Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Ізраілю вярнуўся ў Менск, а Паўла Якубовіча чакаюць у Тэль-Авіве


Іна Студзінская, Менск Аляксандар Лукашэнка дасылае ў Ізраіль свайго прадстаўніка, каб улагодзіць сытуацыю ў сувязі з выказваньнямі, якія ўспрынялі як антысэміцкія, піша сёньня ізраільская газэта “Jerusalem Post”. Амбасадар Беларусі ў Ізраілі Ігар Ляшчэня ў сераду даў інтэрвію, у якім паведаміў, што галоўны рэдактар прэзыдэнцкай газэты “Советская Белоруссия” Павал Якубовіч сустрэнецца з прадстаўнікамі міністэрства замежных справаў Ізраілю і журналістамі.

Прэсавы сакратар амбасады Беларусі ў Ізраілі Сяргей Рычэнка пацьвердзіў Радыё Свабода, што Паўла Якубовіча сапраўды чакаюць у Ізраілі:

“Вось у мяне перад вачыма ляжыць газэта “Jerusalem Post” — гэта адпавядае рэчаіснасьці. А вось калі ён прыедзе, сёньня альбо заўтра, пакуль невядома, ёсьць варыянты. Так, едзе Павал Ізотавіч Якубовіч да нас у госьці”.

Карэспандэнтка: “А што ў праграме спадара Якубовіча? Гэта афіцыйны, дзелавы, працоўны візыт?”

Рычэнка: “Яшчэ рана казаць пра праграму. Пакуль я не гатовы адказаць на гэтае пытаньне”.

Карэспандэнтка: “А хтосьці яшчэ — магчыма, прадстаўнікі МЗС — едзе? Ці ён едзе адзін?”

Рычэнка: “Мне не вядома. Я магу пацьвердзіць толькі адно: інфармацыя, зьмешчаная ў газэце “Jerusalem Post”, адпавядае рэчаіснасьці”.

“Jerusalem Post” піша, што беларускі амбасадар у Ізраілі Ігар Ляшчэня спадзяецца: візыт пасланьніка прэзыдэнта адкрые новы этап у стасунках паміж Ізраілем і Беларусьсю.

Газэта паведамляе пра сустрэчу амбасадара Ляшчэні з новым намесьнікам кіраўніка дэпартамэнту Ўсходняй Эўропы і Эўразіі МЗС Ізраілю Піні Авіві, падчас якой абмяркоўвалі візыт Паўла Якубовіча ў Ізраіль.

А вось Міністэрства замежных справаў Беларусі не паведамляе, навошта ў Ізраіль едзе галоўны рэдактар “Советской Белоруссии”.

Прадстаўніца прэсавай службы МЗС параіла:

“Падаецца мэтазгодным шаноўнаму Паўлу Ізотавічу патэлефанаваць і запытацца, што ён узначальвае”.

Карэспандэнтка: “Але прадстаўнікі МЗС не выяжджаюць цяпер у Ізраіль?”

Прадстаўніца прэс-службы: “У нас такой інфармацыі пакуль што няма”.

Галоўны рэдактар “Советской Белоруссиі” Павал Якубовіч ня стаў адказваць на пытаньне Радыё Свабода наконт візыту ў Ізраіль.

Пасольства Дзяржавы Ізраіль у Беларусі паведаміла Радыё Свабода, што выдала візу спадару Якубовічу:

“Учора Павал Якубовіч зьвяртаўся па візу. Учора ён яе і атрымаў. Сапраўды, і спадар амбасадар казаў, што спадар Якубовіч едзе”.

Дарэчы, пасьля тыднёвага адпачынку ў Менск вярнуўся амбасадар Зэеў Бэн-Ар’е, паведамілі ў амбасадзе Дзяржавы Ізраіль у Беларусі:

“Спадар амбасадар вярнуўся ў Беларусь учора ўвечары, сёньня ён ужо на працы”.

• Якубовіч ляціць у Ізраіль як пасланьнік прэзыдэнта?, 25.10.2007 • МЗС Беларусі: “Амбасадар Беларусі ў Ізраілі Ігар Ляшчэня ўжо ўсё сказаў”, 22.10.2007
XS
SM
MD
LG