэрка: “Я толькі што зьвярнулася па дапамогу ў суд. Як яно будзе, ня ведаю. Але сустрэлі мяне добра, і настрой падняўся”.

Спадарыня: “Калі крыху зьнізіць узровень карупцыі, то цалкам магчыма дасягнуць справядлівасьці ў судах. А карупцыя ў нас ёсьць паўсюль, нават наверсе”.

Студэнтка: “Калі будзе добры адвакат, калі справа будзе не палітычная, а эканамічная ці яшчэ якая. А палітычныя справы ў нас замоўчваюць, не выносяць на суд народу”.
XS
SM
MD
LG